Тры "Еўрабачанні". 21.by

Тры "Еўрабачанні"

15.05.2012 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Выратавальнікі свету ў стылі джаз

Сёння ў гурта "Lіtеsоund", які прадстаўляе нашу краіну на конкурсе песні "Еўрабачанне-2012", адбудзецца першая рэпетыцыя на сцэне "Баку Крыстал Хола".

Беларуская дэлегацыя, якая вылецела ў сталіцу Азербайджана 12 мая, традыцыйна павезла на конкурс акрамя драйву, настрою на трыумф і ўласна конкурснага нумару, немаленькі набор прома-прадукцыі — цукеркі, майкі з партрэтамі выканаўцаў, кепкі і значкі з беларускай сімволікай, а таксама дыск з рознымі версіямі песні "Wе аrе thе hеrоеs" — арыгінальнай, джазавай, рок-версіяй, блюзавай і танцавальнай. У багажу гурта ёсць нават версія ў стылі шансон, якую хлопцы з задавальненнем выконваюць на канцэртах. А вось беларускамоўнага варыянту пакуль няма. Але, запэўніваюць выканаўцы, ён неўзабаве абавязкова з'явіцца.

Гатовы ў "Lіtеsоund" і кліп на песню, нават два ролікі, зрэжысіраваныя самімі вакалістамі — Дзмітрыем і Уладзімірам Каракінымі. Здымалася відэа, падобнае да галівудскага фільма-катастрофы са станоўчым фіналам, на палігоне Міністэрства па надзвычайных сітуацыях пад Барысавам. Наколькі паспрыяе раскрутцы гурта кліп, калі засталося менш чым 2 тыдні да конкурсу, — пытанне спрэчнае, але, тым не менш, творчую справаздачу перад фанатамі і журналістамі хлопцы вытрымалі, пацвердзіўшы, што не сядзелі склаўшы рукі.

Што да непасрэдна конкурснага нумара (нагадаем, "Lіtеsоund" выступяць у другім паўфінале "Еўрабачання", 24 мая, пад нумарам 5), то акцэнт у ім, паводле слоў выканаўчага прадзюсара Белтэлерадыёкампаніі Анастасіі Ціхановіч, будзе зроблены на самой песні, харызме і эмоцыях выканаўцаў. 57-ы песенны еўрапейскі конкурс афіцыйна распачнецца ў краіне-пераможцы мінулага "Еўрабачання" ўжо 22 мая.

Цымбалы пачалі, ды саступілі альту

18-гадовая мінчанка Аляксандра Дзенісеня, якая прадстаўляла сёлета нашу краіну на міжнародным конкурсе маладых музыкантаў "Еўрабачанне-2012", бліскуча выступіла ў фінальным шоу. Але ў лік пераможцаў не ўвайшла — тройка прызёраў, вызначаных строгім журы, сёлета атрымалася выключна мужчынскай.

Затое, што адметна, у яе трапілі адразу два прадстаўнікі армянскай нацыянальнасці — Нарэк Казазян (выканаўца напярэдадні прадстаўляў уласна Арменію, заняў 3-е месца) і Эмануэль Чкнаваран (скрыпач, які прадстаўляў Аўстрыю, атрымаў 2-е месца). Перамогу ж суддзі аддалі альтысту Эйвінду Хольцмарку Рынгстаду з Нарвегіі.

Беларуская цымбалістка, якая разам з 6 наймацнейшымі юнымі музыкантамі ва ўзросце 16—19 гадоў трапіла ў фінал па выніках двухдзённых паўфінальных праслухоўванняў, выступала ў фінале конкурсу пад нумарам 1 і прадставіла на суд еўрапейскай публікі "Канцэрціна для цымбалаў, струннага аркестра і ўдарных інструментаў" кампазітара Уладзіміра Кур'яна. Прычым незалежна ад вынікаў конкурсу назваць выступленне Аляксандры Дзенісені няўдалым наўрад ці павернецца язык нават у скептыкаў: выступіць на знакамітым Венскім фестывалі мастацтваў (а ў апошнія гады класічнае "Еўрабачанне" з'яўляецца яго неад'емнай часткай і адкрывае гэты прэстыжны фэст) — гэта ўжо значнае дасягненне і вялікі вопыт. Нават калі выканаўца, як наша стыпендыятка Спецыяльнага фонду Прэзідэнта РБ па падтрымцы таленавітай моладзі, ужо мае на асабістай "сцяне славы" больш за 10 перамог, узнагарод і прэмій разнастайных міжнародных конкурсаў ды фестываляў.

Тым больш што конкурс маладых выканаўцаў класічнай музыкі "Еўрабачанне" (Еurоvіsіоn Yоung Musісіаns), які ладзіцца раз у два гады, адбыўся сёлета ўжо ў 16-ы раз — і трэці раз у Вене, а Беларусь удзельнічае ў ім — усяго другі. Нагадаем, першапраходцам ад нашай краіны ў 2010 годзе быў віяланчэліст Іван Карызна — таленавіты ўнук таленавітага дзеда, аўтара Дзяржаўнага гімна Уладзіміра Карызны.

Хто паедзе ў Амстэрдам?

Пакуль адны дарослыя артысты ўжо "адстраляліся", а другія толькі рыхтуюцца выйсці на конкурсную сцэну, будучы беларускі ўдзельнік (-ца, -кі) дзіцячага конкурсу песні "Еўрабачанне-2012", што пройдзе 1 студзеня ў Амстэрдаме, яшчэ нават не вядомы. Дзесяць дзён засталося да заканчэння прыёму заявак на Рэспубліканскі дзіцячы конкурс "Песня для Еўрабачання" — ён жа, традыцыйна, нацыянальны адборачны тур на міжнародны конкурс.

Арганізатары адбору пакуль што не называюць нават прыблізна колькасці заявак, што паступілі на адрас Белтэлерадыёкампаніі: асноўная іх колькасць паступае зазвычай у апошнія 2-3 дні прыёму. Але неафіцыйна пацвярджаецца, што ёсць некалькі заявак ад "загартаваных байцоў", знаёмых слухачам і журы не першы год. Напрыклад, традыцыйна рыхтуе сваіх выхаванцаў мастацкі кіраўнік студыі эстраднага мастацтва імя Уладзіміра Мулявіна, вопытны педагог Святлана Стацэнка. Рэкардсменаў, як у дарослым конкурсе спявачка Гюнеш, якая змагалася за пропуск на міжнародны конкурс 6 гадоў, тут няма. Але яно і зразумела: усё ж у дзіцячым конкурсе вельмі жорсткія ўзроставыя, рамкі, артыстам павінна быць 10—15 гадоў — не больш і не менш. Строгія патрабаванні і да песні: на беларускай або рускай мове, працягласцю ад 2 хвілін 30 секунд да 2 хвілін 45 секунд... А галоўнае — каб песня (як і выкананне яе) была прыгожай, кранальнай, а сам юны артыст дастойна прадставіў нашу краіну. Што беларусам усе мінулыя 9 гадоў, заўважым у дужках, такі няблага ўдавалася.

Нагадаем: вынікі конкурсу "Песня для Еўрабачання" будуць падведзены ў чэрвені, а фінальны канцэрт — дзе журы сумесна з гледачамі і вызначыцца з сёлетнім удзельнікам дзіцячага "Еўрабачання" — запланаваны на верасень.

Вікторыя ЦЕЛЯШУК

 

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Выратавальнікі свету ў стылі джаз Сёння ў гурта "Lіtеsоund", які прадстаўляе нашу краіну на конкурсе песні "Еўрабачанне-2012", адбудзецца першая рэпетыцыя на...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика