Радашковіцкія куранты. 21.by

Радашковіцкія куранты

18.05.2012 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Вандроўка па слядах славутага песняра прывяла мяне ў Радашковіцкі касцёл Святой Тройцы: 12 ліпеня 1882 года ў гэтай святыні быў ахрышчаны будучы народны паэт Беларусі Янка Купала. Нечакана прыемна ўразіла стаўленне касцёльнай адміністрацыі да гэтага гістарычнага для краіны факта: на сцяне будынка ўсталявана мемарыяльная дошка.

З часоў Янкі Купалы ў касцёле мала што захавалася: невялікая частка керамічнай падлогі, масіўныя дзвярныя завесы, два вернутыя парафіянамі абразы, каваны крыж над брамай і гадзіннік. Пасля ліквідацыі храма ў 1951 годзе і размяшчэння ў ім вытворчасці, спадзявацца на захаванне якойсьці аўтэнтыкі не даводзіцца. Хоць бажніца і была вернута радашковіцкім вернікам і адноўлена імі, храм яшчэ не набыў сваёй ранейшай утульнасці і тым больш раскошы. Усё ў ім нібы часовае. Толькі гадзіннік, які называюць курантамі, знаходзіцца на сваім заўсёдным месцы. Магчыма, і ў тое далёкае лета, калі хрысцілі будучага класіка нашай літаратуры, ягоныя бацькі і хросныя з хваляваннем пазіралі на адлік часу і слухалі мяккі голас бою гадзіннікавага механізму. Хочацца верыць, што менавіта гэтак і было. А вось якую гісторыю пра "куранты" і не толькі пра іх расказала ўдзельніца парафіяльнай рады Галіна Недашкоўская.

— Калі наш касцёл зачынялі, гэты гадзіннік забраў да сябе старшыня сельсавета. Вядома, рэч прыгожая, патрэбная ў кожнай хаце! Не інакш, прывезена была з краіны гадзіннікаў — Швейцарыі — і ахвяравана касцёлу заможным дабрадзеем, — кажа Галіна Уладзіславаўна. — Але не сам былы старшыня вярнуў нам рэліквію, калі ў 1989 годзе касцёл зноў быў адчынены.

Прынёс гадзіннік у храм калекцыянер і аматар-рамонтнік Віктар Зялёнка — колішні дырэктар радашковіцкай музычнай школы. Калі гадзіннікавы механізм перастаў хадзіць, былы старшыня аднёс яго да майстра. Зялёнка пазнаў касцёльны лічыльнік часу, і, напэўна, схлусіў, сказаўшы, што рамонту ён не падлягае. Умудрыўся выдурыць гэтую рэч у гаспадара. А потым, адрамантаваўшы, перадаў у храм. Павесілі "куранты" на той самай калоне і на той самы крук. Хоць храм двойчы перажыў унутраную перабудову, умураваны крук на калоне нікому не перашкаджаў і застаўся да нашага часу.

Цяпер Галіна Недашкоўская адказвае за гадзіннік і адзін раз на два з паловаю тыдні старанна заводзіць яго. Становіцца на лескі, адчыняе дзверцы з круглым і квадратным акенцамі, бярэ ключ. Не хоча, каб спыняліся ні час, ні вера. Яе ж, патомную радашковіцкую каталічку, у 1946-м таксама, як і Купалу, хрысцілі ў гэтым храме. Памятае, як у час атэізму ў храме была механічная майстэрня, ездзілі нават трактары. На другім паверсе месціўся цэх па вытворчасці парафінавых дэкаратыўных свечак. Яна і сама пяць гадоў была майстрам гэтага цэху. Будынак у той час належаў аб'яднанню "Кераміка". Вядома, паўтарэння гэткай гісторыі нікому не хочацца.

Вонкава ж касцёл не пацярпеў. І брама перад храмам захавалася разам з каванымі весніцамі. На браму вернуты стары каваны крыж. Яго знайшоў на сметніку колішні каваль па прозвішчы Кучынскі. Адрамантаваў, прыхаваў да лепшых часоў. Сам да іх не дажыў, а крыж вярнуўся на месца. Пад ім неслі некалі да алтара свайго першынца Дамінік і Бянігна Луцэвічы. Неслі разам з хроснымі бацькамі Іосіфам Бандарэвічам і Алімпіяй Замбржыцкай — таксама жыхарамі фальварка Вязынка. Каб ведалі яны тады, каго далучаюць да сакрамэнту хросту!

У гэтыя майскія дні найлепшы выгляд Радашковіцкага касцёла — з вуліцы Горкага, праз квітнеючыя сады. Ды і ў самой Вязынцы якраз цяпер найлепшы стан прыроды — квецень. Тры гады запар я спрабаваў заспець гэты надзіва крохкі і нерушны час: то надвор'е не спрыяла, то квецені не было. Сёлета, нарэшце, усё супала.

Анатоль Кляшчук, Фота аўтара.

Радашковічы

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Вандроўка па слядах славутага песняра прывяла мяне ў Радашковіцкі касцёл Святой Тройцы: 12 ліпеня 1882 года ў гэтай святыні быў ахрышчаны будучы народны паэт...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика