Дым цыгарэт з ментолам...

24.03.2012 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Ёсць такі жарт: курэнне выклікае міліцыю. На самой справе, калі вашы суседзі рэгулярна кураць у пад'ездзе, лепш звяртацца ў ЖЭС — будзе больш карысці. Але гэта пасля таго, калі на курцоў не падзейнічаюць надрукаваная прыгожым шрыфтам таблічка "Просьба не курыць" і вашы інтэлігентныя заўвагі. Алгарытм вашых дзеянняў чытайце ніжэй, але спачатку...

...падлічым выдаткі (для таго, каб набрацца рашучасці)

Грошы, якія чалавек плаціць за пачак цыгарэт — гэта самая меншая частка яго выдаткаў. Усім вядома, што за сваю дрэнную звычку ён плаціць яшчэ і здароўем. І калі б у кошт тытунёвых вырабаў закладваліся сумы, якія курэц траціць, калі лечыць наступствы свайго курэння, то кошт цыгарэт узрос бы ў шмат разоў.

Крыўдна тое, што курэц самастойна плаціць грошы толькі за цыгарэту. Бальнічныя лісты яму аплачвае працадаўца, а самую галоўную плату — плату здароўем — аматар цыгарэт дзеліць пароўну з навакольнымі. Бо чалавек, які стаіць побач з ім, падвяргаецца такому ж уздзеянню, хіба што ў меншай канцэнтрацыі. Гэта значыць, ён гэтак жа ўдыхае больш за 4000 хімікатаў, у тым ліку 69 даказаных канцэрагенаў. Асабліва ўспрымальныя да пасіўнага курэння жанчыны і дзеці. Малыя часцей пакутуюць на лёгачныя захворванні, а ў жанчын на 70% павялічваецца рызыка развіцця раку малочнай залозы.

Як абараніць сябе і дзяцей?

Забарона на курэнне ў грамадскіх месцах ёсць практычна ва ўсіх краінах свету, у тым ліку і ў нашай. Так, згодна з артыкулам 17.9 Адміністрацыйнага кодэкса, курэнне ў месцах, дзе яно ў адпаведнасці з заканадаўчымі актамі забаронена, цягне за сабой штраф у памеры да чатырох базавых велічынь. Нагадаем, што, пачынаючы з красавіка, базавая велічыня будзе 100 тыс. рублёў.

А вось распаўсюджанае ў нас курэнне на лесвічных пляцоўках тычыцца зусім іншага артыкула і пакаранне за яго прадугледжана больш жорсткае. Калі курэц атручвае сваіх суседзяў тытунёвым дымам, ён парушае "Правілы карыстання жылымі памяшканнямі, утрымання жылых і дапаможных памяшканняў жылых дамоў у Рэспубліцы Беларусь", у якіх чорным па белым напісана: "Не дапускаецца курэнне ў падсобных памяшканнях кватэры, дзе пражываюць некалькі наймальнікаў ці уласнікаў, а таксама ў дапаможных памяшканнях жылога дома". Штраф за курэнне ў пад'ездах, калідорах, на лесвічных маршах і ў іншых дапаможных памяшканнях жылога дома складае ад 10 да 30 базавых велічынь (арт.21.16 Кодэкса аб адміністрацыйных парушэннях (КаАП). 

Так што калі сусед рэгулярна абкурвае вашу лесвічную клетку і на вашы ветлівыя заўвагі не рэагуе, не трэба цярпець. Вось ваш алгарытм дзеянняў: вы звязваецеся з майстрам ЖЭСа (лепш звяртацца пісьмова), каб ён выдаў курцу прадпісанне — асабіста ў рукі пад роспіс або заказным лістом з паведамленнем. Калі той не рэагуе, майстар складзе пратакол. Далей ЖЭС звернецца ў суд, які накладзе на няцямлівага суседа штраф.

Дарэчы, пратакол па арт. 21.16 КаАП можа скласці не толькі майстар ЖЭСа, але і ўпаўнаважаныя службовыя асобы сельскіх, пасялковых, раённых, гарадскіх і абласных выканаўчых камітэтаў, адміністрацый раёнаў у гарадах, а таксама органаў, якія ажыццяўляюць дзяржаўны санітарны нагляд.

Але, скардзячыся на падобную сітуацыю, будзьце гатовымі да таго, што, магчыма, вам давядзецца выступаць у судзе ў якасці сведкі. Так, гэта непрыемна. Але лепш ісці да канца, і не толькі дзеля вашага здароўя, але і здароўя вашых дзяцей. Сёння ў нас ёсць усе юрыдычныя магчымасці, каб адстаяць сваё права дыхаць чыстым паветрам.

Святлана БУСЬКО

МІЖ ІНШЫМ

Вам эмфізэму лёгкіх ці імпатэнцыю?

На цыгарэтных пачках з'явяцца жудасныя малюнкі

У краінах ЕўрАзЭС, у які ўваходзяць Беларусь, Расія, Казахстан, Кыргызстан і Таджыкістан, на ўпакоўках тытунёвых вырабаў з 1 ліпеня 2012 года з'явяцца наглядныя малюнкі аб шкодзе курэння.

На фотаздымках будуць адлюстраваны наступствы курэння: зморшчаныя і забітыя смоламі лёгкія, кранутая гангрэнай нага без аднаго пальца, счарнелыя зубы і пасінелае немаўля — ахвяра выкідышу. "Страшылкі" будуць друкавацца на абодвух баках пачка, прычым кожная выява павінна будзе займаць не менш за 50% плошчы паверхні.

Фотаздымкі будзе суправаджаць подпіс: на мясцовай мове з аднаго боку, на рускай — з другога. Сярод гэтых надпісаў ёсць і ўжо знаёмыя нашым курцам фразы, і новыя: "Курэнне выклікае інфаркты і інсульты", "Курэнне выклікае эмфізэму лёгкіх", "Абараніце дзяцей ад тытунёвага дыму", "Курэнне выклікае імпатэнцыю", "Курэнне выклікае заўчаснае старэнне скуры", "Курэнне выклікае парадантоз і выпадзенне зубоў". На думку некаторых медыкаў, страшныя карцінкі — самы моцны сродак прапаганды здаровага ладу жыцця. Плануецца, што дэманстрацыя наступстваў згубнай звычкі прывядзе да зніжэння колькасці курцоў на 20%. 

 

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Ёсць такі жарт: курэнне выклікае міліцыю. На самой справе, калі вашы суседзі рэгулярна кураць у пад'ездзе, лепш звяртацца ў ЖЭС — будзе больш карысці. Але гэта...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика