Чабурэкі па-крэольску
31.03.2012
—
Новости Общества
|
Чуткі пра пануючы ў Венесуэле голад значна перабольшаныя. Сапраўды, раней бедны люд тут недаядаў, але гэта было да Чавеса. Так, сёння краіна імпартуе каля паловы прадуктаў харчавання (уключаючы беларускае сухое малако), але гэты факт зусім не сведчыць пра беднасць венесуэльскага стала. Наадварот, сённяшняя праблема нацыі — пераяданне. Вінаватыя ў гэтым дзве рэчы: з аднаго боку — фастфуд, з другога — нацыянальная кухня, багатая на стравы з мукі. Фастфуд з нацыянальным каларытам На сусветных конкурсах прыгажосці ў першую чаргу ў вочы кідаюцца венесуэлкі. На тратуарах Каракаса іх не адшукаеш... Бо адразу ў вочы кідаецца мулатка з габарытамі японскага сумаіста. Тлустых мужчын не менш. Гэтыя трапляюцца на вочы на пляжах, звычайна па суседстве са скрыняй піва і з гамбургерам у руцэ... "Макдональдсы" тут ні пры чым. Іх у Венесуэле няшмат. Справа ў тым, што венесуэльскі фастфуд узяў на ўзбраенне хуткасць прыгатавання, генетычную фобію простых людзей да голаду і маркетынгавы ход "максімум стравы за мінімум грошай". Сняданак венесуэльца на 99 працэнтаў складаецца са страў нацыянальнай кухні. Арэпа, качапа і эмпанада — вось тры кіты, на якія абапіраецца сняданак любога грамадзяніна, незалежна ад сацыяльнага статусу, узросту і колеру скуры. Адзін працэнт пакінем вегетарыянцам. У краіне, традыцыйна зарыентаванай на спажыванне ялавічыны, вегетарыянскія рэстараны сёння растуць як грыбы. Разам з рэстаранамі расце колькасць прыхільнікаў посных страў, для якіх словы "халестэрол" і "фастфуд" гучаць больш жахліва, чым словы "землятрус" і "цунамі". Арэпа + сыр з малака буйваліцы Па форме арэпа і качапа нагадваюць беларускія аладкі ці дранікі, а смакам — малдаўскую мамалыгу, кашу з кукурузнай мукі. Не дзіва, бо інгрэдыенты тыя ж самыя — маісавая мука, соль і вада. У Венесуэле арэпа — культавая страва, нават існуюць шматлікія пункты харчавання, названыя ў яе гонар — "арэпера" (аrереrа). І ў прапагандзе сацыялістычнага ладу жыцця арэпе належыць не апошняе месца. Урад Чавеса праводзіць шматлікія акцыі, падчас якіх арэпа прадаецца па сабекошце або з мінімальнымі гандлёвымі надбаўкамі. Акцыямі "сацыялістычная арэпа" ўрад наглядна дэманструе розніцу ў кошце паміж арэпай дзяржаўнай вытворчасці і арэпай вытворчасці "капіталістычнай". Дарэчы, усе дзяржаўныя прадукты (малако, ёгурт, алей, цукар і г.д.) значна таннейшыя, чым тыя, што выпускаюцца прыватнікамі або імпартуюцца з-за мяжы. Гатуецца арэпа на плоскай прамавугольнай патэльні, без накрыўкі і без алею. Інакш кажучы, яна не смажыцца, а выпякаецца. Да стала падаецца разам з нажом, лыжкай і начынкай у асобнай глыбокай талерцы. Нож спатрэбіцца каб распалавініць арэпу па ўсёй яе плошчы, а затым, з дапамогай лыжкі, фаршыраваць яе начынкай. Перад тым, як пачаць рэзаць нажом, спрактыкаваны спажывец пальцамі націскае арэпу па ўсёй яе даўжыні. Такім чынам цвёрдыя знешнія бакі аддаляюцца адзін ад аднаго, а значыць, карысная плошча ўнутры павялічваецца. Збоку гэта нагадвае перабіранне пацерак або маніпуляцыю з кубікам Рубіка. Калі арэпа дарэшты "распілавана", пачынаецца яе фаршыраванне. Начынкай можа быць сметанковае масла, плаўлены сыр, кураціна, ялавічына, кансерваваны тунец з гароднінай, морапрадукты і яшчэ шмат чаго... Найбольш распаўсюджанай начынкай арэпы лічацца лустачкі круглага сыру, вырабленага з малака буйваліцы. Разам з начынкай арэпа пераўтвараецца з вузкай аладкі ў буйны гамбургер, нават шырэйшы за ваш рот. Калі мяне ўпершыню пачаставалі ёю, я нават не ведаў, з якога боку адкусваць. Самі венесуэльцы ядуць арэпу, трымаючы абедзвюма рукамі, да таго ж з такім азартам, што іншы раз шчокі аказваюцца запэцканымі начынкай. Таму еўрапейцу больш зручна есці арэпу ўпрыкуску. Гэта значыць, начынку — відэльцам з талеркі, а саму арэпу, як хлеб. Безумоўна, у гэтым выпадку і смак будзе іншым, і цырымонія парушыцца. Эмпанада з мясам акулы Другім чэмпіёнам венесуэльскай кухні па колькасці начынак з'яўляецца эмпанада. Яна гатуецца з цеста, начыняецца і смажыцца ў фрыцюрніцы. Па форме і памерах нагадвае татарскі чабурэк. У якасці начынкі тут ужываюцца ялавічына, кураціна, сыр з вяндлінай, чорная фасоля, а таксама марскія малюскі і мяса акулы. У адрозненне ад арэпы, якую хатнія гаспадыні гатуюць за пяць хвілін, эмпанада патрабуе больш часу. Таму прасцей набыць яе на вуліцы, па дарозе на працу. У Каракасе эмпанадай гандлююць не толькі афіцыйныя бістро, але і шматлікія "піраты" — нелегальныя вытворцы і гандляры ў адной асобе. Гандаль вядзецца непасрэдна з асфальту, з вялікага тэрмаса памерам з маленькую бочачку. Да эмпанады прапануюцца 3-5 гатункаў соку з трапічных пладоў. Пакупнікі снедаюць па суседстве, стоячы або прыладкаваўшыся хто куды. Падсілкаваўшыся, замаўляюць кубачак светлай кавы пад назвай гуаёё. Па смаку яна здаецца напоем з жалудоў, але актыўнасці дадае больш, чым любы энергетычны напой. Неяк я запытаўся ў аднаго з гандляроў, ці ёсць у яго ліцэнзія, санкніжка і г.д. Гандляр не зразумеў пытання. Потым я даведаўся: народны ўрад глядзіць скрозь пальцы на ўсе прадпрымальніцкія ініцыятывы сваіх маламаёмных грамадзян. Ва ўмовах жахлівага беспрацоўя тут любы можа таксаваць, гатаваць стравы і гандляваць імі, а таксама падрабляць на скрыжаваннях вуліц жанглёрам або клоўнам, спеваком з гітарай... Час сняданка завяршаецца дзесьці каля 10 гадзін раніцы. Шукаць арэпу, качапу і эмпанаду пасля адзінаццаці — дарма губляць час. Кухары рыхтуюцца да абеду. Пасля поўдня наступае час мандонга, аякі і "венесуэльскага павільёна", пра якіх мы пагутарым наступным разам. Андрэй СМІРНОЎ, Каракас — Мінск, спецыяльна для "Звязды", фота аўтара. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Чуткі пра пануючы ў Венесуэле голад значна перабольшаныя. Сапраўды, раней бедны люд тут недаядаў, але гэта было да Чавеса.
|
|