Алена ільіна: "Сеткавыя тэхналогіі павінны забяспечваць стабільнасць і мадэрнізацыю палітычнай сістэмы...". 21.by

Алена ільіна: "Сеткавыя тэхналогіі павінны забяспечваць стабільнасць і мадэрнізацыю палітычнай сістэмы..."

17.05.2012 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

17 мая адзначаецца Сусветны дзень электрасувязі і інфармацыйнага грамадства, які ў гэтым годзе прысвечаны тэме "Жанчыны і дзяўчаты ў галіне інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій". Кандыдат палітычных навук, дацэнт Алена Ільіна, якая апублікавала больш за 40 прац, прафесійна займаецца праблематыкай палітыкі ў галіне інфарматызацыі і інфармацыйнага грамадства.

Аlmа Mаtеr і прэзідэнцкая стыпендыя

Наша знаёмства з Аленай Міхайлаўнай пачалося ў сценах Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, калі малады і таленавіты выкладчык з вялікім энтузіязмам і самааддачай спрабавала данесці на нас, студэнтаў Інстытута журналістыкі, азы паліталогіі. На занятках у яе заўсёды было цікава. Залік па гэтай дысцыпліне ў мяне атрымалася здаць з першага разу, хоць і вельмі хваляваўся. Усе пасля згадзіліся, што Алена Міхайлаўна "строгая, але справядлівая".

Яна, між іншым, скончыла з адзнакай аддзяленне паліталогіі юрыдычнага факультэта БДУ. А па размеркаванні працавала ў Інстытуце сацыяльна-палітычных даследаванняў (зараз — Інфармацыйна-аналітычны цэнтр) пры Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Пасля заканчэння дзённага аддзялення аспірантуры і паспяховай абароны дысертацыі засталася выкладаць на кафедры паліталогіі БДУ.

— Ніколі не сумнявалася ў сваім выбары навукова-педагагічнай сцежкі на паліталагічнай ніве Аlmа Mаtеr, — сцвярджае Алена Міхайлаўна. — Наша кафедра па праве лічыцца цэнтрам выкладання і развіцця айчыннай паліталогіі, падрыхтоўкі дыпламаваных спецыялістаў-палітолагаў. Створаная яшчэ ў 1991 годзе, яна стала першай інстытуцыянальнай формай беларускай палітычнай навукі. Сучасныя студэнты-палітолагі БДУ — перспектыўныя, таленавітыя, неардынарныя. Будучая палітыка-кіраўніцкая эліта Беларусі. Я не адношуся да ліку скептыкаў, якія ставяць пад сумнеў іх канкурэнтаздольнасць на рынку адукацыйных паслуг. Палітолаг — гэта гучыць годна!

Сёлета Алена Міхайлаўна атрымала стыпендыю Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь для таленавітых маладых вучоных. Яе адзначылі за дасягненні ў галіне навуковага, вучэбна-метадычнага і інавацыйнага забеспячэння працэсу дзяржаўнай палітыкі інфарматызацыі і развіцця інфармацыйнага грамадства ў Беларусі. "Гэта заслуга, безумоўна, роднай ВНУ, факультэта і, вядома, кафедры паліталогіі, — упэўнена маладая даследчыца. — Без мудрага навуковага кіраўніцтва загадчыка кафедры доктара палітычных навук, прафесара Сяргея Васільевіча Рашэтнікава і падтрымкі калег, мне б не ўдалося дасягнуць поспеху. Стыпендыя ж, бясспрэчна, сведчыць аб увазе кіраўніцтва краіны да айчыннай паліталагічнай супольнасці".

"Маё любімае стварэнне!" — так з гонарам называе Алена Міхайлаўна аўтарскі вучэбны курс "Дзяржаўная палітыка інфарматызацыі ў Рэспубліцы Беларусь", які ўпершыню выкладаецца студэнтам-палітолагам БДУ.

На шляху да інфармацыйнага грамадства...

— Ваша першая манаграфія называецца "На шляху да інфармацыйнага грамадства: дзяржаўная палітыка інфарматызацыі ў Рэспубліцы Беларусь". Як вы ацэньваеце ўзровень развіцця інфармацыйнага грамадства і электроннага ўрада ў Беларусі? Далёкі яшчэ ў нас "шлях"?

— У сваім штогадовым Пасланні беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу кіраўнік дзяржавы асобна закрануў тэмы інфармацыйнага грамадства, што, бясспрэчна, сведчыць аб яе актуальнасці. Летась быў утвораны Савет па развіцці інфармацыйнага грамадства пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь. Беларускім заканадаўствам упершыню замацаваны парадак абавязковага разгляду дзяржаўнымі органамі электронных зваротаў грамадзян. Прадугледжана афіцыйнае апублікаванне нарматыўных прававых актаў шляхам размяшчэння на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале. Па звестках выніковай справаздачы Міжнароднага саюза электрасувязі Mеаsurіng thе Іnfоrmаtіоn Sосіеtу 2011, са 152 краін свету па індэксе развіцця ІКТ Беларусь паднялася на 52 месца і ўвайшла ў пяцёрку дзяржаў-лідараў СНД. У глабальным рэйтынгу гатоўнасці да электроннага дзяржаўнага кіравання Unіtеd Nаtіоns Е-Gоvеrnmеnt Survеу 2012 наша краіна палепшыла свае пазіцыі, заняўшы 61 радок са 193. На сучасным этапе ў Беларусі закладзены прававы падмурак інфарматызацыі і завяршылася фарміраванне асноў інфармацыйнага грамадства. Да 2015 года запланаваны паэтапны пераход дзяржаўных органаў да прадастаўлення сеткавых паслуг праз Адзіны партал электронных паслуг.

— Што вядома аб беларускай інтэрнэт-аўдыторыі?

— Згодна з даследаваннем анлайн-аўдыторыі gеmіusАudіеnсе, у снежні 2011 года ўзровень пранікнення інтэрнэту ў Беларусі склаў 51% і перавысіў 4 млн карыстальнікаў. А значыць, мы сталі адным з лідараў сярод краін Цэнтральнай і Усходняй Еўропы па маштабах росту інтэрнэт-аўдыторыі. Самай шматколькаснай узроставай групай з'яўляюцца карыстальнікі ад 25 да 34 гадоў. Цікава, што працэнт жанчын у байнэце перавысіў працэнт мужчын. Каля 70% усіх карыстальнікаў па рэспубліцы наведваюць сацыяльныя сеткі. А 99% з наведвальнікаў сацыяльных сетак — моладзь ва ўзросце 15-18 гадоў.

— Апошнім часам у СМІ актыўна абмяркоўваецца тэма новых сацыяльных медыя ў палітыцы. Які ваш погляд на гэтую праблему?

— Віртуальныя сацыяльныя сеткі ў Беларусі ахопліваюць значную колькасць актыўнага электарату. Сеткавыя медыя, блогі, форумы, інтэрнэт-супольнасці паступова становяцца звычнымі элементамі палітычнай камунікацыі, новымі гульцамі на палітычным полі Беларусі. На мой погляд, не варта абмяжоўвацца аналізам выключна толькі негатыўнага ўздзеяння сацыяльных сетак на палітычны працэс. Сеткавыя тэхналогіі павінны забяспечваць стабільнасць і мадэрнізацыю палітычнай сістэмы. Мне здаецца, што іх канструктыўны патэнцыял застаецца ў значнай ступені незапатрабаваным як дзяржаўнымі інстытутамі, так і структурамі цывільнага грамадства. Беларускі кантэнт у блогасферы пакуль значна саступае па сваёй папулярнасці замежнаму. У сеткавай інфармацыйнай прасторы актыўнасць дзяржаўных інстытутаў не заўсёды супадае з іх офлайн-актыўнасцю, кіраўнікі пакуль не сталі сеткавымі лідарамі. Сёння можна сур'ёзна казаць аб сеткавым аспекце легітымнасці суб'ектаў публічнай палітыкі. Магчымасці блогасферы таксама не цалкам выкарыстоўваюцца і для ўмацавання знешнепалітычнага іміджу Беларусі. У той жа час не трэба забываць, што сеткавыя тэхналогіі могуць ствараць пагрозу нацыянальнай бяспецы. Прававой рэакцыяй дзяржавы на акрэсленыя праблемы сталі, напрыклад, навелы нашага заканадаўства ў сферы арганізацыі масавых мерапрыемстваў і выкарыстання сеткі інтэрнэт, якія выклікалі пэўны грамадскі рэзананс.

Уладзіслаў КУЛЕЦКІ.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
17 мая адзначаецца Сусветны дзень электрасувязі і інфармацыйнага грамадства, які ў гэтым годзе прысвечаны тэме "Жанчыны і дзяўчаты ў галіне...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика