Едзеш паміж радамі? Знікні!. 21.by

Едзеш паміж радамі? Знікні!

18.05.2012 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Чаму аўтамабілісты і матацыклісты не любяць адзін аднаго і што з гэтым рабіць?

З прыходам вясны аўтамабілістам даводзіцца часцей глядзець у люстэрка — на дарогах з'явіліся матацыклы. І канфлікты паміж кіроўцамі аўтамабіляў і матацыклістамі сталі ўспыхваць з новай сілай. Ды што казаць пра канфлікты на дарогах... Нават на "круглым стале" пад назвай "Культура ўдзелу ў дарожным руху. Аўтамабіліст і матацыкліст — на шляху да ўзаемаразумення" — яго ўдзельнікі гэтага самага ўзаемаразумення так і не знайшлі і толькі і рабілі, што сыпалі абвінавачваннямі!

Застацца ў жывых!

Ведаеце, як называюць матацыклістаў урачы "хуткай дапамогі"? Патэнцыйнымі донарамі органаў. І яны не так ужо і памыляюцца. Бо матацыкл не толькі самы зручны транспарт для перагружаных гарадскіх вуліц, але адначасова і самы небяспечны. Рамантычны Максім Горкі калісьці напісаў: "Безумству храбрых поем мы славу!" Вось толькі ў дачыненні да матацыклістаў спяваць оды ніхто не спяшаецца: на іх скоса пазіраюць сваякі, іх недалюбліваюць звычайныя жыхары і амаль ненавідзяць кіроўцы аўтамабіляў.

Галоўная прэтэнзія кіроўцаў: байкеры ездзяць паміж радамі і не прытрымліваюцца разметкі. Некаторых аўтамабілістаў гэта вельмі раздражняе. Гараджан жа раздражняе тое, што матацыклісты бываюць занадта шумнымі, ездзяць па вуліцах без глушыцеляў і палохаюць усіх ровам сваіх матораў.

Ну, а сваякі... Іх, як правіла, палохае захапленне матацыклам, яны баяцца, як бы матацыкліст не пакалечыўся або, яшчэ горш, не загінуў на дарозе. Да таго ж матацыкл і ўсё, што з ім звязана, — гэта досыць дорага. На фінансавыя выдаткі байкера, звязаныя з яго захапленнем, сваякі глядзяць скоса. Але годная экіпіроўка матацыкліста (шлем, добрая куртка, пальчаткі, штаны, мотаабутак) часам здольная пазбавіць яго ад інваліднасці і нават захаваць жыццё. Калі мы едзем у аўтамабілі, — вакол нас хоць нейкая скрынка, а ў матацыкліста галава, ногі, рукі — безабаронныя. На хуткасці ўсяго 5 км/г падзенне з матацыкла прыводзіць да здзёртай да крыві скуры на далонях. Уявіце цяпер, што будзе з галавой, рукамі, тулавам, калі яны сустрэнуцца з асфальтам на хуткасці хоць бы 40 км/г або іх закране аўтамабіль! За прыкладам хадзіць далёка не трэба: 1 мая гэтага года ў Баранавічах адбылося сутыкненне матацыкліста з BMW, які выехаў на сустрэчную паласу. У выніку матацыкліст застаўся без нагі.

Крыху статыстыкі

Дарэчы, пра статыстыку: па словах старшага інспектара УДАІ МУС Беларусі Станіслава САЛАЎЯ, за 4 месяцы гэтага года з удзелам матацыклістаў адбылося 41 ДТЗ, у якіх 4 чалавекі загінулі і 42 атрымалі раненні рознай ступені цяжару. У 10 выпадках кіроўцы былі ў нецвярозым выглядзе. З чатырох загінулых матацыклістаў у стане ап'янення былі трое, маладыя людзі 1991, 1988 і 1989 гадоў нараджэння. "У асноўным прычынай такіх ДТЗ з'яўляецца грубае парушэнне правілаў самімі матацыклістамі, — сцвярджае Станіслаў Салавей. — Часцей за ўсё гэта нецвярозыя вадзіцелі, многія не маюць вадзіцельскага пасведчання, вопыту кіравання. Часта прычынай становіцца тэхнічны стан матацыкла".

Праўда, ён адзначыў, што ў асноўным аварыі з матацыклістамі адбываюцца ў сельскай мясцовасці. З матацыклістамі, арганізаванымі ў мотаклуб, такіх праблем звычайна няма. "Наша праблема — гэта перыферыя і сельскія жыхары. Яны часта ездзяць нецвярозымі. Ездзяць на тэхніцы, якая часам наогул не падвяргалася тэхагляду. Калі б усе матацыклісты былі ў мотаклубе, гэтых праблем у нас было б у дзясяткі разоў менш", — лічыць прадстаўнік УДАІ МУС.

Паглядзі ў люстэрка задняга віду!

Старшыня мотаклуба "Жыццё ў руху" Аляксандр ТАРАСАЎ сцвярджае, што ў сталіцы больш за ўсё праблем узнікае з неспрактыкаванымі матацыклістамі.

— 90% загінулых матацыклістаў складаюць людзі, якія першы-другі год за рулём матацыкла. У мяне вадзіцельскі стаж 22 гады. Першы мой матацыкл быў "Мінск". Мы ішлі да японскіх і амерыканскіх матацыклаў паступова. Зараз купляюць магутныя матацыклы, а навыкаў ваджэння няма, — кажа Аляксандр Тарасаў. — Матацыкл — адзін з выдатных сродкаў перамяшчэння, на якім можна праехаць праз усе заторы досыць хутка. Я еду на працу праз увесь горад. На аўтамабілі я марную на дарогу 35-40 хвілін, а на матацыкле, не перавышаючы хуткасці, — 20-25 хвілін.

— Трэба быць больш культурнымі на дарозе! — заклікае Аляксандр Тарасаў. — Калі матацыкл цябе абганяе, цябе не павінна душыць жаба. Прапусці! Людзі садзяцца на матацыкл, каб паскорыць сваё перамяшчэнне па горадзе. І не абавязкова пры гэтым перавышаць хуткасць. Але некаторыя аўтамабілісты, стоячы перад святлафорам і бачачы матацыкліста, які лавіруе паміж радамі, могуць знарок адчыніць дзверы, толькі б ён не праехаў у міжраддзе і не апярэдзіў іх. Гэта што тычыцца культуры.

Што тычыцца бяспекі, то чалавек, які не ездзіць на матацыкле, не можа ацаніць набліжэнне матацыкла. "Паглядзеў у люстэрка, убачыў кропку, пачаў мяняць паласу — і прыціснуў матацыкліста. Кіроўцам машын трэба быць больш уважлівымі і часцей глядзець у люстэрка задняга віду", — адзначыў старшыня мотаклуба.

Кожны год у нас папаўняюцца спісы загінулых. Асноўная прычына — аўтамабілісты не заўважаюць двухколавы транспарт, заяўляе Ігар ПАЗНЯК, член рады Мінскага скутарклуба. "Кіроўцы аўтамабіляў не ўлічваюць дыстанцыю, хуткасць. Часам едзеш, а чалавек, які выязджае за рулём машыны з другараднай дарогі, глядзіць ва ўпор на цябе і не бачыць. Такое адчуванне, што аўтамабілісты заўважаюць толькі тое, што большае за іх машыну", — сцвярджае прадстаўнік скутарыстаў.

Скутарыстаў крыўдзіць стаўленне да іх

— Рух скутарызму ў нашай краіне знаходзіцца ў зачаткавым стане, — кажа Ігар Пазняк. — У іншых краінах (Еўропы, Азіі, Амерыкі) у цэлым двухколавы рух больш папулярны, чым у нас. Я амаль год пражыў у Італіі. Там скутары вельмі папулярныя, нават больш, чым матацыклы. У нас людзі часта не ўяўляюць сабе, што такое скутар. Лічаць, што гэта нешта накшталт мапеда. Не, гэта паўнавартасны транспартны сродак. Па сутнасці, гэта той жа матацыкл. На сённяшні дзень маламагутныя скутары, якія адносяцца да катэгорыі мапедаў, у нашай краіне займаюць дзесьці 10% ад усіх скутараў. Паступова гэтая катэгорыя памяншаецца, паколькі з мінулага года ўвялі абавязковую рэгістрацыю з усімі вынікаючымі наступствамі (страхоўка, тэхагляд і інш.) і абавязковае атрыманне вадзіцельскіх правоў для скутарыстаў.

Скутарыстаў крыўдзіць стаўленне абывацеляў да іх. "Людзі думаюць стэрэатыпамі, маўляў, скутар каштуе 200-300 долараў і ездзяць на іх адны хлапчукі. Гэтыя ўяўленні трэба мяняць, — упэўнены Ігар Пазняк. — Добры скутар сёння каштуе як трое "жыгулёў" і больш. Да скутара звяртаюцца ў апошні час дарослыя людзі, якія стаміліся ад затораў на дарогах. Дарэчы, у Мілане мэр горада ездзіць на працу на скутары.

Асноўнай прычынай гібелі скутарыстаў спецыялісты называюць тую ж, што і для матацыклістаў: кіроўцы не заўважаюць і не хочуць заўважаць двухколавы транспарт. І вось гэтае "не хочуць" — горш за ўсё.

— Ёсць вадзіцелі адэкватныя, ёсць неадэкватныя. Трэцяй катэгорыі няма. Незалежна ад таго, хто на чым едзе, — адзначае прадстаўнік Мінскага скутарклуба Тарас КУТНЯК. — Аднак, здаўшы на правы, кіроўцы аўтамабіляў адразу забываюць некалькі пунктаў правілаў. Тых, якія кажуць аб праве кіроўцаў двухколавага транспарту на праезд паміж палосамі. І рэагуюць на іх з раздражненнем. Вельмі часта сутыкаўся і з жаданнем аўтамабілістаў "пацягацца" з матацыклам на святлафоры...

Так што, як бачым, заклік да культуры на дарозе актуальны і злабадзённы. Вось толькі як гэтую культуру прывіць? Аднымі заклікамі тут, відавочна, не абысціся...

Святлана БУСЬКО.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Чаму аўтамабілісты і матацыклісты не любяць адзін аднаго і што з гэтым рабіць? З прыходам вясны аўтамабілістам даводзіцца часцей глядзець у люстэрка — на дарогах...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика