Вясёлкавае свята “Вясёлкі”
14.04.2012
—
Новости Общества
|
У старэйшага ў нашай краіне і адзінага беларускамоўнага дзіцячага літаратурна-мастацкага часопіса — юбілей. Праз некалькі дзён гэтаму яркаму, заўжды прывабнаму выданню спаўняецца 55! Дзве пяцёрачкі, як дзве адзнакі: у “Вясёлкі” заўсёды ўсё на выдатна! Гэтак было ў 1957 годзе, калі з’явіўся першы нумар часопіса. Тыя, да каго калісьці ўпершыню прыйшла “Вясёлка”, даўно ўжо сталі бабулямі і дзядулямі і, напэўна, для іх пісаў сваю загадку першы галоўны рэдактар часопіса славуты пісьменнік Васіль Вітка: “Сем вясёлых маляроў і такіх, што будзь здароў — аж паўнеба распісалі. Выйшла што — не знаюць самі. Той, напэўна, адгадае, хто часопіс наш чытае”! У “Вясёлкі” заўжды было шмат чытачоў. Ажно пяцьсот дзетак з розных куткоў нашай Беларусі з’едуцца на свята любімага часопіса. Для тых, хто не зможа на яго патрапіць, паўсюдна ў дзіцячых бібліятэках 17 красавіка будуць наладжвацца сустрэчы са знакамітымі беларускімі пісьменнікамі. А чытачам “НГ” сёння раскажа пра часопіс вядомы пісьменнік, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь Уладзімір Сцяпанавіч Ліпскі, які працуе галоўным рэдактарам гэтага па-свойму ўнікальнага дзіцячага выдання вось ужо трыццаць тры гады. — Уладзімір Сцяпанавіч, нават у далёкія часы ў нас заўжды шанавалася кніга. Мне неаднойчы даводзілася чуць, што ледзь не ў кожнай сялянскай хаце абавязкова была тая запаветная палічка, дзе стаялі Біблія, земляробчы каляндар і дзіцячая кніжка з казкамі ды апавяданнямі пра звяроў, пра поры года, на якой выхоўваліся дзеці, а потым і ўнукі, можа, нават і праўнукі. Дык, як вы думаеце, “Вясёлка” змагла б заняць сваё пачэснае месца на гэтай палічцы ў якасці той самай кніжкі? — Несумненна! І цяпер ёсць сем’і, у якіх захоўваецца “Вясёлка” і шасцідзясятых, і сямідзясятых гадоў... Гэта ж цэлы скарб! Мы ў рэдакцыі падлічылі, што за час існавання часопіса выйшла больш як шэсцьсот цудоўных нумароў нашага выдання. І гэта ўжо не проста палічка, а цэлая бібліятэка, дзе маленькі чытач знойдзе не толькі казкі, вершы і кароткія апавяданні, а яшчэ і загадкі, і красворды, і скорагаворкі... Паглядзіце, колькі ў нас самых розных рубрык: “Тэатр Васі Вясёлкіна”, “Хвілінкі-весялінкі”, “Наш тлумачальны слоўнік”, “Спеўнік Вясёлкіна”, “Лічылкі”, “Наша спадчына”, “Каласавічок”, “Музей Васі Вясёлкіна”... Гэта ўсё працуе на духоўнае выхаванне дзіцяці. Наша задача — навучыць дзяцей любіць сваю зямлю, шанаваць нашу мову, культуру, гісторыю, любіць бацькоў, паважаць старэйшых, быць ветлівымі... І мы не “сюсюкаем” з дзецьмі, а са старонак часопіса вядзём сур’ёзныя размовы, але вельмі даходліва, так, як гэтага патрабуе іх узрост. Мы запрасілі сваіх маленькіх чытачоў прыняць удзел у творчым конкурсе “Мы—дружная сям’я”, расказаць пра сябе, сваіх бацькоў, братоў і сясцёр, дзядуляў і бабуль, ды і ўвогуле пра продкаў, якімі ганарыцца той ці іншы род. — Удзельнічаючы ў многіх кніжных выстаўках як аўтар кніг для дзяцей, я прыкмеціла, што маладыя мамы вельмі часта пытаюцца, ці ёсць тоненькія кніжкі з кароткімі вершамі, каб можна было ўжо самых маленькіх дзетак, з гадоў трох прывучаць да чытання, а галоўнае, пачаць вучыць беларускай мове. Думаю, што ў Год кнігі, якім у нашай краіне аб’яўлены сёлетні год, гэтая тэндэнцыя толькі пашырыцца. — Гэты год будзе знамянальны многімі падзеямі, а для нас, пісьменнікаў, ён асаблівы ўжо тым, што будуць шырока святкавацца юбілеі нашых сусветна вядомых песняроў — Янкі Купалы і Якуба Коласа. “Вясёлка” да гэтых юбілеяў рыхтавалася ўжо даўно. З нумара ў нумар мы друкавалі расповеды пра гэтых самых вялікіх нашых творцаў, нашых геніяў. А калі цыклы публікацый былі завершаны, дык адразу склаліся ў кніжкі, якія тут жа былі надрукаваны асобнымі выданнямі. Я маю на ўвазе кніжку Міколы Маляўкі “Коласаў абярэг” і маю ўласную кнігу “Янкаў вянок”. Яны цяпер вельмі папулярныя сярод школьнікаў, сталі вядомымі і запатрабаванымі. Я ўжо згадваў рубрыку “Вясёлкі” “Наша спадчына”, якая з нумара ў нумар узбагачалася, зноў жа, публікацыямі Міколы Маляўкі. У выніку яшчэ адну цікавую кніжку атрымалі нашы дзеці: “Сядзіба, альбо Хата з матчынай душой”. — Вы, Уладзімір Сцяпанавіч, не толькі галоўны рэдактар дзіцячага выдання, а яшчэ шмат гадоў узначальваеце Беларускі дзіцячы фонд і за гэтую сваю дзейнасць узнагароджаныя ордэнам святога царэвіча Дзмітрыя “За справы міласэрныя”... — Мне вельмі часта хочацца наш дзіцячы Фонд назваць Таварыствам добрых сэрцаў, сыхо-дзячы з залатога правіла, што мы, дарослыя, заўжды павінны аддаваць свае сэрцы дзецям. Мы гэта нястомна, з усёй любоўю душы, робім пастаянна. Я, далібог жа, нярэдка выціраю слёзы, калі бачу пакрыўджаных лёсам дзяцей: тут і дзеці-сіроты, і невылечна хворыя дзеткі... І яны ж усе нашы, вось і працуем дзеля іх, распрацоўваем і праводзім у жыццё шматлікія праграмы, акцыі кшталту “Хворым дзецям — нашы сэрцы”. Гэта Калядная праграма і ёю мы ахопліваем каля 20 тысяч дзяцей, што чакаюць святочных падарункаў. Дзейнічае і праграма “Цёплы дом”, разлічаная на дзяцей-сірот, якія жывуць у дзіцячых дамах. Для іх мы будуем дамы сямейнага тыпу, у якіх за апошнія 6—7 гадоў ужо жывуць дзеткі ледзь не з пяці дзіцячых дамоў. Ёсць і летняя праграма “Падорым дзецям сонца”, калі арганізоўваем для дзяцей-сірот летні адпачынак у звычайных беларускіх сем’ях. А ёсць і зусім іншыя праграмы, можна сказаць, міжнародныя... Мы дваццаць разоў запрашалі да нас Вільяма Новіка з ЗША, які фарміраваў каманду кардыя-хірургаў з розных краін свету, і яны прыязджалі да нас, рабілі аперацыі на сэрца хворым дзецям, праводзілі кансультацыі... Для адораных талентам дзетак існуе праграма “Таленавітыя дзеці”. Іх мы запрашаем у рэдакцыю “ Вясёлкі”, наладжваем сустрэчы з вядомымі пісьменнікамі. Нават і кніжку з іх творамі выдалі: “Дзеці пішуць для дзяцей”. А яшчэ ёсць у нас Прэмія імя Героя Савецкага Саюза Зінаіды Міхайлаўны Тусналобавай-Марчанкі, якую мы ўручаем многім дзецям 1 чэрвеня ў Міжнародны дзень дзіцяці. Яшчэ адной прэміяй — “Сябар дзяцей” — ушаноўваем дарослых, тых, хто не шкадуе свайго сэрца, душы, каб хоць як дапамагчы тым дзецям, што чакаюць ад дарослых дапамогі і падтрымкі. Дарэчы, “Народная газета” — таксама даўні сябар фонду і інфармацыйны спонсар многіх яго праграм. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У старэйшага ў нашай краіне і адзінага беларускамоўнага дзіцячага літаратурна-мастацкага часопіса — юбілей.
|
|