Ігар Лучанок: "Усё гэта — ад Бога, мамы і трох кансерваторый". 21.by

Ігар Лучанок: "Усё гэта — ад Бога, мамы і трох кансерваторый"

16.05.2012 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

"Майскі вальс" загучаў пад небам Мар'інай Горкі. Малая радзіма зноў сустрэла свайго славутага ўраджэнца — народнага артыста Беларусі і СССР кампазітара Ігара Лучанка. Фестываль імя славутага майстра атрымаў назву адной з яго песень і, заяўлены як рэгіянальны, на справе стаў міжнародным.

У Мар'інай Горцы Лучанок правёў дзіцячыя гады, вучыўся ў мясцовай школе. На вуліцы Фрунзэ, 73 і цяпер стаіць драўляны дом яго бацькі. "Туды і пайду начаваць сёння", — сказаў кампазітар. А ўвечары, пасля завяршэння першага фестывальнага дня, адправіўся на магілы родных.

Яго творчасць вядома далёка за межамі гэтых мясцін. Калі прыгадаць, добрая частка лепшых савецкіх хітоў напісана гэтым аўтарам. Яго песні выконвалі многія зоркі эстрады: Сафія Ратару, Валянціна Талкунова, Марыя Пахоменка, Леў Лешчанка, Віктар Вуячыч. Лучанок сябруе з Іосіфам Кабзонам, Людмілай Пахмутавай. Сябраваў і з Уладзімірам Мулявіным, якога лічыць геніем жанру. Ігар Міхайлавіч не хавае таго, што задаволены сабой і сваім жыццём: "Такіх, як я, у Савецкім Саюзе мала. А я ганаруся", — гарэзна прызнаецца Лучанок. Аднак для шматлікіх блізкіх і знаёмых людзей з Мар'інай Горкі ён усё той жа — з усімі шчыры і непасрэдны. І на фестывалі яго суправаджаюць не проста мясцовыя афіцыйныя асобы, але сябры.

Ініцыятарамі фестывалю песні і музыкі "Майскі вальс" на прызы Ігара Лучанка выступілі Пухавіцкі раённы выканаўчы камітэт і Саюз кампазітараў Рэспублікі Беларусь. Паўдзельнічаць у нараджэнні новага традыцыйнага свята і падзякаваць Лучанку за яго творчасць прыехалі намеснік старшыні Мінскага абласнога выканаўчага камітэта Віктар Шчэцька, першы намеснік старшыні выканаўчага камітэта СНД Уладзімір Гаркун, міністр абароны Рэспублікі Беларусь генерал-лейтэнант Юрый Жадобін і шмат іншых, а таксама прадстаўнікі Арменіі, Кіргізіі і Малдовы.

На адкрыцці фестывалю спявалі патрыятычныя песні Ігара Лучанка — выконвалі іх і прызнаныя беларускія артысты, і мясцовыя выканаўцы, і нават генерал! Нечакана феерычным атрымалася выступленне аркестра Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь: тут сышліся і прыгожыя мелодыі, і вайсковая дысцыпліна, і смеласць нестандартнага падыходу да творчых нумароў.

Мар'іна Горка мае пяць гарадоў-пабрацімаў. Іх прадстаўнікі з радасцю прыехалі на фестываль "Майскі вальс" і не ўтойвалі свайго захаплення ад таго, што адбываецца навокал. Расійская госця, намеснік старшыні адміністрацыі Дзмітраўскага муніцыпальнага раёна Алена Вінаградава адзначыла: "Імя Ігара Лучанка ў Расіі вядомае вельмі даўно. Ва ўсёй Расіі свята 9 мая пачынаецца менавіта з гучання "Майскага вальса".

Прадстаўніца Прохараўскага раёна Ірына Пагарэлава таксама выказала сваё захапленне: "Беларуская зямля з'яўляецца для Расіі прыкладам небывалага гераізму. Нельга без слёз узгадваць вашу Брэсцкую крэпасць, вашу Хатынь, вашы партызанскія атрады. Акрамя таго, тут нас сустрэла прыгажосць, гасціннасць, цеплыня. Зараз мы з трапятаннем чакаем конкурсу выканаўцаў і будзем у ім удзельнічаць.

Конкурсную праграму, у якой бралі ўдзел індывідуальныя выканаўцы і калектывы, ацэньвала журы на чале з кампазітарам, народным артыстам Беларусі Валерыем Івановым.

Адметна, што падаць заяўку на ўдзел у конкурсе маглі ўсе ахвотныя амаль да самага дня фестывалю. Таму змагаліся за прыз Ігара Лучанка ажно 40 канкурсантаў. Усе яны выконвалі кампазіцыі на яго музыку.

Па некалькі разоў гучалі любімыя ўсімі "Спадчына", "Мой родны кут", "Добры вечар, дзяўчыначка", "Дударыкі". Калі ў каторы раз за дзень фестывалю гучаў "Майскі вальс", было цяжка ўтрымацца на месцы і не ўзняцца, не пачаць кружыцца ў вальсе. Дзеці, дарэчы, так і рабілі.

Пад канец конкурснай праграмы напал пачуццяў, што давала музыка, быў ужо такім высокім, што пажылы мужчына, які сядзеў ля мяне, не вытрымаў і расплакаўся. Можа, прыгадаў у сваім жыцці нешта прыгожае, светлае, такое ж маладое, як гэтыя песні? Добра, што ёсць такія ноты, якія падбіраюцца на струнах душы...

Меркаванне журы адносна пераможцаў супала з маёй суб'ектыўнай глядацкай думкай — Гран-пры фестывалю "Майскі вальс" атрымаў народны вакальны ансамбль "Рэтра" Бярэзінскага раёна пад кіраўніцтвам Мікалая Міхайлоўскага. Яны і не чакалі такой узнагароды: паспелі ўжо змяніць свае шыкоўныя шляхетныя строі на звычайную вопратку і песню-пераможцу так і спявалі. Сыходзілі са сцэны па-беларуску сціпла і яшчэ быццам не верылі ў тое, што адбылося. Спецыяльны прыз Ігара Лучанка атрымаў Ягор Жулук — саліст пазашкольнага цэнтра "Світанак" Пухавіцкага раёна. Прэміямі першай ступені ўзнагародзілі салістку Дружненскай дзіцячай школы мастацтваў Пухавіцкага раёна Ганну Салаўянчык і ўзорны хор "Мара" Мар'інагорскай дзіцячай школы мастацтваў Пухавіцкага раёна пад кіраўніцтвам Людмілы Ажгерэй. Былі ўручаны дыпломы лаўрэатаў другой і трэцяй ступені, а таксама дыпломы ў трох намінацыях. Варта адзначыць, што пераможцы атрымалі грашовыя ўзнагароды: 1 млн руб. прызначаны лаўрэатам дыпломаў трэцяй ступені, 2 млн — другой і 3 млн — першай ступені. Уладальнікі Гран-пры павезлі дадому 5 млн руб.

Ігар Лучанок распавёў, як ставіцца да таго, што фестываль носіць яго імя:

— Я меў ідэю стварыць фестываль добрага густу, ваенна-патрыятычнай музыкі — і гэта дапамаглі зрабіць Садружнасць Незалежных Дзяржаў, Саюзная дзяржава і Узброеныя Сілы Рэспублікі Беларусь. Таму фестываль падняты да вельмі высока ўзроўню.

— Чаму ў вашым рэпертуары так шмат франтавых песень?

— Не толькі, яшчэ і любоўных многа: "Алеся", "Вераніка", "Зачарованая мая", "Маша-Маруся", "Світанак". А франтавыя песні — гэта сінтэз вельмі глыбокай лірыкі і страшных падзей, перажыванняў.

— Адкуль бяруцца прыгожыя мелодыі, што вас натхняла?

— Гэта ад Бога, ад мамы і ад трох кансерваторый — Мінскай, Пецярбургскай і Маскоўскай. Цяпер няма, каб гэтак сушылі мазгі, а я вучыўся ў вельмі славутых настаўнікаў.

Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
"Майскі вальс" загучаў пад небам Мар'інай Горкі. Малая радзіма зноў сустрэла свайго славутага ўраджэнца — народнага артыста Беларусі і СССР кампазітара...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика