Быт ці не быт?
29.02.2012
—
Новости Общества
|
У Магілёве на базе старых дамоў быту ствараюцца новыя сэрвісныя цэнтры. Будынак на вуліцы Цыялкоўскага, 10 ведаюць усе старажылы мікрараёна "Мір": цяпер ён мае новы выгляд, але змест застаўся ранейшым — аказанне паслуг насельніцтву. Дамы быту, узведзеныя ў савецкія часы, можа, і не радавалі вока сучасным аздабленнем, але ўсё ж давалі магчымасць грамадзянам нядорага рамантаваць розную хатнюю драбязу, а майстрам — працаваць і зарабляць сабе на жыццё. Час змяніўся, але патрэбы ў людзей засталіся ранейшыя. Кажуць нават, што ў сувязі з крызісам попыт на рамонт абутку, адзення, тэхнікі яшчэ і павялічыўся: правільна, калі ў эканоміцы (у тым ліку і хатняй) цяжкасці, больш выгадна рамантаваць старое, чым набываць новае. Гэта, зразумела, танней, а вось ці прасцей? Тым больш у Магілёве, дзе цэнтральны дом быту знаходзіцца на рэканструкцыі, а вяртанне прадпрымальнікаў пад яго дах абяцаюць праз некалькі гадоў. Таму магілёўскія ўлады вырашылі актыўна развіваць бытавыя паслугі ў мікрараёнах. — Гэта правільнае рашэнне — стварэнне сэрвісных дамоў быту, — каментуе дырэктар Магілёўскага гарадскога цэнтра развіцця малога прадпрымальніцтва Павел Марыненка. — Іх гаспадар павінен быць не толькі зацікаўлены ў атрыманні прыбытку, але і разумець, што сфера бытавых паслуг ніколі не будзе высокарэнтабельнай справай. Аднак яна вельмі патрэбна людзям. У 2010 годзе гарадскія ўлады перадалі цэнтру развіцця малога прадпрымальніцтва два старыя дамы быту, якія сёння працуюць. — Мы выдаткавалі на абодва будынкі 700 мільёнаў рублёў, — расказвае Павел Марыненка. — Частка гэтых грошай — з абласнога бюджэту, частка — нашы ўласныя сродкі, якія мы атрымліваем ад здачы маёмасці ў арэнду. Будынак на Цыялкоўскага выглядае добра: тут прывялі ў парадак фасад, разабраліся з інжынернымі сеткамі, замянілі вокны і дзверы, адрамантавалі падлогі і г.д. Рамонт унутраных памяшканняў робіць сам арандатар, а вось сеткі і праводка — гэта цалкам праблемы гаспадара. Яшчэ не ўсё завершана, але на сённяшні дзень зайсці ў сэрвісны цэнтр прыемна. Крызіс паўплываў не на планы цэнтра па развіцці малога прадпрымальніцтва, а на тэрміны іх выканання. — Другі паверх мы зрабілі толькі часткова, але да дня горада, які адзначаецца разам з Днём незалежнасці краіны, новы дом быту павінен быць завершаны, — кажа падчас "экскурсіі" Марыненка. На першым паверсе — самыя запатрабаваныя паслугі. Майстэрня па рамонце адзення "З іголачкі" месціцца ў прасторным светлым памяшканні. За машынкамі — дзве работніцы. — Люты — не самы лепшы месяц для рамонту адзення і абутку: вясна яшчэ не прыйшла, а зіма ўжо завяршаецца, — тлумачыць Людміла. — Але сэнс працаваць ёсць: учора абслужылі каля дзясятка кліентаў, а бывае і ўдвая болей. Нашы цэны залежаць ад аб'ёму працы: я цяпер перашываю футра — гэта можа каштаваць некалькі соцень тысяч, а самая танная аперацыя — 2 тысячы рублёў. Адразу дзве майстэрні па рамонце абутку прапануюць свае паслугі: адна прыватная, другая дзяржаўная. Майстар прыватнага "Тэмпу" працуе некалькі гадоў, мае сталых кліентаў і таксама чакае наплыву з першымі прыкметамі вясны. Рамонт тут каштуе ад 5 да 70 тысяч рублёў. Яго калега ў майстэрні насупраць — жанчына. — Мы дапамагаем людзям жыць, — упэўнена Таццяна Іванаўна. — У нас добразычлівае стаўленне да кліентаў, а цэны невысокія. Упрыгажэннямі людзі будуць цікавяцца ва ўсе часіны, упэўнены ў ювелірнай майстэрні, якая заняла некалькі памяшканняў дома быту на другім паверсе. — Кліенты ў нас ёсць — гэта жыхары навакольных мікрараёнаў, — кажа супрацоўніца Аксана. — Мы рамантуем ювелірныя вырабы, робім новыя — з золата і серабра заказчыка. Цэны розныя, але прымальныя: рамонт каштуе ад 7 да 60 тысяч рублёў, а складаныя вырабы могуць каштаваць і паўмільёна. Людзі да нас ідуць, і мы думаем, што пасяліліся тут надоўга. — Палітыка гарадскіх улад — пераважнае права на памяшканні тым, хто аказвае бытавыя паслугі, — тлумачыць кіраўнік цэнтра развіцця малога прадпрымальніцтва. — Гэта дзейнічае на ўсёй тэрыторыі Магілёва, і да нас любы чалавек, які працуе ў сферы бытавых паслуг, можа прыйсці і быць упэўненым, што яму знойдзецца месца для працы ў адным з нашых сэрвісных цэнтраў. Раней трэць памяшканняў тут пуставала. І нават самі прадпрымальнікі-бытавікі на пачатку пераўтварэнняў былі настроены песімістычна: маўляў, нічога не атрымаецца, будынак застанецца "мёртвым". Цяпер жа, насуперак змрочным прагнозам, засталося толькі 8% вольных плошчаў. Павел Марыненка не сумняваецца, што ў будучым сэрвісны цэнтр стане своеасаблівым цэнтрам мікрараёна, напаўненне якога вызначаць час і людзі. Сёння найбольш папулярныя віды бытавых паслуг — гэта ўсё ж рамонт абутку і адзення, і яшчэ хімчыстка. Хоць у доме быту ёсць таксама аддзяленне пошты, якое нязменна прыцягвае сюды людзей, а яшчэ ламбард і нават кабінет псіхалагічнай разгрузкі. Магілёўскі гарвыканкам сваім рашэннем вызначыў абавязковы пералік паслуг для тыпавога дома быту. Для таго, каб на Цыялкоўскага, 10 быў поўны камплект, сюды яшчэ трэба прыцягнуць прадпрымальнікаў для аказання рытуальных паслуг, хімчысткі і рамонту гадзіннікаў. Нягледзячы на тое, што сотавыя тэлефоны даўно замянілі гадзіннікі, усё ж і пра такі від рамонту людзі пытаюцца. Увогуле з цягам часу ўсё мяняецца: напрыклад, з распаўсюджаннем сучаснай бытавой тэхнікі страцілі актуальнасць пральні. Затое рамонт парасонаў і выраб ключоў застаюцца запатрабаванымі ўжо шмат гадоў. А на першы план выходзіць сэрвіснае абслугоўванне камп'ютараў і тэлефонаў. — Калі ў Амерыцы быў глыбокі крызіс, адным са спосабаў выкараскацца з эканамічнай яміны стала аказанне паслуг, — расказаў Павел Марыненка. — Такім чынам ствараліся новыя працоўныя месцы, зарабляліся грошы. Так што паслугі застануцца назаўсёды. Вось толькі іх сутнасць з цягам часу будзе мяняцца. Ілона Іванова ¢ Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У Магілёве на базе старых дамоў быту ствараюцца новыя сэрвісныя цэнтры. Будынак на вуліцы Цыялкоўскага, 10 ведаюць усе старажылы мікрараёна "Мір": цяпер ён мае...
|
|