Жыццё звычайнай вясковай школы вачыма маладога спецыяліста
14.05.2012 02:00
—
Новости Общества
|
Жыццё звычайнай вясковай школы вачыма маладога спецыяліста 24-гадовая Наста Папова летась завочна скончыла Менскі педагагічны ўніверсітэт па спецыяльнасці "гісторыя" і на ўласнае жаданне, а не па размеркаванні вырашыла ісці працаваць у вёску. Яе мама жыве ў Кіеве, але пераязджаць ва Украіну дзяўчына не пажадала. Ёй захацелася працаваць менавіта па спецыяльнасці. Напярэдадні Дня Перамогі мы выправіліся да яе ў вёску Дукора (Пухавіцкі раён), каб паглядзець на жыццё звычайнай вясковай школы вачыма маладога спецыяліста. Дваранскае гняздо З Менску да Дукоры дабрацца нечакана проста: заскокваеш каля метро "Магілёўская" ў маршрутку да Мар’інай Горкі або да Дружнага – і праз паўгадзіны ты ўжо на месцы, вёска месціцца акурат пры шашы Менск–Гомель. Але высвятляецца неспадзяванчык – да школы тупаць яшчэ 3 км! Тэлефануем Насце – і ўжо праз пяць хвілін яна падбірае нас з калегай на машыне. "Вёска вядомая яшчэ з 1582 года, – з прафесійнай дакладнасцю паведамляе Наста, пакуль мы коцім па ладнай галоўнай "авеню". – Ёй валодалі і Сапегі, і Агінскія, і польскія шляхціцы Ашторпы. Апошнія пабудавалі тут шыкоўны маёнтак, дзе цяпер і месціцца нашая школа. Нават Напалеон Орда занатаваў яго ў сваім пейзажным альбоме. Усё, мы прыехалі". Перад вачыма паўстае дуброва, непадалёк цячэ рэчка, а ў сэрцы гэтага ансамблю стаіць школьны "маёнтак". "Палац у савецкія часы, вядома, “перабудавалі”, але некранутай засталася ўнікальная брама з гадзіннікам. Цяпер вакол яе ладзяць штосьці накшталт Дудутак", – распавядае Наста. Каля школы, як на сапраўдным амстэрдамскім паркінгу, прытуліўся тузін ровараў. Ніхто іх нават не прычапляе, бо ў вёсцы няма сэнсу красці – адразу ўсе дазнаюцца. Урокі жыцця "Калі прыйшла 1 верасня ў школу, я ачмурэла: дзеці не ведалі нічога, наогул! – распавядае Наста. – Спачатку я спрабавала іх проста зацікавіць, але хутка ўсвядоміла, што падручніка, крэйды і дошкі не дастаткова. Таму лэптоп – мой найлепшы напарнік. Напрыклад, праходзім старажытную гісторыю, і я ім адразу ўсе часткі “Ледавіковага перыяду” – бамц! Усім адразу зразумела, як той ледавік утварыўся, якая жывёла вялася, і навошта гэтай вавёрцы жолуд. Сталыя настаўнікі асуджаюць такі падыход, але мне пофіг, галоўнае, каб у галовах што-небудзь засталося. А вось і званок, хадзем на ўрок!" Мы заходзім у светлы пакой. Над дошкай вісіць выява Грунвальдскай бітвы, побач гадзіннік, які ніколі не ідзе: "Я дастала адтуль батарэйкі, каб не адцягвалі ўвагу". Клас амаль пусты, усяго 11 чалавек. Няма падзелаў на "А" ці "Б" класы, проста 9-ы клас. Сёння "Грамадазнаўства". Тэма: "Сэнс жыцця". "Сэнс майго жыцця – паездзіць на матацыкле", – жартуе адзін з вучняў. "Я хачу пабудаваць дом, завесці жонку, вырасціць дзяцей", – сур’ёзна адказвае іншы. Дзяўчынка Таня, трохі саромеючыся, разважае: "Скончыць школу, паступіць, сям’я, дом, дрэва". Яшчэ адзін вучань прызнаўся, што марыць зрабіцца чыгуначнікам. Расчыняюцца дзверы, і на ўрок са спазненнем заходзяць два хлопцы. Яны кажуць, што ездзілі на матацыкле мяняць катрыдж у прынтары, і ў якасці прабачэння за спазненне прынеслі настаўніцы марозіва. Хатнім заданнем для класа быў малюнак на тэму "сэнсу жыцця", але ў большасці няма дома рознакаляровых алоўкаў, таму малююць у класе. У адной вучаніцы атрымалася ластаўка з чатырма крыламі, яна пасаромелася яе прэзентаваць. Пакуль дзеці малююць, Наста мімалётам паказвае нам віншавальную паштоўку ад вучня з папярэдняга ўроку: на стуле сядзяць два "тулавы" і цалуюцца. Адно з іх – з яскрава выяўленымі палавымі прыкметамі. Маладая настаўніца да падобных праяваў увагі ставіцца спакойна і кажа, што не лічыць неабходным замоўчваць "слізкую" тэму. У якасці прыкладу сексуальнай адукацыі па-дукорску распавядае наступную гісторыю: "У нас быў выпадак у дзіцячым садку. Спазняецца 4-гадовы хлопчык у групу. Мы яго распранулі, пакармілі і пытаем: “Дзяніска, а чаму ты спазніўся? Чаму цябе мама так позна прывяла?” А ён кажа: “Прыходзіў да нас дзядзька з пасяўной, дык мама пакуль яму піську смактала, я не паспеў сабрацца. А як яна пасмактала, дык тады мяне ў садок і прывяла”. Вось што распавядае нам 4-гадовае дзіцё".
