Колькі гучных імёнаў...
08.02.2012
—
Новости Общества
|
Трапіць у штат "Звязды", старэйшай і галоўнай газеты рэспублікі, органа ЦК Кампартыі Беларусі, Вярхоўнага Савета і Савета Міністраў БССР, лічылася вялікім гонарам. Гэтым быццам канчаткова сцвярджаўся журналісцкі прэстыж. Таму і прыходзілі ў рэдакцыю ўжо сталыя прафесіяналы, з жыццёвым і творчым вопытам, якія добра паспыталі газетнага хлеба. Іван Навуменка, Віктар Карамазаў, Барыс Стральцоў, Васіль Пышкоў, Аркадзь Тоўсцік, Міхаіл Дзялец, Іван Сіманоўскі, Янка Казлоў, Алесь Траяноўскі, Раіса Самусенкава, Вольга Пілецкая, Тамара Муха, Рыгор Сяргеенка, Аркадзь Кукарэка, Уладзімір Кузьмянкоў, Мікалай Філімонаў, Васіль Нікалаенка, Навум Юшпрах, Ілья Турэцкі, Леанід Сузін, Аляксандр Калеснік, Георгій Філончык, Мікалай Васілеўскі, Мікалай Астаневіч... На жаль, усіх пералічыць проста немагчыма. Яны ў розны час, на розных пасадах высока неслі сцяг "Звязды". У сваю чаргу "Звязда" ўзнімала іх аўтарытэт, вылучала, надавала вядомасць не толькі ў журналісцкім асяроддзі. Нездарма многія сталі вядомымі літаратарамі, навукоўцамі, кіраўнікамі іншых выданняў і ўстаноў. З некаторымі з іх пашчасціла працаваць і мне, шмат чаму вучыцца ў іх. А першае знаёмства са "Звяздой" адбылося, бадай, калі толькі чытаць навучыўся. Газету выпісваў бацька, курыць ён не курыў, на самакруткі не выкарыстоўваў, таму стосік яе заўсёды ляжаў на акне. Вось і прыахвоціўся я гартаць з нейкім дзіўным пахам старонкі. Адкуль было ведаць, што гэта друкарская фарба. Асабліва падабалася, калі пісалі пра родны Барысаўскі раён. Нават і сёння памятаю карыкатуру: "Надышоў люты, а конь не падкуты". На санях тады вазілі торф і гной. Не надта ўвішна, ды яшчэ і конікі-дахадзягі не дагледжаны. Хіба магло цюкнуць у дзіцячую галаву, што праз гады і мне давядзецца на знаёмых старонках пракладваць "маршруты ўрадлівасці", змагацца за важкі ўраджай, заклікаць працоўных на выкананне "напружаных планаў пяцігодкі"... А пакуль — пераддыпломная практыка ў газеце, якая стане роднай на ўсё жыццё. Пасля асабістага знаёмства крышку мітуслівы, з сівым вожыкам на галаве старшы літсупрацоўнік аддзела эканомікі прамысловасці Анатоль Астрэйка зняў акуляры, хукнуў на шкельцы, працёр іх насоўкай. — Ты, старына, бачу, на жыццё глядзіш ужо не скрозь ружовыя акуляры, пакруціўся ў раёнцы, дык круці давай гайкі і балты, — усміхнуўся прыязна, добразычліва. — Напачатку збегай на трактарны, там хутка выпусцяць мільённы экзэмпляр. Зрабі рэпартаж. Заданне было выканана, матэрыял з'явіўся ў газеце на першай старонцы. Амаль без правак. — З гайкамі атрымалася, цяпер сукай ніткі, — Анатоль Іосіфавіч прыпаліў "беламорыну", даў нейкія паперкі. — Пазнаёмцеся — тут пра "дагавор тысяч" — і шнуркуй на камвольны. "Дагавор тысяч" — гэта спаборніцтва сумежнікаў па ўсім Саюзе за бездакорнае выкананне сваіх абавязацельстваў перад партнёрамі. На Мінскім камвольным камбінаце мяне "прасвятлілі" на гэтую тэму даволі грунтоўна, здавалася, нават хацелі чымсьці дагадзіць. Чаму? Стала зразумела пасля сустрэчнага пытання: "А Мая Міхайлаўна не сваячка вам?". Аказалася, Мая Міхайлаўна Шлома была сакратаром парткама. Але на той момант яе некуды выклікалі. Пазнаёміліся мы з ёю значна пазней. Сваяцтва не вызначылі. Яна — з Гомельшчыны, а вось бацька з нашых, барысаўскіх мясцін, знайшлі і агульных знаёмых. Практыка аказалася паспяховай, публікацый сабралася дастаткова. Што і адзначыў кіраўнік практыкі Іван Іванавіч Сачанка, цяперашні доктар навук, прафесар інстытута журналістыкі БДУ. А неўзабаве пасля абароны дыпломаў з блаславення другога доктара навук і прафесара, незабыўнага Барыса Васільевіча Стральцова, рэдактар Аркадзь Апанасавіч Тоўсцік падпісаў чырвонае пасведчанне, на якім золатам было выціснута: "Звязда". Далёкі і такі блізкі 1973 год... Мікалай ШЛОМА, супрацоўнік "Звязды" 1973—1985 гг. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Трапіць у штат "Звязды", старэйшай і галоўнай газеты рэспублікі, органа ЦК Кампартыі Беларусі, Вярхоўнага Савета і Савета Міністраў БССР, лічылася вялікім... |
|