Вуліцы сталічнай Лошыцы - гістарыязнаўчы куток
28.02.2012 09:26
—
Новости Общества
|
Вуліцы сталічнай Лошыцы - гістарыязнаўчы куток Трохі больш за 10 гадоў таму ў мікрараёне Лошыца з'явілася новая вуліца. Дакладней, не зусім новая, проста старая змяніла назву. Але такая, здавалася б, невялікая перамена прывяла да таго, што на карце горада з'явіўся новы жылы раён. Размова ідзе пра Ігуменскі тракт, які з'яўляецца працягам вуліцы Маякоўскага.
За савецкім часам ён насіў спачатку такую ж назву (Маякоўскага), а потым быў перайменаваны ў вуліцу Чыжэўскіх — у памяць пра сям'ю падпольшчыкаў, якую непадалёк адсюль расстралялі фашысты ў 1943-м. У 90-я вуліцу Чыжэўскіх перанеслі бліжэй да месца таго самага расстрэлу і ўсталявалі помнік падпольшчыцам. А праезд да кальцавой дарогі быў названы Ігуменскім трактам. "Чаму Ігуменскі тракт?" — пытаемся ў мясцовай жыхаркі. "Нават не ведаю... Непадалёк касцёл ёсць, можа, з-за гэтага?" Жанчына памыляецца. Ігуменам да 1923 года называўся цяперашні горад Чэрвень. Таму мясцовы касцёл тут ні пры чым. Але ж вуліца скіравана на поўдзень. А Чэрвень знаходзіцца на паўднёвым усходзе ад Мінска. Навошта называць Ігуменскім трактам вуліцу, якая вядзе ў Калядзічы — не зусім у той бок? У правільнасці выбару назвы вуліцы пераконвае дасведчаны ў пытаннях мясцовай гісторыі мужчына: "Мой дзед, які жыў у Чэрвені, казаў, што сапраўды недзе тут пралягала дарога-"гравейка", якая вяла ў былы Ігумен. Проста ішла яна не прама, а абгінала цяперашні Заводскі раён і выходзіла на ўсход". Але чаму многія мясцовыя жыхары (згаданая ў самым пачатку жанчына была не адзінокай у сваёй недасведчанасці) не ведаюць гісторыю назвы ўласнага месца жыхарства? Паспрабуем разабрацца. Сам тракт пачынаецца там, дзе ўжо згаданая вуліца Чыжэўскіх перасякае вуліцу Маякоўскага. Трэба заўважыць, што Ігуменскі тракт суседнічае з сапраўды гучнымі імёнамі беларускіх гістарычных асоб. У самым пачатку разам з вуліцамі Паўла Шпілеўскага (беларускі пісьменнік-этнограф, публіцыст, тэатральны крытык сярэдзіны ХІХ стагоддзя), Уладзіслава Сыракомлі (беларускі і польскі паэт, драматург) і Язэпа Гашкевіча (рускі дыпламат, даследчык Кітая і Японіі, які нарадзіўся і вырас у Беларусі) Ігуменскі тракт утварае вялікі жылы масіў. Атрымліваецца гэткі гістарыязнаўчы куток. Аддзячым і тым, хто паклапаціўся пра шыльды, якія паведамляюць прыезджым і, у першую чаргу, самім жыхарам, на вуліцы чыйго імя яны жывуць. Але, на жаль, гэтымі шыльдамі ўшанаванне памяці нашых славутых продкаў і завяршаецца. Дарэчы, у Беларусі няма ніводнага музея вышэйназваных дзеячаў — магчыма, яго варта было б стварыць менавіта тут? Трохі далей Ігуменскі тракт перасякаюць вуліцы Янкі Лучыны і Прушынскіх. І калі са звесткамі пра асобу беларускага паэта ў жыхароў праблем няма — маладая мама з каляскай паведаміла, што тут ёсць ажно дзве шыльды, якія пра яго распавядаюць, — дык з прозвішчам Прушынскіх у мінчан адчуваецца пэўны "інфармацыйны голад". На просьбы назваць якую-небудзь мясцовую выбітнасць мінакі ківалі ў бок Лошыцкага парку. Менавіта гэты род быў уладальнікам сядзібы на яго тэрыторыі. Тут жа знаходзіцца і сямейная пахавальня роду. Прушынскіх увогуле можна назваць культурнымі асветнікамі Лошыцы, асабліва ў плане архітэктуры. Як відаць, веды мясцовых жыхароў пра свой маленькі куток не надта значныя. Вялікую справу ў сферы краязнаўчага асветніцтва ў Лошыцы робіць сярэдняя школа № 222. Намеснік дырэктара па выхаваўчай працы СШ № 222 Святлана Іванаўна Знак: — На класных і інфармацыйных гадзінах вучні даведваюцца пра гісторыю стварэння мінскіх вуліц. Больш дэталізаваную краязнаўчую інфармацыю старшакласнікі атрымліваюць на ўроках гісторыі Беларусі. Бываюць і пазакласныя мерапрыемствы: напрыклад, сёння да нас з выставай прыехаў Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры. Дарэчы, такія візіты ў нашай школе здараюцца часта: супрацоўнікі музеяў прывозяць невялікую частку сваёй экспазіцыі, каб заахвоціць дзяцей самастойна прыйсці і паглядзець астатняе. — Школа знаходзіцца на вуліцы Янкі Лучыны, ці надаецца нейкая асобная ўвага гэтаму дзеячу? — У пэўнай ступені, так. У кабінеце беларускай літаратуры — невялікая выстава, прысвечаная менавіта гэтаму паэту. Кожны вучань, ёсць у яго на тое жаданне ці не, за 11 гадоў навучання зверне ўвагу на гэтую выставу і, спадзяёмся, зацікавіцца. Але, на вялікі жаль, пакуль што мы не можам дазволіць сабе большага, чым такая невялікая экспазіцыя. Бо адкрыццё імянной аўдыторыі — гэта заўсёды грошы, і не маленькія. — А Прушынскія? Вуліца іх імя таксама недалёка, і да Лошыцкага парку рукой падаць... — Працуем і ў гэтым кірунку. Настаўнікі сумесна з вучнямі займаюцца даследчыцкай працай у парку, плён яе вынікаў — школьная выстава. Гэтая праца выйшла за межы самога Лошыцкага парку і захапіла бліжэйшыя вуліцы: Лучыны, Сыракомлі, іншыя. Святлана Іванаўна паказвае папкі з надпісамі: "Вуліца Лучыны", "Вуліца Чыжэўскіх", "Вуліца Прушынскіх", у якіх сабраныя матэрыялы. Ці могуць такія мерапрыемствы сапраўды даць пазітыўныя вынікі? Безумоўна, анкетаванне, праведзенае намі сярод вучняў 8-га класа школы засведчыла: амаль усе рэспандэнты далі больш-менш правільныя адказы на пытанні: "Чаму вуліца Ігуменскі тракт носіць такую назву?", "Хто такі Янка Лучына?" і "У гонар каго названая вуліца Прушынскіх?". Можа, сапраўды, мае сэнс больш распавядаць пра вядомых беларусаў у школах? А што рабіць з дарослымі? Рэдкі чалавек на вуліцы даў адэкватныя адказы на ўсё тыя ж тры пытанні. Ведаць сваю гісторыю павінны не толькі дзеці... Менавіта такім мы ўбачылі Ігуменскі тракт і прылеглыя да яго вуліцы.Упэўнена скажам, што сучаснаму беларусу для паўнавартаснага жыцця мала толькі крамы і цырульні непадалёк ад дома. Хто-хто, а беларусы цікавяцца сваёй гісторыяй. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Трохі больш за 10 гадоў таму ў мікрараёне Лошыца з'явілася новая вуліца. Дакладней, не зусім новая, проста старая змяніла назву. Але такая, здавалася б, невялікая...
|
|