Каладзішчанскі палігон для выпрабавання... грабляў. 21.by

Каладзішчанскі палігон для выпрабавання... грабляў

29.05.2012 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Адміністрацыя Партызанскага раёна сабрала жыхароў, якія там ўжо атабарыліся, на прэзентацыю плана будучага мікрараёна. Дыскусіі разгарэліся не пусцяковыя. Я прысутнічаў на іх, і склалася ўражанне, што праекціроўшчыкі і гарадскія ўлады наступаюць на тыя ж граблі, што і іх калегі пры праектаванні кітайскага тэхнапарку ў Смалявіцкім раёне...

Ніхто з адказных таварышаў людзей на палігоне не збіраў, з імі не гутарыў. На працягу некалькіх месяцаў у розных міністэрствах і ведамствах “кляпаўся” план асваення тэрыторыі ў 4000 гектараў зямлі. Дарэчы, на момант сходу яна не перададзена гораду Мінскай вобласцю. Крыху адвялі пад патрэбы Нацыянальнай акадэміі навук, крыху пад “Гольф-клуб”.

А 1900 гектараў зойме “горад-сад”, па маштабах параўнальны з Барысавам. Што за людзі прыйшлі на сустрэчу з членамі камісіі, якая рыхтавала план забудовы?

Два дзесяткі гадоў таму іх, розных па дастатку, узросту і жыццёвых інтарэсах, аб’яднала адно гора: ні электрычнасці, ні вадаправода, ні газавых сетак, ні аб’ектаў сацыяльнай сферы, ні надзейнага транспартнага забеспячэння, адны траншэі і акопы. Дзякуй сапёрам, што хоць неўзарваўшыхся снарадаў няма, якімі цэлілі па танках. Зямля ж — суцэльны пясочак, “запраўлены” гільзамі. Колькі напісана скаргаў, просьбаў, завезена чыноўнікам хабараў, сёння ўжо  ніхто  не  падлічыць.  Тым  не  менш  некалькі соцен катэджаў узведзена, і людзі ў іх абаснаваліся надзейна за трохмятровымі па вышыні агароджамі з нямецкімі і каўказскімі аўчаркамі.

Палігон, празваны ў народзе “востравам слёз”, набыў рысы нейкага населенага пункта. У аўтобусе № 31, які курсіруе на Каладзішчанскія могілкі, яго аб’яўляюць як “Калодзішчы-2”, у сельсавеце лічаць аграгарадком.

За ўласныя сродкі, скінуўшыся 3—4 дварамі, прабурылі свідравіны глыбінёй больш 100 метраў, што забаронена заканадаўствам, і дабраліся да вады. Падвялі газ, узвялі летнія пабудовы. І ім ўжо ніхто не патрэбен: ні сельсавет, ні горад, ні новыя тарыфы. Яны хочуць жыць самі па сабе, самі для сябе.

Інвестар-уласнік адкрыў краму. Ды ім і без яе было няблага: у кожным двары аўтамабіль, а то і два, і тры.

Другая група пасяленцаў толькі асвойвае купленыя землі і карыстаецца тым жа асартыментам метадаў, што і іх папярэднікі. Гэтым горад патрэбен, як дождж  пустыні,  бо ў сельсавеце няма грошай ні бадзяжных сабак палавіць, ні на святло на вуліцах, ваду, газ і электрычнасць.

Некалькі слоў пра план, які выстаўлены на абмеркаванне. Ён прадугледжвае ўзвядзенне ў ваколіцах палігона ТЭЦ. Пабудаваць хочуць на месцы існуючага аднакалейнага пуці, які звязвае Калодзішчы з Шабанамі, сапраўдную чыгунку. Нават з сартавальнай станцыяй, каб вазіць грузы ў лагістычны цэнтр ля аэрапорта.

Тут жа паблізу размесціцца прамысловая зона на 60 тысяч рабочых месцаў і трамвайна-аўтобусны парк.

З другога боку палігон мяжуецца з хуткаснай аўтамагістраллю, якая звяжа “магілёўку” з Нацыянальным аэрапортам. Але ў тым выпадку, калі гаражане дазволяць знесці гаражны кааператыў, які ўзнік гадоў колькі назад і мазоліць вочы праекціроўшчыкам.

Такі план у гарадскіх улад. І вось тут пачынаецца валтузня. Праславутыя граблі, якія вечна пад нагамі ў бюракратаў.

Ужо ў падрыхтоўку ўкладзены вялікія сродкі, праведзены даследаванні і ўзгадненні розных ведамстваў. Значыць, замест таго, каб азнаёміць людзей з забудовай палігона на стадыі ідэі і ўлічыць іх меркаванні, даводзіцца “угаворваць”, ламаць іх ход мыслення цяпер. А грамадзяне не згодны з запозненымі аргументамі, яны падаюцца ім не вельмі пераканаўчымі.

А цяпер я вам як прадстаўнік дзяржаўнай газеты скажу: такого сцэнарыя толькі і чакаюць так званыя апазіцыйныя структуркі. Яны нават гэтыя самыя граблі асобным недальнавідным прадстаўнікам мясцовай улады злоўмысна пад ногі суюць, каб тыя наступілі. І тады гвалтам крычаць: каравул, парушаюць правы...

А насамрэч, бывае аўчынка вырабу не каштуе. Калі ўсё зрабіць своечасова і па-людску...

Не ў першы раз такія паводзіны асобных чыноўнікаў падрываюць не толькі іх аўтарытэт, але і аўтарытэт усёй улады. Адказваць за гэта павінны канкрэтныя бюракраты...

Пятро КАВУНОЎ, “БН”

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Адміністрацыя Партызанскага раёна сабрала жыхароў, якія там ўжо атабарыліся, на прэзентацыю плана будучага мікрараёна. Дыскусіі разгарэліся не пусцяковыя. Я...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика