Пуцін і інтэграцыя — словы сінанімічныя
06.03.2012
—
Новости Общества
|
Уладзіміру Пуціну хапіла і першага тура для перамогі над супернікамі ў прэзідэнцкай гонцы. Вынікі расійскіх выбараў могуць выклікаць якую заўгодна рэакцыю, толькі не здзіўленне. Не трэба быць празорлівым палітолагам і ўжо тым больш экстрасэнсам, каб прадказаць такі зыход. Прыкметна, што "самаму высокаму" кандыдату дасталася "бронза" ў гэтым спаборніцтве. А ў сталіцы дык і наогул "серабро". Першая ў расійскай гісторыі спроба бізнэсмена стаць прэзідэнтам хоць і не ўдалася, але да пэўных высноў абавязвае. У алігарха Міхаіла Прохарава ёсць досыць салідная электаральная база. І хоць сёння яна яшчэ недастатковая для поспеху, гэта добры зачын, магчыма, ужо для наступных выбараў. А час у гэтага палітыка ёсць — ён жа не толькі самы высокі, але яшчэ і самы малады кандыдат. "Балотны" бунт у ноч пасля выбараў не паўтарыўся. Магчыма, таму, што найбуйнейшыя пляцоўкі былі занятыя мітынгамі ў падтрымку пераможцы. Лідар электаральнай гонкі Уладзімір Пуцін сам рабіў акцэнт на тым, што выбары павінны прайсці транспарэнтна. Менавіта ён ініцыяваў фарміраванне корпуса назіральнікаў і абсталяванне выбарчых участкаў вэб-камерамі.
Назіральная місія СНД сур'ёзных парушэнняў не выявіла, а дапушчаныя дробныя тэхнічныя хібы, маўляў, на волевыяўленне грамадзян не паўплывалі. "Нашы назіральнікі прысутнічалі пры адкрыцці ўчасткаў, самім працэсе галасавання, закрыцці і пачатку падліку галасоў. У нас практычна адзінадушнае меркаванне, што на ўчастках была добразычлівая атмасфера. Члены камісіі ўважліва ставіліся да назіральнікаў і выбаршчыкаў", — распавёў журналістам Вадзім ПАПОЎ, кіраўнік групы назіральнікаў ад Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі, старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па эканоміцы, бюджэце і фінансах. Сваімі ўражаннямі ад назірання за расійскімі выбарамі падзяліўся з чытачамі "Звязды"Сяргей Крыжэвіч, старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па аграрных пытаннях: — Парушэнняў, якія маглі б паставіць пад сумненне вынікі выбараў, не зафіксавана. І паводле маіх уражанняў, іх і не было. А гэтыя заявы пра фальсіфікацыі, на мой погляд, суб'ектыўныя і надуманыя. Як назіральнік я працаваў на 10 участках: на першым — пры адкрыцці, на апошнім — пры закрыцці. На ўсіх адчувалася добрая падрыхтоўка членаў выбарчых камісій, высокі арганізацыйны ўзровень. Асабліва хочацца адзначыць актыўнасць выбаршчыкаў. Я прысутнічаў і на выбарах у Думу некалькі месяцаў таму. Тады таксама была неблагая актыўнасць, але тут проста аншлаг. Адчуваецца, людзі з жаданнем ішлі. Перакананыя, што абраны імі прэзідэнт вызначыць будучыню не толькі краіны, але і кожнага выбаршчыка. Пытанне пра ўплыў вынікаў выбараў на стасункі з Беларуссю ў нашай сітуацыі, мне падаецца, рытарычнае. Трэба разумець, што абраны прэзідэнт не проста асобнай краіны, а дзяржавы, якая з'яўляецца суб'ектам саюзных узаемаадносін. У нас ёсць органы Саюзнай дзяржавы, Мытны саюз, Адзіная эканамічная прастора. Уладзімір Пуцін заўжды быў удзельнікам інтэграцыі і ніколі не адыходзіў далёка ад гэтага. Апошнім часам інтэграцыйныя працэсы прыкметна актывізаваліся. Таму я з надзеяй гляджу ў будучыню і веру, што збліжэнне двух братэрскіх народаў будзе працягвацца. Прагаласаваць расійскія грамадзяне маглі і ў Беларусі. Каля расійскага пасольства ў сталіцы выстраіўся цэлы натоўп ахвотнікаў. Толькі тут прагаласавала больш за 5 тыс. чалавек. Наогул у нашай краіне каля 13 тыс. расійскіх грамадзян узялі ўдзел у выбарах. Цікава, што па выніках галасавання расіян у Беларусі Прохараў і Зюганаў памяняліся месцамі ў рэйтынгу электаральных пераваг. Насупраць іх прозвішчаў пакінулі адзнаку каля 15 адсоткаў і амаль 12 адсоткаў выбаршчыкаў адпаведна. Лідарскія пазіцыі засталіся за Уладзімірам Пуціным: яму аддалі свае галасы амаль 67 адсоткаў расіян, якія прыйшлі на выбарчыя ўчасткі ў Беларусі. Як паўплываюць выбары на кантакты дзвюх краін, разважае старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па міжнародных справах і сувязях з СНД Віталь БУСЬКО: — Пуцін і інтэграцыя — гэтыя два словы сёння сінанімічныя. У інтэграцыйных працэсах Беларусь зможа знайсці сябе і ўласнае самавыражэнне. Таму гэта якраз той выбар, які сёння падыходзіць як расіянам, так і беларусам. Мы ж, са свайго боку, спадзяёмся на стабільнасць, большую адкрытасць палітыкі Расіі ў дачыненні да Беларусі і далейшае ўмацаванне інтэграцыйных працэсаў. Краіна, якая мае такога моцнага суседа-саюзніка, па-іншаму ўспрымаецца і ў свеце. Ала МАЧАЛАВА. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Уладзіміру Пуціну хапіла і першага тура для перамогі над супернікамі ў прэзідэнцкай гонцы. Вынікі расійскіх выбараў могуць выклікаць якую заўгодна рэакцыю,... |
|