Каго ўратуе новая "дзіцячая" дапамога. 21.by

Каго ўратуе новая "дзіцячая" дапамога

07.05.2012 12:56 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Каго ўратуе новая “дзіцячая” дапамога


З 1 мая ў Беларусі павысіўся памер дзяржаўнай падтрымкі сем'ям, што выхоўваюць дзяцей ва ўзросце да 3 год. Павелічэнне склала, як бадзёра адрапартавала ўпраўленне народанасельніцтва, гендарнай і сямейнай палітыкі Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, 5,1%.
 
У грашовым вымярэнні гэта будзе 743 020 рублёў супраць ранейшых 706 880. Няцяжка падлічыць, што прыбаўка склала 36 140 рублёў. Што можна набыць для дзятвы на гэтыя "шалёныя" грошы, "Тут і цяпер" прыкідвала разам з маладымі бацькамі з розных рэгіёнаў.

"Хаця б не аб'есціся"
 
"Што, праўда дапамога на дзяцей вырасла? — перапытвае жыхарка Нясвіжа Вольга, маці 6-месячнага Лёшы. — Дробязь, а прыемна. Толькі хто ж ведаў, што настолькі дробязь?.. Нічога, нам хоць на новую пустышку хопіць: у аптэцы яна якраз 36 тысяч каштуе, і гэта яшчэ не самая дарагая".
 
"Нават і не ведаю, дзе мая прынцэса зможа пашыкаваць на гэтую суму, — смяецца палачанка Алена, ведучы на прагулку двухгадовую дачку Лесю. — Набор для пясочніцы (формачкі, вядро, сіта і г.д.), які ёй вельмі падабаецца, каштуе крыху больш — 40 з лішнім тысяч. Затое хопіць на маленькі набор дзіцячага посуду беларускай вытворчасці. Ляльку ж за гэтыя грошы зможам набыць хіба што кітайскую, а ў кітайскіх цацак, самі ведаеце, якая якасць..."

"Мая дачушка толькі 5 дзён назад як нарадзілася, мы нават з імем яшчэ не вызначыліся, — дзеліцца радасцю малады тата Андрэй з Баранавічаў. — Пакуль жонка з малой яшчэ ў раддоме, я бегаю па крамах і дакупляю рэчы на першы час. На 36 тысяч... дайце падумаць... магу набыць або адны паўзуны, або рукавічкі і каптурык, або нажнічкі і, калі вельмі пашанцуе, застанецца на расчоску".
 
"Калі паставіцца да гэтага павелічэння сапраўды як да "падарунка", які можна патраціць на штосьці не самае неабходнае, але прыемнае, то я купіла б кіло добрага вінаграду — сын яго вельмі любіць, — нетаропка пералічвае мінчанка Кацярына, маці 2-гадовага Дзімкі. — Калі ласавацца, расцягваючы задавальненне, то гэтага яму хопіць дзён на 7—10. Ну, а беручы неабходнае... Грамаў 500—600 добрага мяса, — хоць бы не аб'есціся дзіцяці з такой колькасці (з іроніяй)! Калі пашанцуе, то 2-4 пары ніжняй бялізны можна набыць або 5 пар шкарпэтак на лета, ці 2 кг пральнага парашку – зноў жа, толькі беларускага, астатнія істотна даражэйшыя".
 
Мы з дачушкай (ёй неўзабаве споўніцца 1 год і 9 месяцаў) таксама не ўтрымаліся: зазірнулі ў некалькі сталічных дзіцячых крам і падлічылі, на што хопіць шчодра дабаўленых на жыццё 36 тысяч і, не забываемся, яшчэ 140 рублёў. Знаёмцеся са спісам і не кажыце, што пра дзяцей у нас не клапоцяцца:

— 10—17 падгузаў, у залежнасці ад вытворцы;
— 7 маленькіх пачкаў вільготных сурвэтак беларускай вытворчасці (кожная мама ведае, што на прагулцы гэта незаменная рэч),
— 4—8 пластмасавых кубікаў або 1-2 наборы папяровых даміно;
— 1-2 пластмасавыя машынкі беларускай вытворчасці;
— 1 майка,
— 1 пірамідка (расійскай або кітайскай вытворчасці),
— цацачны мабільнік (польскі або кітайскі),
— 3—6 бляшанак мясных кансерваў беларускай вытворчасці,
— 1 пачак малочнай сумесі (у лепшым выпадку) беларускай вытворчасці або 3—4 пачкі кашы (пры гэтым сумесь і каша падыходзяць далёка не ўсім дзецям, а імпартныя аналагі каштуюць у 2—4 разы даражэй),
— 18 маленькіх пачкаў дзіцячага малака,
— набор алоўкаў (12 штук) або фарбы (6 колераў) + тонкі альбом для малявання і г.д.

Да ўсяго вышэйпадлічанага неабходна дадаць толькі адну істотную рэмарку: "майскія" грошы на дзяцей бацькі атрымаюць усё адно толькі ў чэрвені, калі цэны на ўсё ядомае і неядомае падрастуць яшчэ крыху. Як іх, такія імклівыя і непрадказальныя, дагнаць бедным дзіцячым дапамогам, якія, як і нашы малыя, толькі "вучацца хадзіць"?
 
Выйсце ёсць?
 
А мо дарэмна мы скардзімся на цяжкасці жыцця? Засталося ўсяго нічога пацярпець, каб бацькам і дзеткам настала суцэльная мілата. І хоць такія абяцанні гучаць штогод, аднак сёлета чыноўнікі як быццам не жартуюць. Законапраект аб змяненні механізму разліку дапамогі па доглядзе дзіцяці да 3 гадоў будзе ўнесены ў Савет міністраў у маі — лічы, ужо! Прынамсі, гэта абяцаў першы намеснік міністра працы і сацабароны Пётр Грушнік яшчэ ў лютым бягучага года.

Для таго каб памер "дзіцячай" дапамогі нарэшце стаў больш нагадваць дапамогу, чым падачку, распрацавана ажно цэлая Нацыянальная праграма дэмаграфічнай бяспекі Рэспублікі Беларусь на 2011—2015 год. Калі сцісла, то памер дапамогі плануецца прывязаць не да БПМ, а да сярэдняй зарплаты па краіне — а яна, калі не хлусіць Белстат, у сакавіку склала амаль што 3,16 млн у працоўных і 3,188 — у рабочых і служачых.

"Я ўжо не ведаю, ці верыць гэтым абяцанням, — разгублена кажа маладзечанка Ілона, якая адна выхоўвае 8-месячную дачку. — Раней сцвярджалі, што прывязваць будуць да сярэдняга заробку маці — для мяне гэта было б нявыгадна, бо мой ранейшы афіцыйны заробак складаў менш як мільён рублёў, а як маці-адзіночка я атрымліваю 1,237 млн, з цяперашнім жа павелічэннем будзе ўжо 1,3 млн. А калі прывяжуць да сярэдняга заробку... Не, не веру. Хто дасць кожнай маці па 3 мільёны, з якой бяздоннай кішэні?!"
 
Безумоўна, зараз з кустоў выскачаць тыя, хто ўголас пачне нас упікаць — маўляў, няма чаго дармаеднічаць і разлічваць на дзяржаву, самім трэба круціцца, разлічваць на ўласныя сілы і думаць, перш чым нараджаць дзяцей... Яны заўсёды так крычаць: такое адчуванне, што ў гэтых людзей няма і ніколі не было/не будзе маленькіх дзяцей, састарэлых і хворых бацькоў, яны ніколі не хварэюць і, крый Божа, не атрымліваюць інваліднасць. Можа, гэта і ёсць ідэальныя беларусы — я не ведаю. Але мы, бацькі і дзеці, — людзі рэальныя, якім рэальна трэба штодня есці, апранацца, падтрымліваць гігіену і г.д. І калі дзяржаве на гэта начхаць, то, як вымушана прызнае нават яе статыстыка, рана ці позна начхаць на патрэбы дзяржавы робіцца і сем'ям, якія выбіраюць сабе іншыя месцы пражывання і жыцця.
 
Дай Бог, каб нашы дзеці прызначалі пенсіі тым, хто сёння прызначае ім дапамогі.
 
Да ведама 
Дапамога на дзяцей ва ўзросце да 3 год з 2010 года ўсталявана ў памеры 100% БПМ — бюджэту пражытачнага мінімуму ў сярэднім на душу насельніцтва. Маці-адзіночкі, якія выхоўваюць дзіця ва ўзросце да 1,5 года, атрымліваюць дапамогу з надбаўкай у 75%, да 3 гадоў — з надбаўкай 40%, як і некаторыя іншыя катэгорыі бацькоў.

За 2011 год, як сведчыць афіцыйная статыстыка, сярэднямесячныя памеры дапамог на дзяцей да 3 гадоў і старэй павялічыліся на 46,1%, у той час як інфляцыя, што ўсе мы добра памятаем, па некаторых пазіцыях дасягала 300%.

Сёлета памер "дзіцячай" дапамогі павялічаны ўжо ў другі раз, адпаведна з ростам БПМ:
з 1.01.2012 па 31.01.2012 БПМ быў роўны 574 790 руб.,
з 1.02.2012 па 30.04.2012 — 706 880 руб.,
з 1.05.2012 па 31.07.2012 — 743 020 руб.
 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У грашовым вымярэнні гэта будзе 743 020 рублёў супраць ранейшых 706 880. Няцяжка падлічыць, што прыбаўка склала 36 140 рублёў. Што можна набыць для дзятвы на гэтыя "шалёныя"...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика