АЛЁ, Народ на провадзе. 21.by

АЛЁ, Народ на провадзе

09.06.2012 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

З цемры... На святло!

Любіў я некалі слухаць цешчыны аповеды пра жыццё даваеннай вёскі, пра розных людзей.

То жыла ў іх, значыць, жанчына па прозвішчы Каляда, якую ўсе звалі Калядзіхай, дбайна працавала, звеннявой была па вырошчванні лёну, хоць і непісьменная.

Аднак хто б гэта помніў — тады ж ці не ўсе так... А вось Калядзіха...

Карацей, незадоўга да вайны той калгас, дзе яна працавала, набыў паравы лакамабіль — устаноўку, з дапамогай якой пілавалі дошкі, рабілі сталярку, малолі зерне. Ну і, вядома ж, пачалі ў хаты электрычнасць падключаць.

З каго пачалі? Ды з той самай Калядзіхі. Прыйшлі да яе электрыкі. І ведама — майстры: хуценька ўсё правялі, павесілі патрон, прыладзілі выключальнік — і ходу. Мусіць, дужа спяшаліся, бо нічога кабеце не сказалі. І яна — што тут да чаго і як чым карыстацца — спытаць не асмелілася...

А восень на дварэ... Рана цямнее. У 6 гадзін вечара ў яе хаце ўспыхнула лямпачка. Рада кабета ледзь не да слёз! Светла ж стала, хораша, нават цёпла! Не тое што пры газніцы! Яна і мыць, яна і шыць — парабіла ўсю работу... Час бы спаць. Але ж як, калі ў хаце хоць іголкі збірай?

Калядзіха тады пад лямпачку табурэт, узабралася на яго, падзьмула — не гасне святло! Паспрабавала да проваду чорную анучку прычапіць — пацямнела, але ж смурод... Хуценька зняла. Азірнулася — збанок на палічцы стаіць. Убіла гаспадыня два цвічкі ў столь, апусціла лямпачку ў пасудзіну, прывязала і тады ўжо, нарэшце, лягла!

...Раніцай у двор да яе зазірнуў электрык. Пытаецца:

— Ну як, цётка, ці задаволеная ты навінкай?

— А як жа! Вельмі! — адказвае кабета. — Адно хіба дрэнна: збанок заняты — няма ў што малако зліваць.

— Які збанок?.. І чым заняты? — не разумее хлопец.

— А хадзем у хату, я пакажу.

Электрык на парог — і ў рогат!

— Цётка, — потым кажа, — мы ж выключальнік паставілі. Во, глядзі, пстрыкнуў уверх — святло загараецца, пстрыкнуў уніз — гасне.

— Добра, — адказвае жанчына, — вечарам я праверу. Але ж і збан свой здымаць не буду. Бо раптам ваш "<І>вы ключальнік" святло не ўключыць... Альбо не выключыць... Мой такі больш надзейны.

П.І. Браток,

г. Мінск.

Мужык падумаў — мужык зрабіў

Гэта была першая рыбалка, на якую Пётра браў суседа.

Калі па шчырасці — не хацеў, бо халяўшчык той, якіх пашукаць. І жмінда: зімой снегу ў яго не выпрасіш! Але ж гэта з аднаго боку, з другога — ён лодку гумовую мае. Возьме з сабой, удваіх спусцяць на ваду... Відавочна ж — болей наловяць. А калі яшчэ і ў добрым месцы ды з начлегам...

Дамовіліся, загадзя купілі ўсё патрэбнае, досыць доўга ехалі. Ды ў такую глуш...

Але ж спыніліся. На высокім беразе ракі (Пятро яшчэ змалку гэтае месца ведаў) паставілі палатку, дасталі з сумкі правізію — селі перакусіць. Як зазвычай — цяпнулі па сотцы, потым яшчэ па адной, і яшчэ...

Колькі было выпіта — не лічылі. Факт, што ачуняў Пятро толькі на золку, падумаў, што зараз — самы час парыбачыць.

— Лявон, грэц цябе бяры! — стаў будзіць суседа. — Уставай! Віднее ўжо... Самы клёў...

— Адчапіся, — буркнуў той, — я пасплю.

— А якога ражна тады ехаць было? Дома што — легчы няма дзе? Уставай... Трэба лодку спусціць...

— Табе трэба — ты і спускай. Я не буду.

Не дык не, халера з табой, падумаў Пятро. Тым больш што сусед быў не дужа і патрэбен. А вось лодка яго... Паклаў ён туды ўсе прылады, піхануў яе — з берага, пад ухіл, самаходам...

Лёгенька пайшла — як па масле, хуткасць набіраць стала... Але ж не паспеў Пятро парадавацца —"завіс" нібы той камп'ютар: да абрыву ўслед за лодкай... "ляцеў" Лявон.

"Усё, хана чалавеку, — панеслася думка, — загубіў суседа... Хіба ён у ваду, можа, зараз, а не ў лодку...

Была на гэта надзея. І тут жа знікла — ад характэрнага гуку, падобнага на ўдар сырога мяса аб кухонную дошку.

На дрыжачых нагах Пятро ступіў на край берага, каб паглядзець уніз — на тое, што... засталося ад суседа.

Але ж праўду кажуць: Бог п'яніц любіць (хоць долі і не дае): устае той! Страсае пясок з адзежы! Вяроўку на назе разглядае:

— Ідрыць тваю налева! — кажа сам сабе, — во ёлупень я дык ёлупень! Во пень! Лодку прывязаў. Добра — за нагу, а каб...

— А якой халеры ты наогул яе прывязваў? — папытаўся Пятро.

— Каб не скралі.

— Тут? — у Пётры аж вочы на лоб палезлі. — Хто? Аніводнай жа душы наўкола!

— Я падумаў: "А раптам якая залётная... І злодзей".

— А хоць бы і злодзей! Ты ж з-за лодкі ледзь канцы не аддаў!

...Карацей, гэта была першая рыбалка, на якую Пётра ўзяў суседа.

Яна ж была і апошняя.

Н. ЗУБРЫЦКАЯ,

г. Мінск.

Стукайце! І вам адчыняць

Швагер распавядаў: у суседняй вёсцы, у адрозненне ад ягонай, жыццё яшчэ віруе. Там і Дом культуры жывы, і кавярня ў выхадныя па той бок ночы працуе, і міліцыя бывае часцей: то з тых, што без флікераў, штрафаў набярэ, то п'янага якога запыніць, то матацыкліста без шлема...

Але ж неяк і да "канторы" адной завітала. Бачаць: тэрыторыя асветленая, а ў будцы вартаўніка — цемень.

У браму пагрукалі — ніхто не адчыніў ім. Яны цераз верх тады — і ў памяшканне. Бачаць: дзяжурны той не каб прыдрамаў, ён на лаве... ложак зрабіў — распрануўся, ватоўкай накрыўся... І спіць! Ды яшчэ і анучы на цвічкі павесіў — ад мінулых Каляд не мытыя.

— Ты як гэта службу нясеш? — крычаць на яго міліцыянеры. — Вартаўнік... Ліха тваёй мацеры! За што табе грошы плацяць?.. Ды ў іншы час цябе б да сценкі за гэта ...

А той вочы прадраў, на лаве сеў і не каб апраўдвацца ці прабачэння прасіць, кажа:

— Ды хто сюды палезе, хлопцы? Тут жа вартаваць няма чаго, усё скрадзена...

Абурыліся правяральшчыкі, запісалі ягонае прозвішча і назаўтра, відаць, куды трэба далажылі, бо ў канторы гэткі вэрхал падняўся: усіх вартаўнікоў, "из-за "одын паршивый овца", як той казаў, паабяцалі прэміі пазбавіць...

Самае цікавае, што "ўляцела", відаць, і мясцоваму ўчастковаму, бо ў наступную ноч ужо ён вырашыў ахову праверыць. Адзінае, у адрозненне ад сваіх папярэднікаў, у тую браму грукаць не стаў. Цераз верх сігануў — і ўжо "на аб'екце"...

А вартаваў яго, між тым, не гэты мужык, а кабета. Ды каб сама, а то ж... з сабакамі. Адзін — вялізны такі, і голас бы іерыхонская труба, але ж дурань-дурань: гаўкне на некага, як для прыліку і адразу ж хвастом віляе. Другога ж і сабакам не выпадае назваць — здыхлік: малое, худое, шкадобнае, ну Моська Моськам! А тут...

Галоўнае — без брэху як падскочыць ён да "зламысніка", як схопіць за штаны — разлупіў калашыну ў імгненне вока! Яшчэ і за лытку ўкусіў.

У "Шэрыфа" ад такой неспадзеўкі аж мова аднялася. А калі вярнулася, давай ён правы качаць: маўляў, вартаваць з сабакамі нельга, на гэта спецыяльны дазвол патрэбен!.. А без яго (без дазволу, значыць) вартаўніца будзе плаціць: за лячэнне раз, за штаны парваныя два... Гразіўся ў суд на яе падаць!

Але ж потым ці мо сам датумкаў, ці мо нехта нагадаў, што, перш чым кудысьці зайсці, проста пастукаць трэба.

А. Л.

г. Бабруйск.

А ёй — розніца!..

Можа, некаму падасца, што замнога пішу я пра свой Лучын. Ды чаму ж не пісаць, калі ёсць пра што, абы цікава чытаць было.

Ну дык вось. У прыватным найме нідзе, мусіць, гэткіх цэн няма, як у нас. Бо запанелі нашы мужыкі (аднаго дык так і завуць — Пан): раней усё самі рабілі, а цяпер дык наймаюць ужо — і ўзараць, і дровы пасекчы... Думаеце за літр ці пляшку? Як кажа Задорнаў: "Ага, счас!" (хоць і не без гэтага...) — хлопцы па поўнай "ірвуць", калі заробкі трапляюцца! І нікуды ж не дзенешся: не хочаш плаціць — рабі сам.

А калі не можаш?

Цётцы Пашцы трэба было грушу спілаваць. Толку з яе — аніякага: толькі цень дае, прыгнятае самую найлепшую "Таніну яблыню" (дачка, Тання, з яе яблыкі вельмі любіла). Дык трэба ж зрабіць, каб іх болей было, каб сокам хутчэй наліваліся?

Карацей, дамовілася цётка з трыма хлопцамі, паклікала ў двор, "аб'ект" паказала.

Яны паглядзелі... Абушком па грушы пацюкалі (дрэва аж звініць!)... "Гарбузы" свае пачасалі, цыгаркамі папыхкалі:.

— Крэпкае дрэва, цётка, — сталі цану набіваць, — "заманаемся"... Трэба трохі накінуць...

— Ды накіну, хлопчыкі, я накіну... Толькі спілуйце хоць.

— Ну то нясі інструмент. Ды прыгатуй прыкусіць нам.

Цётка з радасці лецьма ў хату — пілу прынесла, а сама назад, у кухню: на стол жа трэба збіраць.

"Хлопцы" ж тым часам пілу разглядваюць, а яна — ведама, без мужчыны, без гаспадара — не тое што "разводу", напільніка ніколі не бачыла. Шарганулі хлопцы ёю па грушы — выніку, як палкай па жалезе.

Яшчэ раз "гарбузы" пачухалі: кусок работы тут... А ім жа трэба "зарабіць, ды каб не рабіць".

Бачаць — побач з грушай яблыня расце (тая, Таніна). Дрэва таксама цвёрдае, але ж не настолькі. Ды і танчэйшае яно ўдвая. Вось і вырашылі работнічкі, што цётцы ж без розніцы, што паваліць.

І павалілі. У хату прыйшлі. Цётка рада ім:

— Во як вы хуценька! Ведама — мужчыны. А то хоць ты плач з гэтай грушай... Малайцы! Налівайце...

Паўтараць гэтую каманду хлопцам не трэба было: выпілі, добра закусілі, плату забралі — ды і з хаты. Цётка ўслед ім як магла "спасібувала"!.. Ад усёй душы...

А потым пайшла ў сад.

Адразу ўбачыла — там павіднела! А вось у вачах у яе — не, бо груша як узвышалася, так і ўзвыша- ецца, а вось улюбёнай "Танінай яблыні" болей няма: на цурбаны парэзана.

...Праўду кажуць: ёсць алкагольная залежнасць, а ёсць — ад алкаголікаў. І абедзве яны страшныя-страшныя.

Соф'я Кусянкова,

в. Лучын, Рагачоўскі раён.

Рубрыку вядзе Валянціна Доўнар.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
З цемры... На святло! Любіў я некалі слухаць цешчыны аповеды пра жыццё даваеннай вёскі, пра розных людзей. То жыла ў іх, значыць, жанчына па прозвішчы Каляда, якую ўсе...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика