Кантроль над наркотыкамі. 21.by

Кантроль над наркотыкамі

02.03.2012 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

У Гродне з'явіцца буйны цэнтр рэабілітацыі для нарказалежных

Са стварэннем Мытнага саюза, адкрыццём межаў з суседняй Расіяй айчынныя спецыялісты прагназуюць рост колькасці спажыўцоў наркотыкаў. Міністэрствы аховы здароўя і ўнутраных спраў рыхтуюцца да гэтай сітуацыі. Арганізацыя Аб'яднаных Нацый прадстаўляе тым часам гадавы даклад Міжнароднага камітэта па кантролі над наркотыкамі за 2011 год. Праблема наркотыкаў разглядаецца ў дакладзе з пункту гледжання раз'яднання грамадства, чаму спрыяюць сацыяльная няроўнасць, міграцыя, палітычныя і эканамічныя пераўтварэнні, з'яўленне культуры нястрыманасці, змена традыцыйных каштоўнасцяў, імклівая ўрбанізацыя, канфлікты, рост індывідуалізму і спажывання, страта павагі да закона і з'яўленне мясцовай наркаэканомікі.

Прадстаўнік ААН у Рэспубліцы Беларусь Антоніус БРУК:

— Эксперты папярэджваюць, што колькасць проціпраўных дзеянняў, якія ўчыняюцца з прымяненнем наркотыкаў, расце ва ўсім свеце. Псіхаактыўныя рэчывы часта прымяняюцца для здзяйснення замахаў сэксуальнага характару. Многія мужчыны і жанчыны неаднаразова станавіліся ахвярамі такіх злачынстваў, якія мелі на мэце іх прымушэнне да заняткаў прастытуцыяй. Забароненыя наркотыкі можна заказаць оn-lіnе праз незаконныя інтэрнэт-аптэкі паралельна з лекамі рэцэптурнага водпуску. Незаконныя інтэрнэт-аптэкі пачалі выкарыстоўваць сацыяльныя сеткі для рэкламы сваіх вэб-сайтаў, наведвальнікі якіх рызыкуюць набыць небяспечныя лекавыя сродкі, у тым ліку падробкі. Еўрапейскі рэгіён па-ранейшаму займае другое ў свеце месца па аб'ёме гандлю какаінам. Акрамя таго, у Еўропе не паніжаецца незаконны выраб амфетамінаў. Расце дыяпазон рэчываў, якія з'яўляюцца прадметам злоўжывання.

Паводле ацэначных даных, у Беларусі пражывае па меншай меры 50 тысяч спажыўцоў наркотыкаў. За апошнія тры гады мы адкрылі 12 пунктаў замяшчальнай метадонавай тэрапіі для спажыўцоў наркотыкаў. Праграма ахапіла 700 кліентаў. Частка грамадскасці лічыць замяшчальную тэрапію спробай легалізацыі наркотыкаў, што не адпавядае рэчаіснасці. Метадонавая тэрапія вось ужо на працягу шасцідзесяці гадоў прымяняецца ў Заходняй Еўропе і даказала сваю эфектыўнасць. Замяшчальную тэрапію варта разглядаць як частку догляду за нарказалежнымі пацыентамі, што дазваляе ім вярнуцца да здаровага жыцця, спыніць пошук нелегальных наркотыкаў, які суправаджаецца злачынствам. Кошт метадонавай тэрапіі складае каля 120 долараў у год на чалавека. Гэта па меншай меры ў 20 разоў менш, чым кошт наркотыкаў, якія набываюцца. Такім чынам, праграма дае добры эканамічны эфект для грамадства.

Начальнік упраўлення па наркакантролі і процідзеянні гандлю людзьмі Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі Аляксандр ГАЎРЫЛАЎ:

— Для больш аператыўнага рэагавання на з'яўленне на рынку новых наркотыкаў міністэрства ініцыявала ўвядзенне ў новую рэдакцыю Закона "Аб наркатычных сродках, псіхатропных рэчывах і іх прэкурсорах" паняцця аналагавых наркатычных сродкаў і псіхатропаў — рэчываў, якія абыходзяць існуючыя меры кантролю. Адначасова прапануецца ўвесці крымінальную адказнасць за іх абарот на тэрыторыі краіны. Акрамя таго, рыхтуецца праект Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь аб парадку аднясення рэчываў да аналагаў наркатычных сродкаў і псіхатропаў, забароне іх незаконнага абароту і ўстанаўленні адпаведнай адказнасці — крымінальнай за абарот на тэрыторыі краіны і адміністратыўнай за рэкламу і ўжыванне ў грамадскім месцы. Такія меры дазволяць абмежаваць экспансію новых наркотыкаў у краіну да канчатковай прапрацоўкі і ўступлення ў законную сілу дапаўненняў і змяненняў у закон аб наркотыках, Крымінальны кодэкс і Кодэкс аб адміністратыўных правапарушэннях.

У межах Мытнага саюза міністэрства прапануе зрабіць больш жорсткімі санкцыі за незаконны ўвоз наркотыкаў з тэрыторый Расіі і Казахстана. Дарэчы, Расія прыняла закон, паводле якога крайняй мерай у галіне незаконнага абароту наркотыкаў стала пажыццёвае пазбаўленне волі.

Галоўны нарколаг Міністэрства аховы здароўя Беларусі Сяргей ОСІПЧЫК:

— У Беларусі назіраецца стабільны рост колькасці асоб, якія стаяць на дыспансэрным наркалагічным уліку. Пастаўлены на ўлік і 4 чалавекі ва ўзросце да 10 гадоў. Асноўнай жа колькасці нарказалежных — ад 26 да 30 гадоў. Тых, хто пакутуе ад наркаманіі, больш за ўсё ў Мінску. Ёсць і вучні школ, і навучэнцы ПТВ, студэнты тэхнікумаў і ВНУ. Не вучацца і не працуюць — каля 5 працэнтаў ад агульнай колькасці. 53 працэнты пражываюць не ў шлюбе. 21 працэнт выхоўваецца ў няпоўнай сям'і. Двойчы і болей судзімыя — каля 30 працэнтаў, адну судзімасць маюць 20 працэнтаў.

На працягу года плануецца адкрыць тры пункты замяшчальнай тэрапіі "Метадон". Гэта новая інавацыйная сацыяльная тэхналогія, якая ажыццяўляецца на тэрыторыі нашай краіны сумесна з ПРААН, дае досыць высокі эканамічны эфект. Трэба разумець, што барацьба з прапановай наркасродку, зніжэнне попыту на наркатычны сродак можа быць эфектыўнай толькі тады, калі дапаўняецца праграмамі зніжэння шкоды. Зніжэнне шкоды — гэта зніжэнне рызыкі заражэння ВІЧ, прафілактыка злачыннасці, прадухіленне захваральнасці на гепатыты, палавыя інфекцыі.

Метадонавая праграма — не адзіны метад, які дазваляе, як кажуць самі залежныя, "быць сухім", прычым на працягу 15-20 гадоў... Я лічу, гэта вельмі добры эфект. Падобныя прыклады ёсць не толькі па замяшчальнай тэрапіі, аднак існуе пэўная катэгорыя наркаспажыўцоў, якія не маюць эфекту на іншых праграмах рэабілітацыі, і метадонавая праграма з'яўляецца для іх апошняй саломінкай. За 24 месяцы залежныя аднаўляюць біялагічныя сілы арганізма, вяртаюцца да нармальнага жыцця, знаходзяць працу, ствараюць сям'ю, нараджаюць здаровых дзяцей...

Рэабілітацыйныя аддзяленні і цэнтры ёсць сёння ў кожнай вобласці. У РНПЦ псіхічнага здароўя працуюць два аддзяленні рэабілітацыі для пацыентаў з наркатычнай залежнасцю. Тым не менш, у хуткім часе ў Гродне з'явіцца буйны рэабілітацыйны цэнтр. Сродкі на яго выдаткоўвае Еўрасаюз у межах праграмы трансгранічнага супрацоўніцтва паміж Беларуссю, Украінай і Польшчай.

Святлана БАРЫСЕНКА.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У Гродне з'явіцца буйны цэнтр рэабілітацыі для нарказалежных Са стварэннем Мытнага саюза, адкрыццём межаў з суседняй Расіяй айчынныя спецыялісты прагназуюць...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика