Кавалі свайго шчасця
08.05.2012
—
Новости Общества
|
Спецыяльны карэспандэнт "Звязды" перадае з Фінляндыі Амбіцыёзныя намеры і грандыёзныя планы беларускай хакейнай зборнай на чэмпіянаце свету ў Хельсінкі па заваяванні пуцёўкі ў чвэрцьфінал пастаўлены пад пытанне. Больш за тое, пасля крыўднага пройгрышу камандзе Швейцарыі з лікам 2:3 паядынак са зборнай Казахстана можа стаць у некаторай ступені вырашальным: быць спакойнаму жыццю падначаленым Кары Хейкеля ці не быць. Бо тым жа казахам, якія з інтэрвалам у адзін год мяняюць элітную прапіску на дывізіён рангам ніжэй і ўжо паспелі прайграць асноўным "канкурэнтам" на выбыванне 3:6, губляць няма чаго. Менавіта пра гэта казаў на трэніроўцы беларусам фінскі коўч. Зрэшты, будзем шчырымі: і на ранішняй раскатцы, якая папярэднічала гульні са швейцарцамі, настаўнік беларусаў даваў наказ хакеістам лезці на вароты супернікаў, не шкадуючы, што называецца, жывата свайго. У рэальнасці ўсё атрымалася далёка не так, як хацелася. Стартавы паядынак з гаспадарамі турніра прыдаў вагі станоўчаму іміджу нашай каманды. Назаўтра ў ранішнім выпуску газеты Hеlsіngіn Sаnоmаt быў змешчаны вялікі артыкул аб хакеі ў Беларусі. Фінскі рэпарцёр расказваў пра падрыхтоўку маладых беларускіх хакеістаў, хакейную арэну ў Раўбічах. У той дзень журналістам з Беларусі не пераставалі казаць кампліменты не толькі іх калегі з прэс-цэнтра, але і звычайныя балельшчыкі. Маўляў, з такой гульнёй дарога ў плэй-оф будзе ўсыпана ледзь не ружамі. Відавочна, што гэты аптымізм быў заснаваны на ўпэўненай гульні Віталя Коваля: пасля гульні з фінамі ў мікс-зоне "Хартвал-Арэны" менавіта ён аказаўся ў полі зроку рэпарцёраў. Яшчэ адна такая гульня — і кірмаш вакансій па замяшчэнні прэстыжных месцаў у Нацыянальнай хакейнай лізе, якой заўсёды з'яўляюцца чэмпіянаты свету, прынясе свае вынікі. Глядзіш, і давядзецца змяніць клубную прапіску з Ніжняга Тагіла на Дэтройт ці Ванкувер. Праўда, у душу да асноўнага на сённяшні дзень галкіпера беларусаў наконт змены клуба лезці было не з рукі. Магчыма, у яго і так усё "окей". Тым не менш перад матчам Беларусь — Швейцарыя сярод VІР-персон быў адзначаны агент Міхаіла Грабоўскага Гары Грынсцін, які прыляцеў спачатку ў Стакгольм, потым прыбыў у Хельсінкі. "У вашай каманды, — сказаў ён, — сёння ўсё вырашыцца. Калі перайграць швейцарцаў, то гэта амаль гарантыя не толькі на выхад у чацвёрку ў групе, але і атрыманне пуцёўкі на алімпійскія Гульні-2014 у Сочы. Так што давайце, прабівайце швейцарскую сцяну. Ёсць за што змагацца". Як той казаў, яго б словы — ды богу ў вушы. А магчыма, і Мішу Грабоўскаму, у руках якога на некалькі хвілін быў лёс не толькі гэтага матча, але і ўласны прэстыж. На жаль, птушка ўдачы ад яго і на гэты раз паляцела. Пасля фінальнага свістка беларускі форвард у размове з журналістам "Звязды" адзначыў, што яго пераследуе нейкі злы рок наконт прабіцця штрафных кідкоў. Гэта ўжо дзявяты нерэалізаваны буліт запар. Хоць у тым, што Грабоўскі-малодшы ўмее забіваць у такіх сітуацыях, няма сумненняў. Дастаткова ўспомніць галы, забітыя ў фармаце "тэт-а-тэт" нацыянальнай зборнай Фінляндыі на чэмпіянаце свету-2010 у Германіі ці ў вароты "Вашынгтон Кэпіталз" у серыі пасляматчавых булітах першынства НХЛ. У гэты вечар не спраўдзіліся чаканні ў дачыненні да надзейнасці і Віталя Коваля. Што стала прычынай яго не вельмі ўпэўненай гульні з камандай Швейцарыі — застаецца толькі здагадвацца. Першая шайба, якая ўляцела ў вароты беларусаў, выклікала нямала з'едлівых усмешак не толькі ў швейцарскіх журналістаў, якія сядзелі на медыя-трыбуне і смакавалі відэапаўтор, але і самога аўтара забітай шайбы, форварда швейцарскага чэмпіянату Сімона Мозэра. Праўда, іх радасны настрой мяняўся пасля кожнай забітай шайбы беларусаў і асабліва пад напевы беларускіх "Песняроў" з іх славутай песняй "Касіў Ясь канюшыну". Прыемна было чуць родную мову за фінскім залівам. Зрэшты, такая моўная разнастайнасць характэрная для сёлетняга першынства планеты. Беларускі дух у фінскай сталіцы, наваколлі галоўнай хакейнай арэны і на трыбунах падтрымліваецца і нешматлікай колькасцю балельшчыкаў. Журналісцкая цікавасць наконт таго, чаму нашых людзей у параўнальна недалёкім ад Беларусі горадзе Хельсінкі не вельмі шмат, прывяла да наступнай высновы. Усё, аказваецца, надзвычай проста: цэны на наведванне хакейных матчаў тут, як гаворыцца, зашкальваюць. Напрыклад, на ўсе паядынкі з удзелам гаспадароў кошт уваходнага білета складае ад 155 еўра на адно пасадачнае месца. Праўда, не намнога меней "важаць" і іншыя паходы на матчы. Так, на паядынак Беларусь — Швейцарыя самы танны білет каштаваў 69 еўра. Рускамоўны мужчына прызнаўся, што з Піцера спецыяльна прыехаў, каб паглядзець на беларусаў. Нашы ўсё ж такі, хоць цана на білет "кусаецца". У падтрыбунных памяшканнях "Хартвал Арэны" давялося ўбачыць і галоўнага трэнера мінскага "Юнацтва" і нядаўняга кіраўніка зборнай Беларусі Міхаіла Захарава. Сваіх хакеістаў прыехаў падтрымаць, прызнаўся Міхаіл Міхайлавіч. Праўда, толькі на тыдзень. Увогуле Хельсінкі — горад кантрастаў. Калі ўся Цэнтральная і Усходняя Еўропа стогне ад спякоты, то тут вясна толькі-толькі пачынаецца. Раніцай можа быць туман ці сонца, але абавязкова з прахалодным марскім ветрам. А ўвечары, калі заканчваюцца хакейныя матчы, слупок тэрмометра ўвогуле паказвае плюс тры. Праўда, у гатэлі ёсць магчымасць пагрэцца ў фінскай саўне, карыстанне якой уваходзіць у кошт пражывання. Хоць такая магчымасць выпадае зрэдку, але ж у адмыслова аздобленай парылцы з драўляным вядром і чарпаком для вады ёсць магчымасць успомніць і ўсё іншае, што раней асацыявалася з Фінляндыяй: фінскі сервелат, гарэлку "Фінляндыя". Праўда, з алкаголем у гэтай скандынаўскай краіне не ўсё проста. Мала таго, што каштуе ён тут вельмі дорага, дык і прадаецца ў абмежаваны час і далёка не ва ўсіх харчовых магазінах. Праўда, у наваколлі спартыўнай арэны гэтае пытанне не актуальнае. Ды і пасля хакея балельшчыкі радуюцца фінскаму піву, якое льецца ў цывілізаванай форме ракой — абавязкова куфель, столік і цёплая кампанія. А цэннік на палову куфля (так налівае аўтамат) каля 7 еўра ўжо мала каго хвалюе. Асабліва калі любімая каманда выйграе. Уладзімір ЗДАНОВІЧ, Хельсінкі. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Спецыяльны карэспандэнт "Звязды" перадае з Фінляндыі
|
|