РОЗГАЛАС. 21.by

РОЗГАЛАС

24.02.2012 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

У панядзелак уначы да мінус 12

Апошнія дні тыдня пройдуць у нашай краіне пад знакам атлантычных цыклонаў, паведаміла рэдакцыі спецыяліст Рэспубліканскага гідраметцэнтра Мінпрыроды Вольга ФЯДОТАВА.

У пятніцу будуць назірацца ападкі ў выглядзе мокрага снегу і дажджу, на асобных участках дарог галалёдзіца. На паўднёвым захадзе краіны захаваецца моцны вецер парывамі да 15-20 м/с. Тэмпература паветра ўдзень 0 — плюс 5, у Брэсцкай вобласці — да плюс 7 градусаў.

І ў суботу будзе ісці мокры снег, месцамі дождж, слабы галалёд, на асобных участках дарог галалёдзіца. У паўднёвай палове Беларусі часам будзе назірацца моцны вецер парывамі да 15-20 м/с. Тэмпература ўначы на суботу ад мінус 4 да плюс 1 градуса, удзень — ад мінус 2 да плюс 4.

Прагназуецца, што ў нядзелю стане на два-тры градусы халадней. Часам будзе ісці снег, месцамі магчыма мяцеліца, на дарогах галалёдзіца. Тэмпература паветра на працягу сутак будзе вагацца ад мінус 5 па паўночным усходзе да плюс 2 градусаў па паўднёвым захадзе Беларусі.

У пачатку наступнага тыдня атмасферны ціск павялічыцца і ападкаў стане менш. Кароткачасовы снег чакаецца толькі месцамі. Уначы на панядзелак падмарозіць да мінус 5-10 градусаў, пры праясненнях да 12-17 градусаў ніжэй за нуль. Тэмпература ўдзень 0 — мінус 7, па паўднёвым захадзе Брэсцкай вобласці — ад 0 да плюс 2 градусаў.

Паводле папярэдніх прагнозаў, ужо ў сярэдзіне наступнага тыдня чарговы атлантычны цыклон зноў прынясе нам снег, а тэмпература паветра ўдзень у сераду будзе ўжо каля нуля.

Сяргей КУРКАЧ.

Людзьмі года звацца

У Магілёве 23 лютага адбылася ўрачыстая цырымонія прысуджэння спецыяльнай прэміі Магілёўскага аблвыканкама "Чалавек года" паводле леташніх вынікаў.

Прэміі прысуджаны 15 чалавекам, якія выявілі сябе ў вытворчай і невытворчай сферы, грамадска-палітычнай дзейнасці. Сярод лаўрэатаў прэміі — вядомыя ў рэгіёне людзі: напрыклад, начальнік Круглянскай ПМК-266 Мікалай Патрончык, дырэктар ЗАТ "Вялікія Славені" Шклоўскага раёна Мікалай Качанаў, загадчык дзіцячага інфекцыйнага аддзялення Магілёўскай бальніцы № 1 Мікалай Буракоўскі, выхавацель дзіцячага дома сямейнага тыпу з Клічава Маргарыта Кундзікава, загадчык кафедры археалогіі і спецыяльных гістарычных дысцыплін Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.Куляшова Ігар Марзалюк і іншыя.

За свае дасягненні ў працы ўсе лаўрэаты атрымалі значныя грашовыя прэміі, а іх партрэты цэлы год будуць красавацца на Дошцы гонару ў цэнтры Магілёва.

Ілона Іванова.

У Мінску патаннее бульба

А таксама буракі, морква і капуста. Мінскае ўнітарнае прадпрыемства "Партызанскае" вырашыла з 27 лютага па 27 сакавіка паменшыць аптова-адпускныя кошты на гародніну ўраджаю 2011 года.

Як патлумачыла карэспандэнту "Звязды" першы намеснік дырэктара УП "Патрызанскае" Алена Бердніковіч, гэта зроблена для таго, каб лепей забяспечыць насельніцтва бульбай і гароднінай. Сёлета на прадпрыемстве для рэалізацыі гэтай мэты ўпершыню вырашылі правесці эксперымент са змяншэннем цэн.

Цяпер у крамах Мінска ў вышэйакрэслены тэрмін можна аддаваць за гародніну суму ў сярэднім меншую на 27%. Бульба будзе каштаваць 1610, буракі — 1350, морква — 1910, а капуста — 1450 рублёў. Сённяшнія цэны на гэтую прадукцыю: бульба — да 3100, буракі — да 3000, морква — да 3500, і капуста — да 2500 рублёў.

Ганна ГАРУСТОВІЧ.

"Паліва" для курцоў у чарговы раз "пацяжэла"

Як ужо пісала раней "Звязда", у сувязі са змяненнем з пачатку года механізму рэгулявання рознічных цэн на тытунёвыя вырабы, цяпер яны могуць змяняцца тэарэтычна кожны месяц. Прынамсі, гэтае прадказанне збываецца ўжо трэці раз запар: з 1 сакавіка "паліва" для курцоў зноў змяняе свой цэннік.

Як і ў папярэднія разы, з першага дня першага месяца вясны падаражэюць асобныя маркі цыгарэт. Павялічэнне коштаў на гэты раз складзе ад 2,6 да 12,1 працэнта. Нагадаем, што з пачатку студзеня цыгарэты "патаўсцелі" ў цане ў сярэднім на 2-29 працэнтаў, у лютым — на 3-15 працэнтаў. Цяпер павялічэнне рознічных цэн закране, як і раней, некаторыя маркі імпартных і айчынных тытунёвых вырабаў.

Нагадаем коратка, што калі раней рознічныя цэны на цыгарэты рэгуляваліся пастановамі Міністэрства эканомікі, дык з пачаткам года яны вызначаюцца ў адпаведнасці з Падатковым кодэксам. Пра змяненне кошту павінны інфармаваць падаткаплацельшчыкі: вытворцы і імпарцёры. Такую інфармацыю яны павінны падаваць не больш за адзін раз на месяц і гэтай заяўленай цаной увесь месяц павінны карыстацца гандлёвыя арганізацыі.

Сяргей РАСОЛЬКА.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Апошнія дні тыдня пройдуць у нашай краіне пад знакам атлантычных цыклонаў, паведаміла рэдакцыі спецыяліст Рэспубліканскага гідраметцэнтра Мінпрыроды Вольга...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика