Паслуга з дастаўкай на дом. 21.by

Паслуга з дастаўкай на дом

29.02.2012 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

На Гродзенскім райбыткамбінаце заняліся зусім не традыцыйнай для бытавікоў дзейнасцю, а менавіта вырабам жалезабетонных агароджаў, нарыхтоўкай драўніны, паслугамі па апрацоўцы зямельных участкаў... Чым гэта абумоўлена? І ці вартая аўчынка вырабу?

У склад райбыткамбіната, акрамя атэлье "Маладзёжная мода", цырульні і цэха рытуальных паслуг у Гродне, уваходзіць 20 структурных падраздзяленняў у сельскай мясцовасці. Разам з начальнікам вытворча-тэхнічнага аддзела Марынай КУДЗЕЛЯЙ накіроўваемся ў Азёры.

— У былыя часы, — прыгадвае загадчыца тутэйшага комплекснага прыёмнага пункта Святлана ЮРЭЧКА, — нават чэргі былі сярод ахвотных пашыць адзенне. Цяпер, калі дэфіцыту тавараў не існуе, індывідуальны пашыў таксама прапануецца, але заказаў няшмат, перавага аддаецца гатовай прадукцыі ў крамах ці на рынках. Больш запатрабаваны паслугі па рамонце адзення, зарабляюць таксама на продажы ўласных вырабаў райбыткамбіната (трыкатаж, пасцельная бялізна), парфумерыі, тавараў бытавой хіміі, грунту для прысядзібных участкаў. Зрэшты, гэта мізэр у параўнанні з асноўнай "нішай" Азёрскага КПП — масавым пашывам форменнага і рабочага адзення. Сярод заказчыкаў — сельгаспрадпрыемствы, буйныя абласныя аб'яднанні (напрыклад, апошняя партыя куртак выраблялася для работнікаў "Гроднааблтэлекама").

Патрабаванні да ўзроўню гэтай прадукцыі вельмі сур'ёзныя, у прыватнасці, сёння наяўнасць святлоадбівальных элементаў абавязковая. Для таго, каб атрымаць такія заказы, трэба быць канкурэнтаздольным па якасці і цэнах. Калі райбыткамбінат выйграў тэндар, то азёрскім швачкам Валянціне ДРАБЫШЭЎСКАЙ, Ірыне ПАРЧЭЎСКАЙ і Вользе ЧУБАРАВАЙ гарантавана вельмі напружаная праца. Прычым не толькі ім, але і Галіне ГОЙДЗЬ, Ганне КОЗІЧ і Наталлі ДЗЯТЧЭНІ з КПП "Верцялішкі".

Хаця адной толькі швейнай справай абавязкі сельскіх бытавікоў не абмяжоўваюцца. І ў Азёрах, і ў Верцялішках працуюць цырульні, па пэўных днях сюды прыязджае майстар па рамонце абутку, прымаюцца таксама заказы на паслугі хімчысткі, пральні,на рамонт тэлевізараў і іншай бытавой тэхнікі. Ёсць заказы — прыедзе фатограф. Акрамя таго, работнікі кожнага КПП, згодна з графікам, рэгулярна ездзяць па вёсках замацаванай за імі зоны абслугоўвання — прымаюць ад мясцовых жыхароў заказы, прапануюць шырокі асартымент тавараў, у тым ліку і ўласнай вытворчасці. Па сутнасці, працуюць з дастаўкай на дом. Напрыклад, зімой даволі папулярныя ўцепленыя камізэлькі, якія майстрыхі ў Верцялішках шыюць не горш, чым на спецыялізаванай фабрыцы.

— Асабліва запатрабаваная сёння спецыяльнасць швачкі. Яны нам (па тых заказах, што сёння маем) патрабуюцца ў любой колькасці, па тры-чатыры на кожны комплексны прыёмны пункт. Аднак цяжка, на жаль, прыгадаць, калі да нас на працу прыходзілі выпускніцы Гродзенскага каледжа бытавога абслугоўвання насельніцтва, — кажа дырэктар Гродзенскага райбыткамбіната Васіль КАВАЛЬЧУК. — Гэта звязана не толькі з зарплатай (заробак залежыць ад выпрацоўкі, і ў некаторых швачак ён цяпер складае два мільёны рублёў, а то і больш), але і з характарам працы. У прыватнікаў швачку ставяць на адну аперацыю: напрыклад, прышываць маланкі ці гузікі, а ў нашай сістэме, на пашыве таго ж спецадзення, трэба зрабіць усё ад пачатку да канца і выпусціць гатовую рэч. Гэта больш складана, затое праца творчая, і менавіта ў нас можна стаць сапраўдным прафесіяналам.

Увогуле выгадных паслуг у бытавым абслугоўванні вяскоўцаў сёння няма, усё гэта там стратнае. Па той простай прычыне, што гэтыя паслугі мы павінны да кліентаў давезці, а адсюль і затраты. Прытым нашы расцэнкі не могуць перавышаць гарадскія. У выніку кожны комплексны прыёмны пункт нясе страты, якія цяпер ужо не кампенсуюцца, як раней, бюджэтнымі датацыямі. І таму няма перспектывы ў тых, хто спадзяецца толькі на існуючыя падатковыя льготы і субсідыі. А адсюль і галоўная задача — развіваць тое, што дае прыбытак, і такім чынам перакрываць страты па сацыяльна значных паслугах вяскоўцам. Бо хто, акрамя нас, будзе працаваць у гэтым кірунку? Сярод прыватнікаў (як мы ўжо пераканаліся) ахвотнікаў няшмат.

Адна з першых такіх "ластавак" — гэта выраб і ўстаноўка драўляных агароджаў на бетонных палях, што камбінат арганізаваў пры падтрымцы раённых улад. Мяркую, ніхто не крыўдуе на якасць гэтай прадукцыі. А мы, адчуўшы выгаду, сталі імкнуцца праявіць сябе і ў іншых "нішах", дзе ёсць прыбытак. І зноў не без поспеху. Наладзілі выраб і жалезабетонных агароджаў, стварылі будаўнічую брыгаду, асвоілі выпуск тратуарнай пліткі (пяць відаў). Восем чалавек па дагаворы з лясгасам займаюцца сёння санітарнымі высечкамі і нарыхтоўкай драўніны. Акрамя таго, вырабляем малыя архітэктурныя формы (лаўкі, вазоны), прадастаўляем транспарт для грузаперавозак і тэхніку для апрацоўкі прысядзібных участкаў. Калі ж у нас з'явіўся добры зваршчык, то наладзілі выпуск кантэйнераў для адходаў. Прычым для іх мы яшчэ робім пляцоўкі, агароджу. Можам таксама аказваць паслугі па абсталяванні дзіцячых гульнявых пляцовах, зносе аварыйных дрэў, а для актавай залы аднаго з ліцэяў не толькі пашылі кулісы, але і цалкам абсталявалі сцэну.

Дарэчы, у Гродзенскім райбыткамбінаце вырабляюць нават спальныя мяшкі, пракат якіх (а таксама палатак) арганізаваны ў пасёлку Сапоцкін, у зоне Аўгустоўскага канала. Летам гэты турыстычны інвентар літаральна нарасхват, прычым заказаць яго можна ў любым комплексным прыёмным пункце камбіната — заказ даставяць з Сапоцкіна без даплаты за транспартныя расходы.

...Вось так пацвярджаецца на практыцы народная мудрасць, што пад ляжачы камень вада не цячэ. А неўзабаве, мажліва, у бытавікоў з'явяцца і іншыя ідэі.

Барыс ПРАКОПЧЫК

¢

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
На Гродзенскім райбыткамбінаце заняліся зусім не традыцыйнай для бытавікоў дзейнасцю, а менавіта вырабам жалезабетонных агароджаў, нарыхтоўкай драўніны,...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика