Мой 10 клас пачаўся... з падпольнай "Звязды"
18.05.2012
—
Новости Общества
|
Сама не разумею, чаму я забылася пра гэта?.. Чаму забылася, як у пачатку новага навучальнага года адбываўся своеасаблівы конкурс сярод школьнікаў мінскіх школ — на права быць у складзе ганаровай варты ў час адкрыцця помніка першаму рэдактару падпольнай "Звязды" Уладзіміру Амельянюку і журналістам-падпольшчыкам, якія аддалі жыцці за Радзіму. Акрамя традыцыйнага набору характарыстык (выдатніца, камсамолка, актывістка), у мяне былі ўжо і неблагія творчыя дасягненні: перамогі ў творчых конкурсах, шматлікія публікацыі ў газетах "Чырвоная змена" і "Піянер Беларусі". Мабыць, гэта і стала вызначальным, чаму выбар прыпаў на мяне. Як даўно гэта было: верасень 1980 года! ...Як жа я магла забыцца на шматлікія рэпетыцыі халаднаватымі (калі не сказаць: халоднымі) вераснёвымі вечарамі, што працягваліся часам і да ночы — і тады нас адвозілі на "рафіку" па дамах. Блакітная куртачка, чырвоны берэт — мы адточвалі крок спачатку асобна, потым разам з салдатамі, потым у агульным сцэнарыі свята.
Як жа магла забыцца? Для мяне гэта была вельмі значная, вялікая падзея — але... выпускны клас, клопат пра вучобу і паступленне на журфак, а потым віхурнае наслаенне самых розных жыццёвых і прафесійных пуцявінаў... "Маё" адкрыццё помніка Уладзіміру Амельянюку каля Чырвонага касцёла (у той час ён быў Домам кіно) прыгадала зусім нядаўна, пару гадоў таму, — дзякуючы публікацыі ў "Звяздзе" артыкула гісторыка Яўгена Бараноўскага. Ён не проста ўзгадваў падрабязнасці той падзеі, але і апублікаваў фотаздымкі амаль 30-гадовай даўніны. І я пазнала сябе! Дык вось жа яна — я, школьніца! — перадапошняя ў гэтым шэрагу ганаровай варты. І нібыта перад вачамі паўстаў увесь той дзень... Як дзіўна складваецца жыццё. Ці мо сапраўды ёсць нейкае наканаванне лёсу?.. Помню, заканчваючы журфак, на размеркаванні, маючы "чырвоны" дыплом і тры заяўкі з мінскіх рэдакцый, выбрала раённую газету. Потым працавала ў шматтыражцы, паступіла ў аспірантуру — тады і завязалася цеснае супрацоўніцтва са "Звяздой". І ўжо 20 гадоў мы разам. Так атрымалася, што ці не з першага дня ў газеце папрасіла рэдактара даверыць мне весці тэму вайны. Пачатак 1990-х, час вельмі няпросты, акурат тады пачыналіся кардынальныя "пераасэнсаванні" гісторыі, звяржэнні герояў, навязванне "альтэрнатыўных" поглядаў на падзеі Вялікай Айчыннай... Ні разу за ўвесь гэты час наша родная "Звязда" — ні артыкулам, ні радком, ні словам — не здрадзіла сваім ваенным калегам-папярэднікам. Магчыма, сваю першую, самую галоўную звяздоўскую загартоўку я атрымала менавіта тады, у верасні 1980-га, калі школьніцай мела гонар непасрэдна далучыцца да адкрыцця НАШАГА помніка. Пэўна, гэта лёс... Таццяна Падаляк Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Сама не разумею, чаму я забылася пра гэта?.. Чаму забылася, як у пачатку новага навучальнага года адбываўся своеасаблівы конкурс сярод школьнікаў мінскіх школ — на... |
|