"Няхай мужчыны прысвячаюць вам свае рэкорды!". 21.by

"Няхай мужчыны прысвячаюць вам свае рэкорды!"

10.03.2012 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Напярэдадні свята член рэдкалегіі Кнігі рэкордаў краін СНД і Балтыі "Дзіва" Аляксандр КАЛІНІН разам са "Звяздой" склалі ТОП-3 беларускіх жанчын-рэкардсменак.

1. Алеся ГУЛЕВІЧ — у 2004 годзе ў бостанскім цырку "Біг Эпл" адначасова ўтрымала і змагла тры разы пракруціць 99 хула-хупаў (абручоў). У чэрвені 2006 артыстка зноў трапіла ў Кнігу рэкордаў Гінэса, бо раскруціла на гэты раз ужо 101 абруч.

2. Ірына ВЕЛЯНКОВА — адзіная ў свеце жанчына, якая выжыла пасля начоўкі ў "зоне смерці" на вышыні 8000 метраў у Гімалаях. Праз два з паловай гады пасля ампутацыі пальцаў абедзвюх ног і часткі пятачных касцей майстар спорту міжнароднага класа здзейсніла ўзыходжанне на Эльбрус. Пасля яшчэ два. Будучы інвалідам 2 групы, у маі 2001 года яна самастойна арганізавала экспедыцыю і стала першым прадстаўніком Беларусі, які ўзышоў на вышэйшую кропку Паўночнай Амерыкі — пік Мак-Кінлі (6193 метры). У лютым 2004 года беларуска пакарыла вышэйшую кропку Паўднёвай Амерыкі — пік Аконкагуа (6960 метраў). Падобных дасягненняў у жаночым сусветным альпінізме няма.

3. Алена АЛЯШКЕВІЧ — дзіцячы кардыёлаг з Ліды трапіла ў шостае выданне кнігі рэкордаў "Дзіва" як уладальніца самай доўгай касы ў Беларусі. Даўжыня валасоў лідчанкі — 160 сантыметраў, пры росце Алены ўсяго 167 сантыметраў.

— Аляксандр Фядотавіч, вось мы з вамі прагарталі не адзін выпуск кніг рэкордаў. Чаму сярод беларускіх рэкардсменаў так мала жанчын?

— Так, у асноўным рэкорды ставяць мужчыны. Звязваю гэта, у першую чаргу, з тым, што жанчыны менш амбіцыйныя. І ў гэтым няма нічога дрэннага. Затое нашы жанчыны — самыя прыгожыя ў свеце. А прыгажосць, самі разумееце, такая катэгорыя, якую цяжка параўнаць. Куды прасцей параўноўваць кіламетры, секунды, тоны...

— Вы сказалі пра тоны, і я адразу ж узгадала беларускіх асілкаў Кірыла Шымко і Паўла Сароку, якія першымі ў свеце зрушылі з месца і працягнулі 510 сантыметраў 30-тонны танк.

— Вельмі шмат рэкордаў належыць беларусам у сферы сілавой вынослівасці і падняцця цяжкасцяў. І танкі цягаюць, і вагоны, і самалёты. Рэкардсменам сярод беларускіх асілкаў смела можна назваць майстра спорту міжнароднага класа па гіравым спорце Вячаслава Харанеку. Ён неаднаразова трапляў не толькі ў "Дзіва", але і ў Кнігу рэкордаў Гінэса. Адзін з яго экстрэмальных рэкордаў — на працягу 48 гадзін без перапынку на сон 6160 разоў падняў знізу ўверх на прамых руках 40-кілаграмовую бочку з вадой.

— Хто з беларусаў трапіў на старонкі апошняга — шостага — выдання кнігі рэкордаў "Дзіва"?

— Вучні мінскай сярэдняй школы №143, якія разам з журналістамі скруцілі сняжок вагой больш за чатыры тоны і расфарбавалі яго пад глобус. Таксама адзначыўся і Яўген Казлоў, селекцыянер з Магілёва. Мужчына з аднаго зярнятка вырасціў 41 сцябло з каласкамі. Ёсць у "Дзіва" і прозвішча беларускага "ляўшы" з Мазыра Міхаіла Яршова, які з дапамогай 832 цвічкоў падкаваў яйка 208 мініяцюрнымі падкоўкамі. На гэтым майстар не супакоіўся і да 300-годдзя Санкт-Пецярбурга ўпрыгожыў 530 падкоўкамі гусінае яйка з выявай шпіля Адміралцейства...

— Як вы знаходзіце такіх "самародкаў"?

