Дах над галавой. 21.by

Дах над галавой

06.03.2012 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

У Гродне сёлета пабудуюць арэндны дом

Пра гэта паведаміў на прэс-канферэнцыі па пытаннях жыллёвага будаўніцтва старшыня камітэта па архітэктуры і будаўніцтве Гродзенскага аблвыканкама Міхаіл ПЕТУХ.

У арэндным доме, які будзе пабудаваны за кошт бюджэтных сродкаў, прадугледжаны ў асноўным маламетражныя кватэры, з адным ці двума пакоямі. Арандаваць гэтае жыллё будзе танней, чым зняць кватэру. Але даражэй у параўнанні з рахункамі, што прад'яўляюцца гаспадарам кватэр жыллёва-эксплуатацыйнымі прадпрыемствамі.

У першую чаргу на кватэру ў арэндным доме змогуць прэтэндаваць грамадзяне, якія маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў і стаяць на ўліку. Дагавор найму такога памяшкання будзе заключацца не больш чым на пяць гадоў. Пры гэтым наймальнік, які належным чынам выконваў свае абавязкі, будзе мець пераважнае права перад іншымі асобамі заключыць дагавор на новы тэрмін.

Увогуле сёлета на Гродзеншчыне прадугледжана ўвесці ў эксплуатацыю 520 тысяч квадратных метраў жылля, у тым ліку 142 кватэры ў сельскагаспадарчых арганізацыях, 112 — сацыяльнага карыстання, 287 — для шматдзетных сем'яў, 138 — для адсялення людзей, якія пражываюць у старых і аварыйных дамах.

Міхаіл Петух не сумняваецца, што будаўнікам па сілах выканаць гэту праграму, аднак не ўсё залежыць толькі ад іх. Сёння абвастрылася пытанне па разліках за выкананыя работы з падраднымі арганізацыямі. Асноўная прычына неплацяжоў у тым, што крэдытныя лініі забудоўшчыкам кааператываў адкрываліся, зыходзячы яшчэ з кошту квадратнага метра на пачатак будаўніцтва дамоў альбо з улікам прагнознага індэкса. Пасля ўступлення ў сілу Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 13 памер крэдытнай лініі з улікам змянення індэкса будаўніча-мантажных работ не пералічваўся. Большасці членаў кааператываў, якія не трапілі пад дзеянне пункта 1.1 гэтага Указа па льготным крэдытаванні, неабходна будзе ўнесці розніцу паміж агульным коштам кватэры і памерам адкрытага льготнага крэдыту за кошт уласных сродкаў (30-50 мільёнаў рублёў). А такія грошы ў пераважнай часткі забудоўшчыкаў адсутнічаюць.

Як паказвае аналіз, толькі 36 працэнтаў членаў жыллёва-будаўнічых кааператываў сёння трапляюць у катэгорыю для льготнага крэдытавання (пад 1% — 3,4% забудоўшчыкаў, пад 9% — 15,2%, пад 22,5% — 17,4% членаў кааператываў). Прычым для грамадзян апошняй катэгорыі (маладыя сем'і з двума непаўналетнімі дзецьмі) наўрад ці будзе рэальна ажыццявіць будаўніцтва — сума штомесячнага плацяжу па крэдыце за двухпакаёвую кватэру ў панэльным доме ў Гродне складзе 3 мільёны рублёў пры кошце 1 кв. метра — 3,5 мільёна рублёў.

Альбо такая праблема. На Гродзеншчыне 616 сем'яў у 45 сфарміраваных жыллёва-будаўнічых кааператывах не заключылі крэдытныя дагаворы па прычыне прыпынення гэтай працэдуры ў кастрычніку мінулага года. Такім чынам, людзі былі, так бы мовіць, у аднолькавых стартавых умовах. Але адна частка членаў кааператыва мае крэдытны дагавор на ранейшых умовах, а другая вымушана заключаць яго ўжо на новых. А некаторыя ўвогуле страцілі права на льготнае крэдытаванне і ажыццяўляць будаўніцтва змогуць толькі за ўласныя сродкі. Наколькі гэта адпавядае прынцыпу сацыяльнай справядлівасці?

— Па ўсіх сфарміраваных жыллёва-будаўнічых кааператывах на дату ўступлення ў сілу Указа № 13 прадастаўленне льготных крэдытаў неабходна ажыццяўляць на ўмовах таго заканадаўства, якое дзейнічала раней. Пры недастатковасці для гэтага крэдытных рэсурсаў тэрміны будаўніцтва жылых дамоў павялічваць да двух-трох гадоў, — прапануе ў гэтай сувязі камітэт па архітэктуры і будаўніцтве Гродзенскага аблвыканкама.

Барыс ПРАКОПЧЫК.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У Гродне сёлета пабудуюць арэндны дом Пра гэта паведаміў на прэс-канферэнцыі па пытаннях жыллёвага будаўніцтва старшыня камітэта па архітэктуры і будаўніцтве...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика