Прыватнік у вёску не ідзе
29.02.2012
—
Новости Общества
|
Абзваніла з дзясятак сельсаветаў у розных раёнах Брэсцкай вобласці, і толькі ў адным сказалі, што ў іх ёсць прыклад аказання бытавых паслуг прыватнікамі. Таму і накіравалася ў пасёлак Ленінскі Жабінкаўскага раёна. У населеным пункце з такой знакавай для ХХ стагоддзя назвай аказалася тры прадпрымальнікі, якія зарабляюць на жыццё паслугамі аднавяскоўцам і жыхарам навакольных вёсак.
А на першым паверсе будынка сельсавета невялікі пакойчык здымае Аліна Пракаповіч. Яна — майстар прыватнай цырульні, скончыла вучэбны цэнтр Сяргея Вайцяхоўскага ў Мінску. Працавала спачатку ў сталіцы, потым у Брэсце. Апошнім часам здымаць жыллё і плаціць арэндную плату за памяшканне стала не пад сілу, вось і вырашыла вярнуцца дадому. Жыве ў бацькоў, а на ежу і адзенне, паводле прызнання Аліны, зарабіць можна. У майстра склалася сваё кола наведнікаў, некаторыя былыя яе кліенты нават з Брэста ездзяць — ад абласнога цэнтра да Ленінскага ўсяго 40 кіламетраў. Абслугоўванне ідзе па папярэднім запісе. Кліентка Жанна Іванаўна сказала, што робіць прычоску ў Аліны ўжо год і мяняць цырульніка не збіраецца. Даход маленькай цырульні не вельмі высокі, таму што цэны тут адрозніваюцца ад гарадскіх. Асабліва шмат не заробіш, разважае Аліна Пракаповіч. І кошт паслугі не паднімеш, бо кліентаў адразу паменее. Добрая выручка ў цырульніка, як правіла, у сезон вяселляў, перад выпускнымі вечарамі. Тады, бывае, даводзіцца пачынаць работу ў чатыры гадзіны раніцы. Аліна — не проста прыгожая дзяўчына, але і аптыміст па натуры. Яна лічыць, што і ў сельскім населеным пункце з яе спецыяльнасцю пражыць можна. Толькі шкада, што ў іх пасёлку няма, напрыклад, кавярні, куды ўвечары можна было б зайсці прыстойнай моладзі. Памяшканне для гэтага ёсць — былы бар, але няма ахвотных давесці яго да ладу і адчыніць установу грамадскага харчавання. І ўсё ж, калі такі чалавек неўзабаве знойдзецца, то Ленінскі зможа пахваліцца ледзь не поўным наборам якасных паслуг насельніцтву. Напрыклад, швачку Алену Галаўчук ведаюць далёка за межамі ўласнага пасёлка. Алена Сцяпанаўна выконвае рамонт адзення і іншых швейных вырабаў. Да яе нясуць сукенкі, касцюмы, курткі, паліто. Але на гэтых паслугах, як упэўнілася майстар, на жыццё і блізка не заробіш. Таму яна займаецца справай, якая яе заўсёды цікавіла — "апранае" вокны. У каталогу Алены Галаўчук змяшчаюцца дзясяткі ўзораў цюлю, штор, ламбрыкенаў для ўсіх відаў пакояў. Кожнаму наведніку яна прапануе эксклюзіўны варыянт у залежнасці ад велічыні акна і пакоя, ад колеру мэблі і шпалераў. Адным словам, людзі даўно ацанілі яе майстэрства, таму і едуць да Алены Сцяпанаўны з райцэнтра, з навакольных вёсак. "У мінулыя гады было шмат навасёлаў, — расказвае майстар. — І ўсім, вядома, патрабавалася "аформіць" вокны, таму і заказаў хапала. Цяпер, як вядома, будаўніцтва запаволілася, грошай у людзей стала менш. Некаторыя гаспадыні, наколькі я ведаю, самі шыюць шторы, як умеюць. Хоць няякасна, але ж бясплатна". І Алена Галаўчук у сувязі з эканамічнымі ўмовамі змяніла свой статус з індывідуальнага прадпрымальніка на рамесніка. Застаўся адзін фіксаваны падатак, які яна рэгулярна выплачвае, ды арэндныя выдаткі. Тут і сельвыканкам пайшоў насустрач: ёй памянялі пакойчык на меншы, каб менш было плаціць за арандаваныя метры. У Алены Сцяпанаўны за гады таксама склалася сваё кола кліентаў. Хто аднойчы рамантаваў у яе адзенне, нешта шыў, той абавязкова прыходзіць зноў. "Я не магу дазволіць сабе зрабіць абы-як, — кажа швачка. — Мы ж усе побач жывём, штодня сустракаемся. Калі чалавек мне прынясе памяняць "маланку" ў куртцы, а я заўважу там яшчэ дзірачку на шве ці нейкі іншы недахоп, то, вядома, ж выпраўлю, хоць мне замаўлялі толькі адну паслугу". Яшчэ ў Ленінскім працуе майстар па рамонце абутку Віктар Карпук. Ён наогул з Кобрына кожны дзень ездзіць. Праўда, заспець Віктара Мікалаевіча не ўдалося: у дзень майго прыезду ён затрымаўся дома. Але чалавек пяць, з кім давялося перамовіцца, аднадушна расхвалілі майстра. "Робіць хутка, якасна, цэны ніжэйшыя за гарадскія", — заўважыла адна жанчына. "Чалавек вельмі сціплы і добрасумленны", — дадала другая. "Вельмі зручна: ідзеш на працу — здаеш абутак, па дарозе дадому забіраеш", — падсумавала трэцяя. А гэта азначае, што недахопу кліентаў ў Карпука няма. Увесь пасёлак рамантуе ў яго абутак. Ну і былыя кліенты, якія ведаюць майстра па Кобрыне, па-ранейшаму вязуць да яго заказы. Чаму ў Ленінскім ёсць прадпрымальнікі, якія займаюцца бытавымі паслугамі, а ў іншых мясцінах такіх знайсці цяжка? Напрыклад, у аграгарадку Белавежскі Камянецкага раёна прыватнікаў, якія займаліся б бытавымі паслугамі, наогул няма. Толькі адзін чалавек, які раней адкрыў краму, цяпер збіраецца паспрабаваць аказваць цырульніцкія паслугі і ўжо рыхтуе для гэтага памяшканне... Відаць, таму, што ў вяскоўцаў у цэлым невысокі даход, і людзі баяцца рызыкаваць — пачынаць сваю справу. Яшчэ, як давялося пераканацца падчас размоў з майстрамі з Ленінскага, праца ў іх далёка не з лёгкіх, а даходы невысокія. А старшыня Ленінскага сельвыканкама Юрый Кадоліч лічыць так: — Па-першае, чалавек, які вырашыў займацца такой дзейнасцю, павінен умець думаць, быць смелым, здатным да рызыкі. Гэта вам не з Украіны тавар прывезці і перапрадаць — асабліва розуму на такое не трэба. Напрыклад, наша Алена Галаўчук знайшла сваю нішу, узялася за цікавую для яе справу, і сёння амаль у кожным доме пасёлка ўбачыш на вокнах яе шторы. Як такім людзям не пайсці насустрач? Таму другая ўмова наяўнасці падобных прадпрымальнікаў — падтрымка мясцовай уладай прыватнай ініцыятывы. Святлана ЯСКЕВІЧ. Жабінкаўскі раён ¢ Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Абзваніла з дзясятак сельсаветаў у розных раёнах Брэсцкай вобласці, і толькі ў адным сказалі, што ў іх ёсць прыклад аказання бытавых паслуг прыватнікамі. Таму і... |
|