— Нехта "прарваўся" сам, некага мы "прасунулі", і не толькі ў "Дзіва", але і ў Кнігу рэкордаў Гінэса. Прынамсі, я накіраваў у рэдакцыю кнігі Гінэса матэрыялы знакамітага беларускага мастака Аляксандра Кішчанкі. Яго ўжо, на жаль, няма ў жывых. Неўзабаве беларускі мастак быў занесены ў Кнігу рэкордаў Гінэса, як аўтар самага вялікага габелена ў свеце. Маштабнасць яго твора сапраўды ўражвае: гэта палатно 14х19 метраў, вагой каля 300 кілаграмаў, агульная даўжыня ніткі — 806 кіламетраў. Габелен ткаўся ўручную чатыры гады, на ім выявы больш за 80 вядомых асоб: палітыкаў, філосафаў, вучоных, музыкантаў, мастакоў, рэжысёраў. У каторы раз пераконваюся, што ў Беларусі жывуць вельмі таленавітыя людзі, яны ўражваюць сваёй сілай волі, працалюбствам і настойлівасцю. Адзінае, што беларусам часам перашкаджае, — адсутнасць сродкаў, прыродная сціпласць і няўменне сябе "раскручваць".

Аляксандр КАЛІНІН.

Доктар філасофіі. Сузаснавальнік Інстытута парламентарызму і прадпрымальніцтва. Суддзя міжнароднай катэгорыі па гіравым спорце, член выканкама Міжнароднай федэрацыі гіравога спорту. Старшыня Беларускага саюза прадпрымальнікаў.

— Аляксандр Фядотавіч, а праўда, што ў Беларусі знаходзіцца самы стары дзейны вежавы гадзіннік у СНД?

— Так, адна з заявак прыйшла да нас з Гродзенскага гарвыканкама. На вежы Фарнага касцёла ў гэтым абласным цэнтры ўсталяваны гадзіннік, "узрост" якога каля пяці стагоддзяў. Згодна з архіўнымі звесткамі, пасада захавальніка гэтага механізма была ўведзена па распараджэнні каралевы Боны Сфорцы яшчэ ў 1541 годзе. Трапіла ў кнігу "Дзіва" таксама і трохрогая каза пенсіянеркі з беларускай вёскі Пархімаўка Ганны Іванаўны Матысік. Яна набыла гэта дзіва на рынку ў Гродне. Трохрогую ніхто не хацеў браць, таму яе прадавалі танней. Белка стала мясцовай знакамітасцю не толькі з-за трох рагоў, але і таму, што дае гаючае малако. Акрамя гэтых рэкордаў, у кнігу "Дзіва" ўвайшлі самы стары ў Еўропе Нацыянальны парк "Белавежская пушча", самая доўгая сцяна графіці ў Гомелі, самазвалы БелАЗ-75600 грузапад'ёмнасцю 320 тон, а таксама копія Эйфелевай вежы ў Абакане, якую стварыў ландшафтны дызайнер Васіль Антропаў у гонар дачкі — "Міс Беларусь — 2004" Вольгі Антропавай.

— А чым "Дзіва" адрозніваецца ад знакамітай Кнігі рэкордаў Гінэса?

— Кніга "Дзіва" выдаецца ў Маскве раз у тры гады і з'яўляецца альтэрнатывай англамоўнай Кнігі рэкордаў Гінэса. Апошняя ўтрымлівае шмат бяссэнсавых дасягненняў накшталт самага далёкага пляўка, паядання прусакоў на хуткасць і нават самай вялікай колькасці расшпіленых за хвіліну бюстгальтараў. "Дзіва" ж — больш пазнавальнае выданне. Героі кнігі, як правіла, па-сапраўднаму таленавітыя і вынослівыя. Яна змяшчае славянскія дасягненні і выдаецца групай энтузіястаў. Кнігу ж рэкордаў Гінэса спансіруе вядомы вытворца піва. За многія гады супрацоўніцтва з Гінэсам я пераканаўся, што лонданская рэдакцыя пры фіксацыі рэкорда кіруецца пераважна геаграфічным фактарам. Яны арыентуюцца на англамоўны свет, іх больш цікавяць краіны, пакупнікі іх пеннага напою. Як доказ сваіх слоў прывяду прыклад: калі наш цудоўны цяжкаатлет Вячаслаў Харанека пабіў рэкорд ірландца па працягласці падняцця піўной бочкі, то Гінэс проста выключыў з кнігі гэтую намінацыю. Атрымліваецца, ірландцы ў кнізе — цікавыя, а беларусы з аналагічнымі рэкордамі — не.

— Ці трэба, на ваш погляд, дзяржаўнае фінансаванне для кнігі рэкордаў?

— Пэўна, не. Зараз рыхтуецца чарговае, сёмае выданне кнігі "Дзіва", куды ўвойдуць у тым ліку і беларусы. Калі ёсць ахвотнікі сярод беларускіх прадпрымальнікаў выступіць спонсарам выдання, то, калі ласка, няхай да мяне звяртаюцца. Але не хацелася б, каб гэта была кампанія па вытворчасці алкагольных ці тытунёвых вырабаў.