Рэп ад Снягуркі "Гарбаткі ці кавы?" – пытаецца Наста, калі ў перапынку мы заходзім да яе ў кабінет. Раней тут была лабаранцкая, стаялі шклянкі з нітратамі ды мензуркі з сульфітамі. Цяпер засталася толькі шыльда на ўваходзе. Унутры ва ўсім адчуваецца творчы падыход: бліскучымі дыскамі ўпрыгожаная сцяна, стол абклеены рознакаляровай паперай, на гарбатніку – модныя стыкеры. "Акрамя настаўніцкай дзейнасці, я таксама педагог-арганізатар. Для мяне на першым месцы – інтарэсы дзяцей. Напрыклад, на Новы год Снягурка ў нас чытала рэп уласнага сачынення. Дырэктар, вядома, не ў захапленні, але дзецям спадабалася, – робіць глыток кавы Наста. – Калі дырэктар бярэ на працу, папярэджвае: калі вы паліце, можаце пра гэта забыць. Гэта абавязковая ўмова. Хаця Палычу, нашаму “працавіку”, пофіг: точыць сабе дэталь ды цыгарэту ў зубах трымае". У кабінет зазірае Пятроўна, калега па настаўніцкім цэху, кліча на вуліцу глядзець браму. "Зараз, Пятроўна, толькі каву дап’ем". "Большасць сем’яў у вёсцы няпоўныя, – працягвае Наста. – У асноўным сужыцелі. 25-я ці 26-я па ліку, яны так і цыркулююць па вёсцы. Паехалі мы да адной сям’і правяраць, ці п’юць яны. Пытаем у маці: “Як бацьку Дзімы завуць?” Яна: “А я што, памятаю?! Дзяўчаты, вы такія смешныя”. “Добра, кажу, а як бацьку сярэдненькай, Каці?” – “Не, ну вы думаеце, калі я першага не памятаю, дык другога павінна ведаць?!” – “А трэці ад каго?” – “А-а-а, трэці – гэта ад таго, які ў суседняй вёсцы праз поле жыве. Мы ж яго на тым полі і зрабілі”... А вунь, дарэчы, і наш Палыч!" І сапраўды, на ліхтарным слупе вісіць і нешта ладзіць мужычок з цыгарэтай у зубах. Адной рукой ён трымаецца за стоўб, а другой бадзёра махае ў наш бок. "Зрабіцца чалавекам ніколі не позна" На дварэ крапае дожджык, таму абутак ва ўсіх хутка робіцца бруднакаляровым. Брама стаіць за якія сто метраў ад школы – усё гэта адзіная частка былой сядзібы. Цяпер каля яе гойсаюць трактары ды іншая агратэхніка – робяць драўляныя домікі для турыстаў. "Нашыя хлопчыкі таксама тут падрабляюць: перанесці што-небудзь ці перакапаць, але плацяць ім мізер – 100 тысяч за тыдзень працы". Мы падымаемся на апошні паверх брамы, але акрамя галасістых птушанятак там нічога няма. Наста трошкі затрымліваецца наверсе: "Часам я думаю, што трэба ўжо звальняцца, знайсці што-небудзь больш перспектыўнае. Але ёсць дзеці, далейшы лёс якіх мяне хвалюе, я хацела б да іх прыязджаць, даведвацца, як яны жывуць. Яны адчуваюць, што мне не абыякавыя іхнія поспехі, і паважаюць гэта". Мы сыходзім уніз, засталася яшчэ адна справа: павіншаваць ветэранаў з Днём Перамогі. Сядаем увасьмярых у машыну і едзем прыбіваць чырвоныя зорачкі да хатаў ветэранаў – сімвал гонару і пашаны. Па дарозе Наста кажа: "На святы дзеці павінны насіць у школу піянерскія гальштукі. Ведаеш, чаму дзеці не носяць? Яны іх спальваюць. Аднойчы я пытаюся: “Саша, а дзе твой гальштук?” Ён адказвае: “А ў нас печку не было чым тапіць. Мама гаворыць: дай вунь тую анучу. Я і кінуў ёй, а аказалася, што гэта быў гальштук”". Выканаўшы свой грамадзянскі абавязак, мы вяртаемся на трасу, шчыра ціснем адзін аднаму рукі, і Наста напрыканцы выдае: "Хочаш правіла жыцця ад Насты Паповай? Калі я вучылася ва ўніверы, першыя тры курсы мы сядзелі з мужыкамі за апошняй партай і бухалі. На трэцім курсе, калі пачаліся вузкаспецыяльныя прадметы, рабілася ўсё цікавей і цікавей, і я перабіралася ўсё бліжэй і бліжэй. У выніку я сядзела за першай партай адна! Карацей, так: зрабіцца чалавекам ніколі не позна".
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
"Я хачу пабудаваць дом, завесці жонку, вырасціць дзяцей", - сур'ёзна адказвае іншы. Дзяўчынка Таня, трохі саромеючыся, разважае: "Скончыць школу, паступіць, сям'я, дом,...
|
|