Беларуская мова — мова эліты і апазіцыі
31.05.2012 13:25
—
Новости Общества
| Будзьма беларусамі!
Источник материала: Будзьма беларусамі! У сакавіку 2012 года ГКК “Будзьма беларусамі!” і лабараторыя сацыялагічных даследаванняў “Новак” правялі сацыялагічнае апытанне што да нацыянальнай ідэнтычнасці беларусаў, стаўлення да беларускай мовы, гістарычнай памяці. Гэта ўжо другое апытанне на такую тэматыку. Папярэдняе было ў 2009 годзе. Сёння кампанія “Будзьма беларусамі!” прэзентуе частку даследавання, якая датычыць стаўлення беларусаў да нацыянальнай мовы. На думку амаль паловы беларусаў, размаўляюць па-беларуску сапраўдныя патрыёты (46,7%). З 2009 года гэтая лічба практычна не змянілася. Аднак зрабіўся заўважным антаганізм паводле прыкметы стаўлення да мовы: з аднаго боку, удвая павялічылася колькасць тых, хто мяркуе, што людзі, якія заўжды размаўляюць па беларуску, — “эліта нацыі”: 5,5% (2009) і 10,4% (2012). З іншага боку, таксама вырасла меркаванне, што гэта “апазіцыя”: 4,2% (2009%) і 8,9% (2012). Адначасова колькасць тых, што мяркуе, што па-беларуску гаворыць толькі вёска (стэрэатып быў створаны ў савецкія часы), практычна не вырас з 2009 года і знаходзіцца на ўзроўні 6,1%. Яшчэ 29% у прынцыпе не звяртаюць увагі га тое, якой мовай карыстаецца суразмоўца. Трэндам апытання з’яўляецца стаўленне да беларускамоўнай рэкламы: калі ў 2009 толькі 37% беларусаў хацелі бачыць больш рэкламы па-беларуску, то цяпер пазітыўна ацэньваюць беларускамоўную рэкламу ажно 55,6%. Калі ж увогуле ацэньваць стаўленне беларусаў да ўжытку мовы, то можна зрабіць выснову, што беларусы пераважна пазітыўна ставяцца да выкарыстання мовы ў сям’і (51,18%), з сябрамі і калегамі (51,1%), у СМІ (55,4%), у афармленні гарадоў і вітрынаў (64,1%), у рэкламе (55,6%), у палітыцы і дзяржаўным кіраванні (50,1 %). Няма згоды ў беларусаў адносна павелічэння карыстання мовай у сферы адукацыі: 43,3% выказаліся негатыўна і хутчэй негатыўна, 47,1% — пазітыўна і хутчэй пазітыўна. Негатыўныя ацэнкі пашырэння ўжытку беларускай мовы пераважваюць у сферы фармальных зносін, зносін чалавека і дзяржавы ці бізнэсу. Беларусы не гатовыя весці бізнэс на беларускай мове — пераважная большасць (52,4 %) выказалася негатыўна і хутчэй негатыўна і толькі 33% ацанілі пашырэнне выкарыстання мовы ў гэтай сферы пазітыўна і хутчэй пазітыўна. Прыблізна тое самае датычыць беларускай мовы ў войску — 48,4 % негатыўна супраць 35,7% пазітыўна. У дзяржаўным справаводстве — 51,7% негатыўна супраць 36,5 % пазітыўна. Аднак пры ўсім гэтым 47,6% ставяцца пазітыўна і больш пазітыўна да таго, каб самім размаўляць па-беларуску, што на 7,3% больш за тых, хто ставіцца да гэтага адмоўна ці хутчэй адмоўна. Дарэчы, цалкам адмоўна да гэтага ставяцца толькі 15,5%. Падчас апытання было зададзенае і пытанне адносна роднай мовы рэспандэнтаў, пры гэтым мы давалі магчымасць назваць некалькі моваў. У выніку 57,2% назвалі роднай мовай беларускаю, а 78,7% — рускую. Атрымліваецца, што 35% (57+78 = 135%) беларусаў маюць дзве родныя мовы. Дзяржаўная палітыка ў сферы папулярызацыі беларускай мовы таксама дэманструе “эфектыўнасць”: за два гады, што прайшлі паміж апытаннямі, веданне мовы беларусамі значна пагоршылася. Усё болей рэспандэнтаў заяўляюць, што ведаюць мову “пасрэдна”, “дрэнна” і “вельмі дрэнна”. Калі ў 2009 годзе 51% апытаных лічылі, што ведаюць мову “добра” і “вельмі добра”, дык сёлета такіх аказалася толькі 40%. Як і мінулым разам, дадзеныя апытання гэтага года сведчаць пра супярэчнасць паміж валоданнем беларускай мовай і яе выкарыстаннем. Паводле сведчанняў рэспандэнтаў, 23,4% з іх (у 2009 было 34,2%) свабодна валодаюць беларускай мовай, але пастаянна карыстаюцца ёю толькі 3,9% (было 5,8%). У нефармальнай абстаноўцы, у сям’і беларускую мову выкарыстоўваюць часцей, але з фармалізацыяй моўнай сітуацыі або ў сітуацыі камунікавання з незнаёмцамі шанцаў, што ва ўжытку будзе беларуская мова, застаецца ўсё менш. Такім чынам, практычнае выкарыстанне беларускай мовы лакалізуецца, замыкаецца ў вузкім коле “сваіх”, што вядзе да ўжывання абмежаванага набору моўных рэсурсаў. Асноўная прычына, з якой рэспандэнты не ўжываюць беларускую мову, з іх словаў, — не дрэннае валоданне ёю, а “адсутнасць беларускамоўнага асяроддзя”. Гэтую прычыну называюць 46,5% апытаных супраць 31,1%, якія лічаць прычынаю ўласны недастатковы ўзровень валодання моваю.
Табліца дэманструе, што беларусы гатовыя да пасіўнага валодання мовай (глядзець фільмы па-беларуску і г.д.), “за” выступае 36,1% рэспандэнтаў. Калі ж гаворка ідзе пра сферы, дзе патрэбнае актыўнае валоданне мовай (уменне гаварыць, пісаць), як, напрыклад, пры карыстанні мовай на працы, “за” выступае толькі 18,2% апытаных. Такім чынам, выснова, што беларусы гатовыя да “беларусізацыі”, не выглядае надуманай: няхай і ў “пасіўнай” для нашых суграмадзянаў форме, але яна можа праводзіцца. Яшчэ адным фактам, які пацвярджае гэтую выснову, ёсць тое, што 42,9% рэспандэнтаў не задаволеныя працай дзяржавы па папулярызацыі і развіцці беларускай мовы. Толькі 14,8% беларусаў лічыць, што робіцца цалкам дастаткова, 34,8% — хутчэй дастаткова. Лічба ў 42,9% сведчыць пра даволі нізкую, крытычную ацэнку ролі дзяржавы ў папулярызацыі мовы. Трэба заўважыць, што нягледзячы на ўсе негатыўныя тэндэнцыі, дастаткова вялікая колькасць тых, хто хоча мець магчымасць карыстацца беларускай мовай на працы і ў грамадскіх месцах. Аднак агульная карціна дае падставы сцвярджаць, што самаацэнка валодання беларускай мовай завышаная. Абмежаванне сфераў ужытку мовы, рэдкая практыка прыводзіць да зніжэння ведаў і навыкаў настолькі, што большасць ужо з прычыны дрэннага валодання мовай (а не з прычыны “дрэннага іміджу”) не гаворыць па-беларуску. Акурат “імідж” беларускай мовы за гэтыя тры гады не пагоршыўся. Грамадская культурніцкая кампанія “Будзьма беларусамі!” перакананая: вынікі апытання сведчаць, што грамадства не толькі незадаволенае роляй беларускай мовы, адведзенай ёй сёння, але і чакае ад уладаў і бізнэсу крокаў па пашырэнні яе ўжытку. Пры станоўчым іміджы беларускай мовы, яе запатрабаванасці нашымі суграмадзянамі падае ўзровень валодання ёй. ГКК “Будзьма беларусамі!” лічыць, што дзяржаўныя органы Беларусі павінныя зрабіць правільныя высновы з вынікаў гэтага апытання і распачаць канкрэтныя захады па папулярызацыі беларускай мовы. Але не падлягае сумневу і той факт, што сучаснае грамадства ў вялікай ступені здольнае да самаарганізацыі, таму грамадскім арганізацыям і камерцыйным установам не варта чакаць дырэктывы “зверху”, а самім усё больш і больш укараняць беларускую мову ў сваіх камунікацыях, што, як сведчаць вынікі апытання, будзе станоўча ўспрынята іх партнёрамі і кліентамі. Абмеркаванне ўсіх вынікаў сацыялагічнага апытання пройдзе 5 чэрвеня a 18-00 ў эфіры TUT.BY. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У сакавіку 2012 года ГКК “Будзьма беларусамі!” і лабараторыя сацыялагічных даследаванняў “Новак” правялі сацыялагічнае апытанне што да нацыянальнай ідэнтычнасці беларусаў, стаўлення да беларускай мовы, гістарычнай памяці. Гэта ўжо другое апытанне на такую тэматыку. Папярэдняе было ў 2009 годзе. Сёння кампанія “Будзьма беларусамі!” прэзентуе частку даследавання, якая датычыць стаўлення беларусаў да нацыянальнай мовы.
|
|