— Можаце назваць апошні, зафіксаваны ў нашай краіне, рэкорд?

— Напрыканцы мінулага года ў Мінску праходзіў Міжнародны чэмпіянат па хуткасным паяданні традыцыйнай беларускай стравы — дранікаў. Самым хуткім аказаўся Віталь Лукашонак, які асіліў сямнаццаць дранікаў за тры хвіліны. Гэты рэкорд, я перакананы, увойдзе ў сёмы выпуск кнігі "Дзіва", а магчыма, і ў Кнігу Гінэса.

— А вы самі якім рэкордам аддаяце перавагу?

— Дастойным, якія выклікаюць захапленне, павагу, нясуць карысць. Прымушаюць задумацца людзей аб здаровым ладзе жыцця і заняцца спортам, напрыклад. Я не збіраюся займацца рэкордамі накшталт хто далей плюне або хто разаб'е галавой найбольшую колькасць кавуноў ці драўляных туалетных сядушак, як Гінэс. Гэта, на мой погляд, антырэкорды.

— А які рэкорд здзівіў больш за ўсё?

— Адным з найцікавейшых мне падаецца рэкорд "чалавека-камп'ютара" Аляксея Мяшкова. Барысаўчанін свабодна перамнажае ў галаве 12-значныя лічбы. Малады чалавек прыязджаў у Мінск, і спецыяльная камісія зафіксавала яго сапраўды ўнікальную здольнасць, выпрацаваную доўгімі трэніроўкамі. Пачынаў з памнажэння двухзначных, потым перайшоў на трохзначныя, і ўрэшце дасягнуў памнажэння дванаццацізначных лічбаў на дванаццацізначныя. І я перакананы, што для такога мэтанакіраванага чалавека гэта не мяжа. Выклікае павагу і напорыстасць магіляўчаніна Аляксандра Бендзікава. Ён сабраў у Беларусі самую вялікую колькасць дыпломаў Гінэса. Свой першы рэкорд у раздзеле "Балансіроўка" ўстанавіў яшчэ ў 1994 годзе, калі паставіў на рабрыну адной касцяшкі даміно яшчэ 522 такіх жа. Затым на рабрыне манеты размясціў 880 манет, пабудаваў піраміду з 410 040 піўных вечак, выклаў на рабрыне манеты слупком 257 манет. Зусім нядаўна, летась, паставіў 1036 касцяшак даміно на рабрыну адной касцяшцы, якая стаяла вертыкальна.

— Што дае прысутнасць прозвішча ў кнізе рэкордаў самому рэкардсмену?

— Матэрыяльна — нічога. А ўсведамленне сваёй унікальнасці, задавальненне амбіцый — абавязкова. Людзям уласціва сябе праслаўляць. Без тых, хто хоча выдзеліцца на агульным фоне, чалавецтва не крочыла б наперад.

— Што трэба зрабіць, каб трапіць у кнігу "Дзіва"?

— Напісаць заяву на адрас нашага офіса: 220004, Мінск, вул. Няміга, 38, офіс 12 альбо звязацца са мной па тэлефоне 209 05 43 (электронны адрас bеlsр1991@mаіl.ru). Рэкорд павінен быць дакументальна пацверджаны фота- ці відэаздымкай, а таксама ўстанаўлівацца ў прысутнасці сведкаў, прэсы. Існуе і больш просты шлях. Я, як афіцыйны прадстаўнік кнігі "Дзіва", магу прысутнічаць і фіксаваць рэкорд ці даручыць каму-небудзь. У гэтым выпадку сведкі не патрэбныя. Але падаць заяўку трэба як мінімум за месяц да падзеі.

— А калі рэкорд унікальны не толькі ў маштабах краін СНД, але і ўсяго свету?

— Яго можна адаслаць у Кнігу рэкордаў Гінэса як з нашай дапамогай, так і самастойна. Для гэтага трэба зайсці на афіцыйны сайт Кнігі рэкордаў Гінэса ў інтэрнэце, запоўніць анкету на англійскай мове і чакаць адказу.

— Што пажадаеце жанчынам, якія чытаюць нашу газету?

— Будзьце прыгожымі і любімымі. І няхай мужчыны прысвячаюць вам свае рэкорды! Як гэта зрабіў рэкардсмен кнігі "Дзіва", майстар спорту, парашутыст Дзмітрый Яцук з Магілёва, які да ганку ЗАГСа на ўласнае вяселле спусціўся на парашуце.

Надзея ДРЫЛА.

¢

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Напярэдадні свята член рэдкалегіі Кнігі рэкордаў краін СНД і Балтыі "Дзіва" Аляксандр КАЛІНІН разам са "Звяздой" склалі ТОП-3 беларускіх...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика