"Студэнты прыязджаюць ВУЧЫЦЦА, каб пасля працаваць, а не наадварот"
16.05.2012
—
Новости Общества
|
У нумары за 5 мая "Звязда" змясціла артыкул пад назвай "Ініцыяваць бясплатны праезд для ўсіх студэнтаў у Мінадукацыі не плануюць", які актыўна абмяркоўваўся на інтэрнэт-парталах tut.bу і оnlіnеr.bу. На думку міністра адукацыі Сяргея Маскевіча, сёння ёсць дастаткова магчымасцяў, каб маладыя людзі маглі падзарабіць і не браць у сваіх бацькоў грошы на талончыкі і праязныя білеты. Студэнты сталічных ВНУ спадзяюцца на захаванне транспартнай ільготы для іх і ў наступным навучальным годзе, аднак думкі на гэты конт у грамадстве падзяліліся. Прычым аднадушнасці не назіраецца нават у асяродку студэнцкай моладзі. @ 9001: Я ўвогуле здзіўляюся, чыя разумная галава дадумалася зрабіць праезд для студэнтаў бясплатным? Такога няма нават у самых заможных краінах свету. @ LАKІRRR: Праязны на чатыры віды транспарту каштуе 110 тысяч, і я вельмі сумняваюся, што студэнты не могуць яго набыць. Дастаткова паглядзець вакол сябе: колькі студэнтаў кураць! Асабліва дзяўчат! Проста жах... Пачак цыгарэт у сярэднім каштуе 10 тысяч, так што лічыце самі... Дзяржава нясе вялікія страты... Колькі людзей у метро праходзяць па "ліпавых" студэнцкіх білетах. Да таго ж і кантралёр не можа праверыць кожнага. Мая думка наконт усяго гэтага наступная: няхай студэнтам па месцы вучобы выдаюць праязныя!!! @ qwеrt_009: Бясплатны праезд, безумоўна, не патрэбен, тым не менш прадаставіць студэнтам ільготу на праезд, як гэта робіцца ва ўсім свеце, будзе разумным, правільным і справядлівым! @ Mіkе216: Я сам — студэнт, таму магу ездзіць бясплатна, але мне гэта не трэба. Выдаткоўваць грошы з бюджэту трэба зусім не на бясплатны праезд для студэнтаў або танны бензін — ёсць куды больш важныя рэчы. Зарабіць на праезд студэнты могуць самастойна, прычым вельмі лёгка, сума ж — мізэрная. Дык навошта ў такім разе ім ільгота? @ blіnk4mе: Не ўсе могуць падзарабіць, як кажа міністр, таму гэтая ноша зноў ляжа на бацькоў. Пра тое, што моладзь ездзіць з айподамі, то такіх — адзінкі, а большай частцы студэнтаў патрабуецца падтрымка. І прыязджаюць у Мінск студэнты ВУЧЫЦЦА, каб пасля ПРАЦАВАЦЬ, а не наадварот. А потым усе здзіўляюцца, што кадры ВНУ выпускае ніякія і адукацыя ў нас — ніякая... @ ruslаn234: ...Так, студэнты могуць падзарабіць. Я — студэнт, які працуе. Але калі на працы ўзнікае хоць нейкая праблема, ты вымушаны пісаць: "Прашу вызваліць мяне ад заняткаў". А дэкан красамоўна дае зразумець, што студэнты дзённага аддзялення не павінны працаваць! Дык няхай спачатку ў Міністэрстве адукацыі разбяруцца і дадуць студэнтам "дабро" на тое, каб падчас навучання можна было АФІЦЫЙНА працаваць... @ Mіkе216: Я вучуся на дзённым аддзяленні: 90% патоку ў нас працуюць ці падпрацоўваюць. Вельмі складана гэта рабіць, толькі калі ў цябе другая змена (заняткі з 13.00 да 19.00) — пры такім раскладзе і сапраўды складана куды-небудзь уладкавацца. @ Саламон: Не ва ўсіх "вочнікаў" ёсць магчымасць працаваць з-за раскладу на апошніх курсах (заняткі праводзяцца не толькі ў першую, другую ці трэцюю змену, а кожны дзень — у розны час), да таго ж і выкладчыкі на малодшых курсах не так пільна сачылі за наведваннем, як робяць гэта на старэйшых курсах... @ Калготка: Я — студэнт трэцяга курса бясплатнага аддзялення БДУ. У мяне жонка і маленькая дачка. Часу на тое, каб вучыцца, працаваць і дзіця даглядаць, паверце, вельмі мала (працую на двух работах), таму льготы ніколі не перашкодзяць. Я б з радасцю мог пайсці на завочнае аддзяленне. АЛЕ! Я паступаў і хацеў вучыцца, я хачу атрымаць адукацыю, а не дыплом, быць спецыялістам, а не ўтрыманцам. А калі ты думаеш, як пракарміцца, як зэканоміць капейчыну, то тут ужо, шчыра кажучы, не да адукацыі. Студэнты — гэта будучыня, а шкадаваць на сваю будучыню грошы — глупства. @ раulstеаk: Навошта бясплатна? Зрабіце 30 ці 50 працэнтаў ад поўнага кошту і столькі ж — для пенсіянераў. Бясплатна — толькі ветэранам ці інвалідам, і ўсё! @ rustаm2012: За ўсё трэба плаціць. Я быў студэнтам, падпрацоўваў і пражыў без усялякіх ільгот. Трэба спыняць утрыманства, лічу яго горшым за карупцыю. @ рrоfеss-j: Нярэдка назіраю сітуацыю, калі прыкладна з 20 чалавек, якія знаходзяцца ў салоне, большая палова — утрыманцы (школьнікі і студэнты). Студэнтаў, дарэчы, намнога болей. Яшчэ чвэрць — бамжы, і толькі мы чацвёра аплачваем праезд за ўсю "банду" сацыяльных утрыманцаў. Дык чаго здзіўляцца, што праезд не акупляецца? Пры гэтым самае крыўднае, што ўсе ўтрыманцы — сядзяць, а мы, за чый кошт яны едуць, стаім побач, быццам прыслуга нейкая. Падрыхтавала Надзея НІКАЛАЕВА Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У нумары за 5 мая "Звязда" змясціла артыкул пад назвай "Ініцыяваць бясплатны праезд для ўсіх студэнтаў у Мінадукацыі не плануюць", які актыўна... |
|