Апартаменты чакаюць "зорак"
09.06.2012
—
Новости Общества
|
Дзе будуць жыць "зоркі", якія возьмуць удзел у сёлетнім музычным "базары"? Што новага з'явіцца ў гасцініцах, каб "зорным" кліентам было яшчэ больш утульна? Нагадаем, што 21-ы Міжнародны фестываль мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску" афіцыйна адкрыецца 12 ліпеня. — У горадзе для пражывання і адпачынку ўдзельнікаў фестывалю будуць задзейнічаны 13 гасцініц і інтэрнатаў, у прыватнасці, медыцынскага ўніверсітэта і ветэрынарнай акадэміі, тэхнічнага і тэхналагічнага каледжаў, каледжа сувязі, а таксама прафілакторый "Жалязнякі", — паведамілі ў службе размяшчэння дырэкцыі фестывалю "Славянскі базар у Віцебску". Яны стануць часовым "домам" больш чым для 2,5 тысячы чалавек — артыстаў, канкурсантаў, рэжысёраў, работнікаў тэхнічнай службы, прадстаўнікоў СМІ і г.д. Наконт "зорак" размова асобная. Райдары (спіс неабходных умоў для выступлення. — Аўт.) у некаторых такія, што ў Віцебску проста немагчыма іх выканаць. Ды няма і атэляў узроўню "пяць зорак"! А як сесці верталёту на дах гатэля, які для такіх пасадак не прызначаны? Памятаецца, дырэктар "базара" Радзівон Бас абяцаў нават кнігу ўспамінаў напісаць аб знаходжанні "зорак" у Віцебску. (Нагадваю пра гэта яму і нецярпліва чакаю.) Твор, безумоўна, стане бестселерам. Між іншым, як высветлілася, некаторыя "зоркі" "не ў курсе" патрабаванняў сваіх жа райдараў. У гэтым прызнаўся, напрыклад, Аляксандр Рыбак. (Маўляў, супрацоўнікі фірмы, якія прадстаўляюць яго інтарэсы, стараюцца, каб артысту заўсёды было добра.) А што сёлета? Для вядомых на ўвесь свет Саманты Фокс і Крыса Нормана з Вялікабрытаніі, па папярэдняй інфармацыі, рыхтуюцца трохпакаёвыя апартаменты ў 4-зоркавай гасцініцы "Лучоса". Усяго тут каля трыццаці такіх апартаментаў. У гасцініцы часткова абноўлена мэбля. Да паслуг гасцей канферэнц-зала, пакой перамоў, рэстаран, кухня якога, як сцвярджаюць у атэлі, цалкам адпавядае запытам "зорных" пастаяльцаў. Аўтар гэтых радкоў меў гонар аднойчы "на халяву" паесці ў рэстаране атэля. І афіцыянт запэўніваў, што менавіта такія суп і салату елі "зоркі". (Што ж, жыццё пражыў не дарма!) Аднайменнае турагенцтва гатова арганізаваць турыстычныя паездкі па рэгіёне — як групавыя, так і індывідуальныя. Хаця, зразумела, тую ж Фокс і без агенцтва пры яе жаданні куды-небудзь павязуць. У атэлі "Віцебск" яшчэ з пачатку года ў дваццаці нумарах праведзена замена мэблі, а зараз яшчэ ў дзесяці нумарах змяняецца інтэр'ер. Задумалі нават зрабіць басейн. Многія "зоркі" любяць спыняцца ў параўнальна невялікім "трохзоркавым" атэлі "Эрыдан" (што у цэнтры Віцебска, недалёка ад цяперашняй пешаходнай вуліцы), дзе ўсяго толькі 25 нумароў. Пра гэта сведчаць падзякі ў "Кнізе водгукаў і прапаноў". Тут у розныя гады жылі Уладзімір Мулявін, Аляксандра Пахмутава і Мікалай Дабранраваў, Ала Пугачова, Максім Галкін, Лайма Вайкуле, Райманд Паўлс, Барыс Майсееў і іншыя знакамітасці. Дарэчы, у атэлі адкрыта галерэя партрэтаў "зорных" гасцей, якая ўжо налічвае пару сотняў здымкаў. Цяперашнім летам у гэтай гасцініцы ўпершыню будуць праводзіцца выставы. І госці змогуць азнаёміцца з творчасцю сучасных віцебскіх мастакоў. Усе нумары атэля нагадваюць утульныя сямейныя "гняздзечкі". У гасцініцы ёсць свае канферэнц-зала, бар, сауна, рэстаран "Эрыдан" на 45 месцаў... Многія гараджане чамусьці ўпэўнены, што гасцінічны комплекс "Ветразь", які знаходзіцца недалёка ад "Лучосы", але, скажам так, зусім не на цэнтральнай вуліцы — сціплы атэль "эканом-класа". Але гэта не адпавядае рэчаіснасці. Бо ў атэлі, разлічаным на 250 месцаў, ёсць аж 4 нумары класа "люкс", і звыш 50-ці — павышанага камфорту . Асаблівасць гэтай гасцініцы — у індывідуальным падыходзе да афармлення нумароў, якія атрымліваюць затым кожны сваё імя, якое "вызначае характар" апартаментаў, "раскрывае іх настрой". Ужо скончаны рамонт яшчэ шасці імянных нумароў павышанай камфортнасці, створаны арыгінальны інтэр'ер. Цікава, што да цяперашняга "Славянскага базара ў Віцебску" ў гэтай гасцініцы актуальнай стане менавіта музычная тэма, а таксама традыцыі народных майстроў. Камусьці з гасцей дастанецца нумар "Венскі вальс", камусьці "Месячная саната"... А ўвогуле ў віцебскіх атэлях усім гасцям, незалежна ад рангу і рэгалій, гарантуюць цёплы і гасцінны прыём. Аляксандр ПУКШАНСКІ
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Дзе будуць жыць "зоркі", якія возьмуць удзел у сёлетнім музычным "базары"? Што новага з'явіцца ў гасцініцах, каб "зорным" кліентам было яшчэ больш... |
|