Што табе падарыць, чалавек мой дарагі? або Сем рамантычных ідэй да свята закаханых. 21.by

Што табе падарыць, чалавек мой дарагі? або Сем рамантычных ідэй да свята закаханых

14.02.2012 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Заморскае свята Валянціна, альбо Дзень усіх закаханых, даўно і трывала пусціла карэньчыкі ў свядомасць беларусаў. Без паштовак-валянцінак гэты дзень ужо не ўяўляюць нават малодшыя школьнікі, а колькасць рознай чырвона-рамантычнай драбязы, якая з'яўляецца ў продажы напярэдадні, набліжаецца да маштабаў гандлю сувенірамі перад Новым годам. Атрымаць віншаванне ў выглядзе дзяжурнага сувеніра-сэрцайка ці плюшавага мядзведзя прыемна, але не надта запамінаецца. Як аказалася, самыя арыгінальныя віншаванні каштуюць нямала загубленых у роздумах мазгавых клетак, нерваў і грошай.

1. Жывы матылёк

Уявіце, што пасярод лютаўскай сцюжы ў кватэры вашай каханай асобы раптам пачне лётаць самы сапраўдны яркі трапічны матылёк, а то і некалькі. Уражвае? Менавіта такі казачны момант падгледзела адна мая знаёмая ў нейкім замежным фільме і настойліва марыць пра ажыццяўленне яго ўжо амаль год.

Як аказалася, такое задавальненне, як падарунак у выглядзе жывога матылька, можна атрымаць і ў Беларусі.

Тэлефаную, каб пацікавіцца, што ж гэта за такі матыльковы цуд:

— Можаце замовіць у нас салют з матылькоў, а можаце набыць аднаго матылька, які будзе сядзець у канверце, пакуль яго не выпусцяць, — пачалі тлумачыць мне.

Калі замовіць салют (у сярэднім з каробкі выпускаюць 20 насякомых, якія разлятаюцца па памяшканні і паспяхова могуць жыць там яшчэ некалькі дзён), за аднаго матылька прыйдзецца аддаць 20 долараў. Экзатычнае насякомае ў канверце будзе каштаваць даражэй — 35 долараў. Што ж, якраз той выпадак, калі ахвяруеш чым заўгодна дзеля кахання.

2. Фотасесія "lоvе stоrу"

Схільныя верыць у прыкметы і прымхі кажуць, што закаханай пары лепей не фатаграфавацца разам да вяселля. Але з рознымі забабонамі працуе толькі адна заканамернасць: хто верыць, у таго і збываецца.

Таму наладзіць рамантычную фотасесію — нядрэнная ідэя для свята закаханых. Сёння шматлікія фатографы прапануюць такую паслугу. Калі вы хочаце ёй скарыстацца, варта зайсці ў любую фотастудыю альбо пашукаць кантакты ў інтэрнэце.

Кошт залежыць ад колькасці здымкаў і асабістых амбіцый фатографа. Прынамсі, калі цікавілася гэтым падчас падрыхтоўкі матэрыялу, удалося знайсці прапанову ад фатографа-прафесіянала, у якога мінімальная сума — 50 долараў за 7 здымкаў, і магчымасць скарыстацца паслугамі фатографа-пачаткоўца, які меў нядрэннае партфоліа і за сваю працу прасіў 180 тысяч беларускіх рублёў.

3. Музыкі пад балконам

Адразу ўспамінаюцца фільмы пра Сярэднявечча, дзе героі ў смешных капелюшах па начах хадзілі пад вокнамі ў прыгажунь і спявалі, як умелі, пра свае пачуцці.

Сучасным рыцарам, па-першае, не абавязкова парушаць чыйсьці спакой ноччу, па-другое, не ўсіх прырода надзяліла талентам музыкі, таму спяваць ці граць самастойна дзеля захавання нерваў каханай і яе суседзяў таксама неабавязкова.

Калі ў вас ёсць знаёмыя музыкі, праблема вырашаецца сама сабой. Калі ж не, найбольш бюджэтны варыянт — пашукаць іх сярод студэнтаў-музыкантаў.

З коштам — як атрымаецца дамовіцца. Студэнт Акадэміі музыкі, якога мне ўдалося знайсці праз знаёмых, прасіў за паўгадзіны ігры на скрыпцы пад балконам у любой частцы горада 50 тысяч рублёў.

4. Рамантычная картатэка

Усе прыемнасці, якія хочацца сказаць, калі чалавека апаноўвае рамантычны настрой, у галаве не змесціш. "Калі ласка, павольней! Я запісваю!" — скажаце вы свайму мозгу і пачнеце ажыццяўляць яшчэ адзін спосаб неардынарнага віншавання каханай ці каханага.

Усё, што патрэбна — рознакаляровыя стыкеры, якія можна набыць у любой канцылярскай краме, і асадка ці маркер. Пішыце на лістках прыемныя словы, агульныя ўспаміны, зразумелыя толькі вам асацыяцыі. Чым большай будзе картатэка, тым большую плошчу атрымаецца ператварыць у рамантычную тэрыторыю . Можаце заклеіць стыкерамі сцены ў пакоі, дзверы кватэры, пад'езд, ды што заўгодна! Такі ўзор дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва дакладна застанецца ў памяці.

5. Урокі танга

Стаць на некаторы час аргенцінскімі сіньёрам і сіньярытай, якія з непаўторным захапленнем танчаць на паркеце — чым не магчымасць падараваць цуд. Да таго ж заняткі танцамі дапамагаюць зняць стрэс пасля працоўнага дня і спрыяюць добраму настрою.

Як расказалі ў адной са школ танга ў Мінску, аднаго ўрока, падоранага на 14 лютага, наўрад ці дастаткова, каб адчуць усю прыемнасць і захапляльнасць танга. Таму калі ўжо сур'ёзна падыходзіць да гэтай справы, варта набываць абанемент мінімум на месяц. Кошт такога задавальнення для пары — 280 тысяч рублёў.

6. Вечар за мяжой

Правесці вечар у Італіі, Іспаніі, Бразіліі ці дзе заўгодна можна без віз і пералётаў. Напярэдадні 14 лютага адпраўце каханаму чалавеку запрашэнне на вечар у якім-небудзь замежным стылі і пачынайце рыхтавацца.

Напрыклад стварыць тую ж Іспанію ва ўмовах звычайнай беларускай кватэры можна з дапамогай гітарнай музыкі, Італія атрымаецца, калі пастарацца і прыгатаваць пару-тройку нескладаных страў з італьянскай кухні. Узровень палёту думкі і вынаходлівасці, а таксама бюджэт такога віншавання — на ваш густ.

7. Святочныя слоікі

Не, у знак вечнага кахання зусім не трэба закручваць у іх гуркі, памідоры ці варэнне. Звычайныя шкляныя слоікі, якія ўсе прызвычаіліся выкарыстоўваць менавіта для гэтых мэтаў, можна ператварыць у прыгожыя свяцільнікі. Дастаткова набыць свечкі, якія могуць змясціцца ў слоік, і знайсці розныя дробязі для аздаблення: пацеркі, стужкі, зерне кавы, фарбы для роспісу шкла і г.д.

Такія свяцільнікі, якія будуць існаваць толькі ў адзінкавым экзэмпляры, стануць цудоўнай заменай стандартным сувенірам, што стаяць на паліцах крам.

Зычу ўсім у віншаванні на свята Валянціна паспяхова ўвасобіць свае самыя пяшчотныя пачуцці , але не забывайцеся, што, каб дэманстраваць іх, зусім не абавязкова чакаць нейкага аднаго спецыяльнага дня ў годзе.

Ганна ГАРУСТОВІЧ.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Заморскае свята Валянціна, альбо Дзень усіх закаханых, даўно і трывала пусціла карэньчыкі ў свядомасць беларусаў. Без паштовак-валянцінак гэты дзень ужо не...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика