Беларускія санаторыі мяняюць аблічча
21.06.2012
—
Новости Общества
|
У гэтым можна пераканацца, калі завітаць у курортны пасёлак Нарач. На ўрачыстым адкрыцці лячэбнага корпуса санаторыя "Прыазёрны" Упраўлення справамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь было заўважана, што гэта мерапрыемства можна лічыць другім днём народзінаў установы. Дарэчы, работы па мадэрнізацыі і абнаўленні лячэбнай базы санаторыя праводзіліся ў межах рэалізацыі дзяржаўнай праграмы развіцця Нарачанскага краю. Санаторый не проста ўвёў у эксплуатацыю новыя аб'екты — змяніліся і падыходы ў абслугоўванні турыстаў. Прычым карыстацца паслугамі ўстановы могуць не толькі гаспадары пуцёўкі ў "Прыазёрны", а любы чалавек, які адпачывае на Мядзельшчыне. Ужо сёння ўрачы-тэрапеўты санаторыя працуюць без выхадных, і медыцынскія паслугі можна атрымліваць круглы тыдзень. — Адпачывальнікі не павінны думаць пра тое, які сёння дзень тыдня — панядзелак ці нядзеля. Мы павінны быць мабільнымі і падстройвацца пад патрэбы людзей, каб неабходныя працэдуры і кансультацыі яны змаглі атрымаць тады, калі ім зручна, — заўважыў дырэктар санаторыя "Прыазёрны" Дзмітрый Рыбко. Трэба адзначыць, што з абнаўленнем базы дзяржаўнае прадпрыемства "Санаторый "Прыазёрны" зможа не толькі значна пашырыць пералік і аб'ём паслуг, але і заняцца раскручваннем адпачынку ў выхадныя дні. — Сёння не так шмат месцаў, куды на выхадных можна выехаць, адпачыць, атрымаць пэўныя працэдуры і кансультацыі, прычым на высокім узроўні. Па сутнасці, да апошняга часу гэта заставалася праблемай, — заўважыў начальнік дзяржаўнай установы "ЦэнтрКурорт" Алег Міхайлаў. На санаторый "Прыазёрны" якраз і ўскладзена місія прывучыць беларусаў, якія раней выязджалі на адпачынак за межы рэспублікі, рабіць гэта дома. Дарэчы, якімі вы ўяўляеце лячэбныя карпусы? Белыя сцены, чэргі каля працэдурных кабінетаў, санвузлы са старым абсталяваннем? Спадары, вы адсталі ад жыцця. Сёння санаторыі Беларусі мяняюць сваё аблічча. Нават знешне яны ўжо зусім не падобныя да тых устаноў, што працавалі яшчэ за савецкім часам. Сучасны "Прыазёрны" больш нагадвае з густам аформленую гасцініцу, прычым і адпачынак ён прапануе не горшы, чым у замежных атэлях. Тут з'явіўся 20-метровы басейн з зонай для воднай гімнастыкі, абсталяваны воднымі пушкамі, масажным каскадам, ваннамі-джакузі, ёсць дзіцячы басейн з цёплымі фантанамі і атракцыёнамі. Да паслуг — комплекс з трыма відамі лазняў (рускай, турэцкай і фінскай) і пакоем штучнага лёду, памяшканнямі для адпачынку і рэлаксацыі. Акрамя таго, дадайце да адпачынку яшчэ такі бонус, як аздараўленне. Профіль санаторыя — хваробы органаў кровазвароту, нервовай сістэмы, касцёва-мышачнай сістэмы і злучальных тканак, хваробы органаў стрававання. Сёння тут аказваецца больш за 70 відаў паслуг. З'явіўся ў санаторыі і СПА-цэнтр, дзе праводзіцца 10 відаў масажу. У кожным з шасці кабінетаў цэнтра — свая атмасфера, свае дэталі, колеры, пахі, гукі. Прычым сярод жанчын, якія завіталі сюды, каб пазнаёміцца з новай паслугай санаторыя, былі і дасведчаныя дамы, якія пабывалі ўжо не ў адным СПА-салоне. Яны адзначылі, што СПА-цэнтр "Прыазёрнага" не саступае еўрапейскім. Трэба сказаць, што санаторый не толькі змяніў "абалонку" і пашырыў паслугі. Вялікая ўвага надавалася навучанню ўсіх супрацоўнікаў. Медыкі, супрацоўнікі СПА, абслуговы персанал праходзілі навучанне ў лепшых у Беларусі спецыялістаў. Напрыклад, для пакаёвак было арганізавана навучанне ў чатырохзоркавым атэлі "Мінск". — Безумоўна, каб стварыць усё тое, што мы сёння маем, давялося шмат паездзіць, — распавядае дырэктар санаторыя "Прыазёрны" Дзмітрый Рыбко. — Мы знаёміліся з тым, якія ў свеце ёсць падыходы да санаторнага лячэння, гасцінічнага бізнэсу і нават гасціннасці. Я асабіста ездзіў у Друскінінкай, абышоў усе лепшыя атэлі і СПА-комплексы. Каб нашы спецыялісты адчулі, як трэба працаваць, як стварыць пэўную атмасферу, іх адпраўлялі ў Літву. Яны жылі ў "СПА-Вільнюс", атрымлівалі СПА-працэдуры. І сёння я настройваю свой калектыў працаваць так, каб людзі зразумелі, што да нас варта прыязджаць. У бліжэйшы час арганізацыяй адпачынку на выхадныя дні зоймуцца і іншыя санаторыі Беларусі. — Плануем развіваць такія паслугі і, адпаведна, паляпшаць матэрыяльна тэхнічную базу ў санаторыі "Баравое", "Сосны". У бліжэйшы час пачнецца рэканструкцыя санаторыя "Юнацтва", рамонт будзе праведзены ў корпусе "Марскі", і ў хуткім часе гэты санаторый мы зробім такім жа шыкоўным, як "Прыазёрны" , — паведаміў намеснік кіраўніка справамі Прэзідэнта Іосіф Роліч. Іосіф Баляслававіч заўважыў, што ўжо сёння многія замежныя госці, якія знаёмяцца з беларускімі санаторыямі, маюць адчуванне, што яны трапляюць у Еўропу. Алена Дзядзюля. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У гэтым можна пераканацца, калі завітаць у курортны пасёлак Нарач. На ўрачыстым адкрыцці лячэбнага корпуса санаторыя "Прыазёрны" Упраўлення справамі...
|
|