Тры ўрокі на ўсё жыццё
31.05.2012
—
Новости Общества
|
Iншы раз і адно слова ці ўчынак могуць змяніць чалавека кардынальна Урок першы. Сорам даўжынёй у 70 год Маючы за плячамі тры класы царкоўнапрыходскай школы, мая бабуля валодала выдатнымі педагагічнымі здольнасцямі. Замест натацый, якія, як вядома, маюць часта адваротны эфект, або “лабавога” ўздзеяння, якое толькі раздражняе ды выклікае злосць, бабуля выхоўвала нас, распавядаючы розныя гісторыі з уласнага жыцця ці жыцця аднавяскоўцаў. Такіх гісторый за доўгае жыццё набралася ў бабулі шмат. Былі сярод іх і кур’ёзныя, і камічныя, і нават трагічныя, а вось выпадак, за які, па словах бабулі, ёй было сорамна ўсё жыццё, адбыўся толькі адзін раз, у далёкім дзяцінстве. Аднойчы, калі сям’я села абедаць, да іх зайшоў суседскі хлопчык, бабулін аднагодак. І так здарылася, што ніхто не здагадаўся запрасіць яго да стала, хоць усім вядома, што самая смачная ежа — у суседзяў, а калі яшчэ з сябрамі, дык і наогул… …Тым часам сям’я працягвала абедаць, а хлопчык, некаторы час моўчкі пастаяўшы ля дзвярэй, раптам адчыніў іх і выразна так прамовіў: “Я ціхенька сказаў на вас, што вы дурні”. З гэтымі словамі ён выйшаў з хаты і больш да іх не прыходзіў. У хуткім часе сям’я бабулі пераехала жыць у Нікалаеў, а калі праз 10 гадоў вярнулася ў родную вёску, то аказалася, што хлопчык той даўно памёр ад сыпнога тыфу. “70 гадоў прайшло, — з вінаватай усмешкай закончыла свой расказ бабуля, — а мне перад ім сорамна да гэтай пары”. Урок другі. “Двадзесьце пеньць” Калі “за польскім часам” праз нашу вёску правялі першую тэлефонную лінію, было майму дзядзьку 12 гадоў. “І хоць у такім узросце даводзілася ўжо шмат працаваць, — гаварыў ён, — усё ж мы знаходзілі час, каб разбіць некалькі ізалятараў на драўляных слупах. Хто з рагаткі, хто з рукі, некалькі дзён запар спаборнічаючы паміж сабой, “стралялі” мы камянямі па ізалятарах, аж пакуль нас не злавілі за гэтым заняткам польскія паліцыянты. Чалавек сем адвялі нас тады ў пастарунак. Там стаяла шырокая лава, на якую нас па чарзе клалі на жывот, папярэдне спусціўшы штаны да каленяў. “Порцыя” была для ўсіх аднолькавая: “двадзесьце пеньць” гумовай дубінкай па мяккім месцы, незалежна ад колькасці разбітых ізалятараў. Ты-дзень не маглі мы сядзець, — смяяўся дзядзька, — нават елі стоячы і ніводнага ізалятара больш не разбілі. Так што, — рабіў ён выснову, — самы кароткі шлях да мазгоў не ад вушэй і вачэй, а праз азадак”. Адразу скажу: я не прыхільнік тагачасных метадаў барацьбы з вандалізмам, але ж паламаныя агароджы, знявечаныя прыпынкі грамадскага транспарту, разбітыя ліхтары і знішчаныя помнікі на могілках штодня нагадваюць нам, што праблема існуе і што з гэтым нешта трэба рабіць. Урок трэці. Закон Шмітке У 1956 годзе на цалінных землях Паўночнага Казахстана паспеў небывалы ўраджай пшаніцы. Казалі, што калі Хрушчоў, які ў ліпені таго ж года наведаў Кустанайскую вобласць, зайшоў на пшанічнае поле, дык бачны быў толькі ягоны капялюш. А калі пачалася ўборка, то хлебапрыёмныя пункты і элеватары не спраўляліся з велізарным патокам хлеба. Тэхніка выходзіла са строю, асабліва часта рваліся транспарцёрныя ленты. Людзей таксама не хапала. І тады мяне і яшчэ некалькі чалавек знялі з будоўлі і накіравалі на хлебапрыёмны пункт рамантаваць тыя ленты. Я быў прызначаны памочнікам пажылога рабочага, этнічнага немца Адольфа Шмітке. Адны ленты мы сшывалі скураным шпагатам, другія — ставілі на заклёпкі. Дык вось, калі Шмітке пачынаў кляпаць, ягоныя заклёпкі выглядалі як сапраўдныя творы мастацтва: так старанна ён цюкаў малатком ды гладзіў іх напільнікам. У хуткім часе я, тады малады ды гарачы, не вытрымаў і сказаў яму, што так мы з ім і на хлеб не заробім. Шмітке падняў на лоб акуляры і, уважліва паглядзеўшы на мяне, сказаў: “Калі мы будзем спяшацца, то можам дрэнна сшыць ленты, і яны хутка парвуцца. Хто-небудзь тады спытае: хто гэта рабіў? Скажуць — Шмітке, і мне будзе вельмі сорамна”. Гэтыя словы Адольфа Шмітке я запомніў на ўсё жыццё і кожную справу імкнуўся рабіць так, каб за зробленае ніколі не было сорамна. А тым, каму стане смешна з гэтага прыкладу, жадаю сустрэць на жыццёвым шляху свайго Шмітке і жыць па яго законе. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Адно слова ці ўчынак могуць змяніць чалавека кардынальна
|
|