"Кранштэйны ёсць — няхай павесяць ліхтары. І могуць не ўключаць", або Пра рознае пакрыху і пра адно і тое ж — па-рознаму. 21.by

"Кранштэйны ёсць — няхай павесяць ліхтары. І могуць не ўключаць", або Пра рознае пакрыху і пра адно і тое ж — па-рознаму

29.02.2012 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

"Больш за 2,5 года па вуліцы Паўночнай у г.п. Смілавічы з апор асвятлення былі знятыя два ліхтары — у рамонт работнікамі Чэрвеньскай ЖКГ. Я неаднаразова звяртаўся ў Смілавіцкі ўчастак ЖКГ з нагоды ўстаноўкі ліхтароў. Абяцалі, але не ўстанавілі".Такі допіс даслаў у рэдакцыю жыхар Чэрвеньшчыны. Дастаткова хутка на яго рэдакцыя атрымала і афіцыйнае рэагаванне з Чэрвеньскага раённага выканаўчага камітэта. Мае сэнс прывесці яго даслоўна, паколькі па сваім аб'ёме яно супадае з пытаннем чытача. Дык вось, па сутнасці: "згодна з інфармацыяй, якая паступіла ад УП "Чэрвеньская ЖКГ", сёння па вуліцы Паўночнай у г.п. Смілавічы Чэрвеньскага раёна гарыць 10 ліхтароў, што дастаткова для асвятлення вуліцы. Сацыяльны стандарт захоўваецца".

Як бачна, тры радкі займае чытацкі допіс, столькі ж — адказ на яго. Забягаючы наперад, зазначым, што заяўнік застаўся апошнім не задаволены і, паводле яго слоў, рыхтуе чарговыя запыты ў іншыя інстанцыі ўсё па тым жа пытанні. Справа яшчэ і ў тым, што ў лісце канкрэтнае (нават не пытанне, а канстатацыя факта) займае, як ужо было сказана, некалькі радкоў. А амаль старонка камп'ютарнага тэксту пасля — падрабязны пералік месцаў, куды заяўнік звяртаўся са сваёй скаргай: рэдакцыю раённай газеты, раённую пракуратуру, двойчы — у Камітэт дзяржкантролю Мінскай вобласці. Гаворка пра пісьмовыя запыты, але ж былі яшчэ і тэлефанаванні. Паўсюдна распісаныя даты зваротаў, якія ў дужках суправаджаюцца аўтарскімі рэмаркамі: "1,5 месяца — правапарушэнне", "парушаны тэрмін", "парушаны тэрмін адказу", "парушаны тэрмін". Маецца на ўвазе тэрмін атрымання заяўнікам афіцыйнага рэагавання на свае запыты. Паўтаруся, гэты тэкст — на старонку. У канцы заклік: "давайце разам змагацца з бюракратызмам у нашай краіне!". І прапанова вынесці гэты зварот на ўсенароднае абмеркаванне. Нагадаю, гаворка ідзе пра два ліхтары. І колькі не перачытваў тэкст, не мог уцяміць: дык што ж галоўнае для аўтара ліста — вярнуць ліхтары ці пакараць чыноўнікаў, якія парушаюць тэрміны адказу заяўніку. Напрыклад, у адным выпадку "пратэрміноўка" склала пяць дзён...

Мы звязаліся з заяўнікам, каб удакладніць: дык што ж для яго найбольш важна? "Каб вярнулі ліхтары. І панеслі адказнасць чыноўнікі", — адказаў ён...

Закона аб зваротах грамадзян ніхто не адмяняў. Калі сапраўды ёсць парушэнне, вінаватая службовая асоба павінна несці адказнасць. З іншага боку, як нам падаецца, за простым злічэннем дат адпраўкі пытання і атрымання адказу не павінна губляцца галоўнае: вырашэнне ўласна самой праблемы. Рэдакцыйны вопыт сведчыць, што нават атрыманае раней вызначанага тэрміну афіцыйнае рэагаванне, часам можа аказацца звычайнай адпіскай. І так бывае. Магчыма, у папярэдніх адказах, якія атрымаў наш заяўнік, па нядбайнасці выканаўцаў, якія іх уласна і рыхтавалі, была дапушчана нейкая недакладнасць, што небеспадстаўна і зачапіла чалавека...

Заяўнік у размове спасылаўся на нейкі праект пяцігадовай даўніны, згодна з якім і манціраваліся тыя ліхтары, аспрэчваў, што сацыяльны стандарт выконваецца, хоць не мог патлумачыць яго сутнасць. Якія патрабаванні існуюць па асвятленні вуліц? У частцы забеспячэння сацыяльнага стандарту па ўдзельнай вазе асвятлення вуліц у сярэднім па краіне — не менш за 80 працэнтаў ад агульнай працягласці вуліц населенага пункта. У адпаведнасці з тэрытарыяльным узроўнем укаранення, які ўлічвае рознае развіццё інфраструктуры і шчыльнасць пражывання насельніцтва, узровень выканання сацыяльнага стандарту па ўдзельнай вазе асветленых вуліц у сельскіх населеных пунктах вызначаецца схемамі ўстаноўкі святлакропак па кожным населеным пункце. Схемы расстаноўкі святлакропак узгадняюцца сельскімі выканкамамі і зацвярджаюцца райвыканкамамі.

...Падчас размовы заяўнік згадваў ужо не пра два, а пра чатыры ліхтары. Навошта столькі — 14 ліхтароў на вуліцы?

— Кранштэйны ёсць — няхай павесяць. І могуць не ўключаць.

— Дык а сэнс?

— Няхай вісяць. Прыйдуць іншыя, дбайныя чыноўнікі — яны і ўключаць асвятленне...

Мы яшчэ пагаварылі. Пра рознае патроху і пра адно і тое ж — па-рознаму. Пра сацыяльныя стандарты, эканомію (не за савецкім жа часам жывём), чыноўнікаў. Пераканаць суразмоўцу не атрымалася. Ён будзе яшчэ пісаць. У адказ толькі і засталося, што заўважыць: ужо столькі паперы спісана, столькі работнікаў у розных структурах адцягвалася для падрыхтоўкі адказаў... І відавочна, што гэта не апошнія высілкі службовых асоб будуць... Пра "ўсенароднае абмеркаванне", як тое прапануе аўтар ліста, і ўвогуле гаварыць не выпадае: прабачце, не той маштаб пытання. А як даведаўся, што заяўнік сам вазіў свае скаргі, тэлефанаваў за ўласны кошт, змарнаваў столькі часу, спытаў: ці не прасцей самому было б уладкаваць тое асвятленне, калі ў ім ёсць такая патрэба? "А некаторыя так і робяць", — сярдзіта кінуў у адказ пасялковец. Але ад планаў біць ва ўсе званы не адмовіўся...

Сяргей РАСОЛЬКА

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
"Больш за 2,5 года па вуліцы Паўночнай у г.п. Смілавічы з апор асвятлення былі знятыя два ліхтары — у рамонт работнікамі Чэрвеньскай ЖКГ. Я неаднаразова звяртаўся...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика