Гарызанталі Вячаслава Шаршунова. 21.by

Гарызанталі Вячаслава Шаршунова

29.02.2012 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Рэктар Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта харчавання, доктар тэхнічных навук, прафесар, заслужаны дзеяч навукі Рэспублікі Беларусь, член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі расказаў Звяздзе" пра сваё жыццё і працу, а таксама падзяліўся думкамі пра актуальныя праблемы.

Тлумачэнне для "чайнікаў"

Як сапраўдны навуковец, Вячаслаў Аляксеевіч пачынае гутарку з паказу сваіх нядаўна выдадзеных кніг. Навукова-практычны дапаможнік "Як знайсці і абараніць сваю інавацыю" — гэта важкі 600-старонкавы том пра інавацыйную творчасць у навуцы, тэхніцы, адукацыі і бізнэсе.

Шаршуноў знаходзіць у кнізе актуальную цытату беларускага навукоўца, акадэміка Ігара Нагорскага: "А ці не перакруцяць у нас саму сутнасць інавацыйнага развіцця? Такая небяспека ёсць!.."

— Так, гэта моднае слова, але не ўсе разумеюць яго сутнасць, хоць і ўжываюць дарэчы і недарэчы, — усміхаецца Вячаслаў Аляксеевіч у адказ на просьбу растлумачыць для "чайнікаў", што такое інавацыя. — Новае тэхнічнае рашэнне, вынаходніцтва — гэта яшчэ не інавацыя. Тут патрабуецца таксама пастаноўка на вытворчасць і атрыманне эфекту — эканамічнага, сацыяльнага, іншага. Гэта новая ідэя, якая рэалізавана, дае прыбытак і прыносіць карысць грамадству.

Мой суразмоўца кажа, што з усіх навінак, якія выдаюць творцы, толькі дзясятая частка мае практычнае ўжыванне, і з гэтай колькасці ў лепшым выпадку палова дае пэўны эфект. Таму называцца інавацыямі могуць не больш за 2-3% ад усіх новых ідэй.

Асабістыя пытанні

Вячаслаў Шаршуноў нарадзіўся на Смаленшчыне. Яго радзіма — невялікая вёска на памежжы з Віцебскай вобласцю, таму дабірацца да беларускай Оршы было зручней, чым у іншы бок. Маці была настаўніцай, а бацька — механікам на малочнакансервавым камбінаце. "Так што харчовыя тэхналогіі мне блізкія!" — робіць рэмарку цяперашні рэктар універсітэта харчавання.

— У той час я выбраў Горацкую сельскагаспадарчую акадэмію, факультэт механізацыі. Наплыў абітурыентаў быў вялікі, бо ў год майго заканчэння школы скарацілі 11-я класы. У нас было 7 чалавек на месца. Да таго ж адмянілі льготы для медалістаў, і я здаваў усе пяць экзаменаў. Паступіў, і ўжо там ступіў у студэнцкую навуку.

З Горкамі аказаліся звязанымі і працоўны шлях, і асабістае жыццё.

— Я рускі, а жонка ўкраінка, мы пазнаёміліся студэнтамі, — расказвае Вячаслаў Аляксеевіч. — У асноўным я займаўся ў бібліятэцы, але аднойчы завітаў на танцавальную пляцоўку і пазнаёміўся з дзяўчынай, якая была вельмі падобная да актрысы Таццяны Самойлавай. Мы пажаніліся і разам ужо 38 гадоў. У нас два дарослыя сыны. А сакрэт сямейнага шчасця — разумець адно аднаго, саступаць, пазбягаць канфліктаў. Са свайго вопыту параю маладым людзям кахаць адно аднаго — і ўсё на гэтым.

Дэпутацкі патэнцыял

У Горацкай акадэміі ён прайшоў шлях ад асістэнта да рэктара, абараніў кандыдацкую і доктарскую дысертацыі. А потым прыйшоў час змен у краіне, і Вячаслаў Шаршуноў стаў дэпутатам.

— Я палічыў, што дэпутацтва ў Вярхоўным Савеце дасць больш магчымасцяў заваёўваць пазіцыі для акадэміі і Горак. Гэта цяпер, калі там рыхтуюцца "Дажынкі" і выдаткоўваюцца сродкі, добрая сітуацыя. А калі мне дасталася акадэмія на пачатку 90-х гадоў, там была вялізная колькасць аб'ектаў і маленькая кацельня на ўсіх.

Сваё дэпутацтва Вячаслаў Аляксеевіч называе вялікай школай жыцця. Ён навучыўся зносінам з самымі рознымі людзьмі: ад звычайных скаржнікаў, якія прыходзілі да яго на прыём у Горках, да кіраўніцтва краіны. Адначасова Шаршуноў працаваў у Мінску, у Міністэрстве сельскай гаспадаркі, а потым быў прызначаны намеснікам старшыні Вышэйшай атэстацыйнай камісіі. Прычым больш узгадвае сёння не пра пасады, а пра цікавых асоб, з якімі давялося сустрэцца.

Яго ўніверсітэт

Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт харчавання Вячаслаў Шаршуноў узначальвае з 1 красавіка 2003 года. Такі першакрасавіцкі, але зусім не жарт. Рэктар узгадвае, што навучальнай установе запатрабаваліся змены — вонкавыя і ўнутраныя.

Увогуле ў яго кар'еры было нямала прыступак, але цяперашняй пасадай Вячаслаў Аляксеевіч задаволены:

— У мяне такая пазіцыя: усё добра, што ёсць, нельга шкадаваць, а трэба ісці далей. Гэта своеасаблівае мастацтва: плысці па гарызанталі, без спадаў глыбока ўніз і пад'ёмаў высока ўгору.

Шаршуноў шмат робіць у сваёй навучальнай установе: за кошт эканоміі, пазабюджэтных заробкаў. Мае сваю навуковую школу, дзеліцца са студэнтамі і калегамі сваім досведам, займаецца грамадскай працай (узначальвае абласную арганізацыю "Белая Русь") і, зразумела, выдае кніжкі.

— Напісаць кнігу — гэта доўгі працэс. Я пачынаў шмат гадоў таму: трапіць да мяне цікавая цытата альбо афарызм — запішу. Шмат рабіў у дэпутацкія гады: сям'я была ў Горках, і, пакуль некаторыя калегі наведвалі прыёмы ці займаліся іншымі справамі, я вечарамі пісаў. Безумоўна, тут патрэбны цярплівасць і ўседлівасць. Але іншых варыянтаў няма: асабліва для педагога, які хоча пакінуць спадчыну для выхавання наступных пакаленняў, падзяліцца з імі сваімі думкамі.

Пра студэнтаў

— Вось і з намі падзяліцеся, калі ласка, сваімі думкамі.

— Я гатовы адказваць на любыя пытанні, таксама, як і мае студэнты могуць свабодна спытаць у мяне ўсё, што хочуць, — гаворыць Вячаслаў Аляксеевіч. — У мяне тут адкрыты прыём штодня. Вось апошнім разам прыходзіў студэнт — хлопец з добрай сям'і, якая жыве ў адным з гарадоў Беларусі. Закахаўся без адказу, спрабуе пераканаць дзяўчыну, ездзіць да яе. Адсюль пропускі заняткаў і "хвасты". Ён вучыцца на другім курсе, і я лічу, што гэта вельмі небяспечны час для маладых людзей. Яны выйшлі ў асноўным з інтэлігентных сем'яў і безабаронныя перад жыццём. Добрыя хлопчыкі, пакуль вучацца ў школе, сядзяць дома, корпаюцца ў кніжках і камп'ютарах. Потым паступаюць і едуць з дому, а тут свабода, і ў 19-20 гадоў іх насцігае першае каханне. Што нярэдка прыводзіць да праблем у вучобе.

— І як вы можаце дапамагчы студэнту, які закахаўся без узаемнасці?

— Я найперш скарыстаю права рэктара і падпішу хадайніцтва па допуску да ліквідацыі запазычанасцяў. Ды я пагутарыў з ім: калі дзяўчына выйшла на сцяжыну вайны, няхай ідзе далей сама...

— Дзіўна: рэктар дапамагае вырашаць асабістыя праблемы студэнтаў.

— Гэта яшчэ што! Даводзілася і жаніць! Некалькі гадоў таму бацькі прывялі цяжарную дзяўчыну: маўляў, ваш студэнт жаніцца не хоча. Паклікаў яго і сказаў: ты ж сябраваў з ёй і, калі так атрымалася, не трэба ламаць чалавеку жыццё. Урэшце пераканаў, а праз нейкі час яны прыйшлі да мяне разам, парай, а за ручку ён вёў маленькага хлопчыка. Такі цуд здарыўся! Вось гэта і ёсць тая вышэйшая адзнака, якую можна атрымаць у гэтым жыцці.

Пра навуку

— Калі навокал віруе жыццё, навуковая праца ў бібліятэках і лабараторыях не падаецца чымсьці надзвычай цікавым...

— Альберт Эйнштэйн: "Самае цудоўнае, што можна зведаць, — гэта адчуванне таямніцы. Яна — крыніца ўсякага сапраўднага мастацтва і ўсёй навукі...". У навуку нельга заганяць прымусова, тут павінны быць схільнасці. Упартасць, любоў да працы. І самае галоўнае: калі цябе вабіць навуковая таямніца, калі ты імкнешся яе разгадаць — табе ў навуку. Калі не — то лепш на рынак.

— На рынку таксама некаму трэба працаваць. Вось толькі шкада, што ўсё часцей кажуць: маўляў, ён быў апошнім двоечнікам, а цяпер паспяховы бізнэсмен. На ваш погляд, добрая адукацыя ў нашым грамадстве ўсё яшчэ цэніцца?

— А вы скажыце, калі ласка: хто стварае новыя тэхналогіі, машыны, прадукты, культурныя сімвалы? У любой сферы цэняцца людзі адукаваныя, яны і ідуць наперадзе. Яны ствараюць тое, што называецца прагрэсам — навукова-тэхнічным, эканамічным, культурным, сацыяльным. Калі так не будзе, дык развіццё спыніцца. І гандляваць на рынку не будзе чым.

— На адукаваных людзях усё ж такі трымаецца свет?

— Тыя, хто ідзе наперадзе, маюць, на жаль, не самы зайздросны лёс. Вось, напрыклад, Рудольф Дызель (нямецкі інжынер і вынаходнік. — Аўт.) скочыў у мора, давялі ж да такога. Пры жыцці ніхто гэтых людзей не прызнае, ужо пасля смерці пачынаюць маляваць іканастас генія. Але яны захоплены сваімі ідэямі і ідуць да іх, не збочваюць. І вядуць за сабой грамадства.

Пра настальгію

— Цяпер досыць складаны час — пераходу да новых каштоўнасцяў і складу думак, таму што ад савецкага ладу жыцця мы яшчэ не адышлі.

— А вы пра тыя часіны ўзгадваеце з задавальненнем? Шкадуеце ўсё савецкае?

— У Савецкім Саюзе, калі шчыра, было шмат чаго добрага, і грамадства тады выхоўвала людзей, і моладзь была іншай. Але і да таго стылю кіраўніцтва я ставіўся крытычна: ну як можна было дайсці да такога, што чалавека ўжо пад рукі вядуць, а ён усё кіруе краінай? Гэта быў нонсэнс для людзей са здаровым розумам. Гэтая грамадская крывадушнасць, паўсюдная, яна стала трагедыяй для народа.

Я, калі шчыра, не настальгірую па савецкіх часах. Таму што трэба жыць далей. Павінна ў грамадстве саспець разуменне таго, што трэба рухацца далей. Патрэбны і сілы для кансалідацыі, таму я і ўзначаліў "Белую Русь" у Магілёўскай вобласці. Грамадству патрэбен дыялог і, у выніку яго, канкрэтныя прапановы.

— Якая будзе наша краіна ў будучыні?

— Мне здаецца вельмі перспектыўным Мытны саюз, і калі да Беларусі, Расіі і Казахстана далучыцца яшчэ і Украіна, то гэта будзе разумнае і аптымальнае выйсце. Калі найперш будзе ўлічвацца эканоміка краін, тады адновяцца і культурныя сувязі паміж народамі.

Пра выхаванне

— Бацькі чамусьці лічаць, што нехта павінен выхоўваць іх дзяцей. Нельга перакладваць гэту задачу на плечы іншых. Нарадзіў, выгадаваў і не забывайся на яго. Хаця, зразумела, жыццё рознае: маленькія дзеці — дробныя клопаты, вялікія дзеці — буйныя праблемы.

— А навучальныя ўстановы якую ролю тут іграюць?

— Яны даюць адукацыю, але выхоўваць павінны бацькі. Бацькам можна дапамагаць, накіроўваць іх, але адказнасць за выхаванне маладога пакалення ляжыць на іх плячах, і нічыіх іншых.

У нас тут таксама здараюцца непаразуменні з бацькамі: маўляў, мы вам аддалі добрае дзіця, а праз два месяцы вы яго выключаеце за непрымальныя паводзіны. Але ці мы павялі гэта "дзіця" па так званых пажыўных месцах? Перш чым патрабаваць ад кагосьці, трэба спачатку спагнаць з сябе. Бацькі павінны адказваць за паводзіны свайго нашчадка ў грамадстве, такое маё перакананне.

— Што ж, бацькі часта імкнуцца аддаць дзецям усё, што могуць, самае лепшае, але гэта часам не дапамагае...

— Таму што лёгка ім даецца, нібыта само сабой. Калі бацькі імкнуцца аддаць апошняе дзеля дабрабыту дзяцей, гэта рэдка імі цэніцца. Яны гэта толькі потым пачынаюць усведамляць, калі сутыкнуцца з самастойным жыццём.

Пра бацькоў і дзяцей

— Праблема бацькоў і дзяцей заўсёды актуальная.

— Тады як вы знаходзіце агульную мову з маладым пакаленнем?

— Я заўсёды даступны для іх і прапаную дзяліцца сваімі праблемамі.

— А якія цяпер праблемы для студэнтаў самыя важныя?

— Грашовыя. Іх хвалюе аплата за вучобу, за пражыванне ў інтэрнаце. Акрамя грошай, яны цікавяцца і жыццём грамадства, палітыкай.

— Іх меркаванні на гэты конт адрозніваюцца ад вашых?

— Я да гэтага стаўлюся такім чынам: для моладзі павінен быць дыяпазон магчымасцяў выказацца, выкласці свой пункт гледжання. І з маладымі людзьмі заўсёды трэба размаўляць адкрыта і шчыра, тады яны зразумеюць тваю думку. Калі чалавек апускаецца на ўзровень натацый альбо жорсткіх патрабаванняў, гэта адразу выклікае непрыманне. Такіх момантаў трэба пазбягаць, калі хочаш знайсці агульную мову з маладымі.

— Як вы ставіцеся да сённяшніх вельмі актуальных інфармацыйных тэхналогій?

— Нармальна стаўлюся. Інтэрнэтам карыстаюся, у мяне ёсць нават асабістая старонка ў сетцы. Увогуле гэтыя навінкі тэхнічныя ў руках студэнтаў мне падабаюцца. Гэта ж новы ўзровень пазнання інфармацыйнага поля, увогуле — свету. І мне гэта не чужое.

— А нярэдка здараецца наадварот: калі старэйшае пакаленне не прымае новае і сучаснае, прычым гэта датычыцца не толькі тэхнікі.

— Мая пазіцыя ў дачыненні да гэтага і многіх іншых пытанняў такая: не трэба рабіць трагедыі! Не трэба чапляцца да маладых людзей, трэба быць памяркоўнымі. Асабліва ў дачыненні да дробязяў, не самых важных для жыцця. Калі кідацца ў бойку, дык за нешта важнае і значнае. А так — жывіце і радуйцеся!

Пра цяжкасці

— А што вы скажаце наконт цяперашніх эканамічных цяжкасцяў? Гэта ж не дробязь.

— Скажу, што ўвесь свет жыве не на падачках, а на заробленае. Так і мы павінны. А так мы намалявалі сабе бязвоблачную будучыню і атрымлівалі не забяспечаныя розумам, працай і ведамі прэферэнцыі. Таму так і здарылася. І ставіцца да гэтага трэба спакойна.

— А вы адчулі гэта на сабе?

— Так, як і ўсе звычайныя людзі. У мяне таксама грошы былі ў банку...

— Што б вы параілі людзям рабіць цяпер?

— Шукаць сабе належнае прымяненне, калі яны лічаць, што вычарпалі сябе на пэўным месцы працы і могуць зарабіць болей. Зразумела (я так і сваім выкладчыкам кажу), калі вы гатовы ўвайсці ў рыначную эканоміку з яе жорсткай канкурэнцыяй. Трэба шукаць, як выжыць у гэтых умовах. Спадзявацца больш на сябе, чым на кагосьці.

— А якія часіны былі самыя складаныя ў вашым жыцці?

— Найгорш было напрыканцы існавання Савецкага Саюза. Тады вялікім шчасцем было атрымаць заробак — "голы" аклад, без прэмій. А цяпер — гэта не край. Проста прызвычаіліся да лішніх грашовых знакаў у кішэні, а цяпер крычым "Ай-ай-ай!" Аднак, па маіх назіраннях, меней прадуктаў набываць у гіпермаркеце не сталі!

Пра харчаванне

— Як рэктар універсітэта харчавання, вы, напэўна, навукова падыходзіце да ежы.

— Як і ўсе людзі (смяецца). Я махляроў сустракаў у навуцы, але ў гэтай сферы, харчавання і здароўя, іх увогуле зашмат. Я паблажліва стаўлюся да рэкамендацый есці і жыць асаблівым чынам, як і да абяцанняў у выніку пражыць сто гадоў.

— Тады дайце сваю рэкамендацыю.

— Што для чалавека смачна і прыемна, тое і можна есці. Толькі ў разумных межах. Нашы густы звязаны ў многім з сямейнымі традыцыямі: што вам маці гатавала — тое і смачна. Я люблю кіслую капусту і агуркі, сала і каўбасу. Не рабіце вынаходніцтваў у ежы. Меней спажывайце ежы, зробленай іншымі рукамі: трэба харчавацца дома, бо варта бачыць, з чаго і як гатуецца страва.

— Але і гэта не можа быць панацэяй: уплыў экалогіі на ежу таксама нельга адмаўляць.

— Я быў некалькі разоў у ЗША і некалькі дзясяткаў гадоў таму бачыў там шмат чаго штучнага. Там, як і ў Еўропе цяпер, у сельскай гаспадарцы выкарыстоўваецца шмат сродкаў стымулявання для атрымання валу прадукцыі, і сродкаў абароны раслін. А гэта хімія, і рэшткі яе застаюцца на прадукцыі. У нас сельская гаспадарка да гэтага яшчэ не дарасла, і прадукцыя яе не сапсавана хімікатамі ў такой ступені. Напрыклад, беларускія яблыкі столькі разоў, як у Польшчы, не апрацоўваюцца. У нас яшчэ шмат натуральнай ежы.

Пра жыццё

— Што цяпер галоўнае для вас у жыцці?

— Цяперашняя праца. Зносіны з моладдзю: яна ж наша, іншай не будзе. Мне 63 гады, і ў гэтым узросце чалавек разумее: жыццё пражыў, шмат бачыў і ведаеш, і цяпер трэба адпрацаваць гэта, прынесці карысць. Заробкі цяпер мяне мала хвалююць, мае каштоўнасці іншыя. Я знайшоў сябе як выкладчык, як кіраўнік. Я ніколі не бегаў за званнямі: тут мне нядаўна прапанавалі да англійскага каралеўскага двара ехаць па медаль, але гэта каштуе грошай, якія сёння зусім не лішнія для майго ўніверсітэта. У чалавека павінна быць пачуццё меры, каб жыць не далёкімі гарызонтамі і перспектывамі, а блізкімі рэаліямі.

— Вашы пажаданні чытачам "Звязды"?

— Шукаць сабе прымяненне, якое б задаволіла. Ацэньваць правільна сітуацыю, не рызыкаваць дарма, жыць паўнавартасным жыццём. Пакуль яно вам дараванае.

Гутарыла Ілона Іванова

¢ 

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Рэктар Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта харчавання, доктар тэхнічных навук, прафесар, заслужаны дзеяч навукі Рэспублікі Беларусь, член-карэспандэнт...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика