"Абед з д'яблам" на канале НТБ
26.06.2012
—
Новости Общества
|
Прадуманы "піяр" ці плявок у ветэранаў? Пра тое, што ў сетцы тэлеканала НТБ на 22 чэрвеня запланаваны паказ фільма "Служу Савецкаму Саюзу", а таксама пра звязаны з ім скандал аўтар гэтых радкоў даведаўся зусім выпадкова — з перадачы на іншым расійскім канале. Там паведамілі, што міністр культуры Расійскай Федэрацыі Уладзімір Мядзінскі звярнуўся да кіраўніцтва тэлеканала НТБ з просьбай не паказваць менавіта 22 чэрвеня, у Дзень памяці і смутку, "больш чым спрэчны фільм", дзе "няма станоўчых герояў, якія носяць савецкую ваенную форму". "Гэта можа быць успрынята многімі як абраза ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны і нашай гістарычнай памяці", — палічыў Уладзімір Мядзінскі, які атрымаў за два дні на сайт міністэрства і свой асабісты адрас 2000 лістоў з патрабаваннем зняць фільм з паказу. Пазнаёміўся з праграмай тэлеперадач: сапраўды, фільм там пазначаны. Зараз, думаю, пагляджу яго і зраблю ўласныя вывады. Аднак у праграме тэлеканала "НТБ — Беларусь" адбываюцца змены: замест карціны "Служу Савецкаму Саюзу" ў эфір выходзіць іншая. Таму звяртаюся да паслуг інтэрнэту. Аказваецца, вакол фільма, які рэжысёр Аляксандр Усцюгаў зняў па рамане Леаніда Менакера "Абед з д'яблам", ужо на ўсю моц кіпяць жарсці. Прычым з расійскімі тэлегледачамі сітуацыя іншая. Паведамляецца, што на НТБ рэкамендацыю міністра расцанілі як ціск і ад паказу фільма не адмовіліся. Калі коратка, то сюжэт фільма такі. Лагер НКУС на беразе Белага мора ў ліпені 1941-га. Побач высаджваецца гітлераўскі дэсант. Ахова лагера дае драпака, а палітзняволеныя аб'ядноўваюцца з крымінальнікамі і дзякуючы зброі, якую пакінулі ахоўнікі, знішчаюць фашыстаў. Пасля чаго салдаты і афіцэры НКУС вяртаюцца і, каб утаіць тое, што здарылася, расстрэльваюць усіх вязняў, а лагер спальваюць. Напрыканцы фільма — пакуты сумлення ў былога начальніка лагера. У інтэрнэце ўжо хапае каментарыяў наконт гістарычных і мастацкіх вартасцяў карціны. Пераважаюць негатыўныя ацэнкі гэтага твора, у тым ліку гісторыкаў і кінакрытыкаў: "занадта шмат мастацкага вымыслу", "перакручванне фактаў", "сюжэтныя няўвязкі, нядбайнасць у дачыненні да дэталяў"... З іншага боку, ёсць у фільма і прыхільнікі, якія не згодныя з абвінавачваннямі ў нейкай палітычнай кан'юнктуры ("карціна пазбаўлена палітычных падтэкстаў, яна ў першую чаргу пра каханне дваіх людзей, якія, насуперак абставінам і часу, захавалі пачуцці адно да аднаго") і папракаюць сваіх апанентаў у "нежаданні прымаць іншы погляд на гісторыю". А асабістае ўражанне? Мяркую, што гэта яўна не шэдэўр. Падчас прагляду фільма не пакідала ўражанне, што табе прапануецца не "іншы погляд" на падзеі гісторыі, а набор "штампаў" пра савецкае мінулае, закамуфліраваны пад быццам бы новы, арыгінальны палёт аўтарскай думкі. І нават лінія кахання паміж галоўнымі героямі, на маю думку, не выратоўвае гэты твор ад адчування ненатуральнасці. Таму наўрад ці мне захочацца зноў паглядзець фільм. У маім асабістым "рэйтынгу" сучасных стужак пра вайну ён і блізка не стане побач, напрыклад, з карцінай "У жніўні 44-га ...". Хаця, вядома ж, разумею, што ва ўспрыманні любых твораў, у тым ліку кінамастацтва, усё вельмі суб'ектыўна і ніхто не можа прэтэндаваць на ісціну ў апошняй інстанцыі. Аднаму не падабаецца, а другога нешта зачэпіць за жывое. Дарэчы, фільм "Служу Савецкаму Саюзу" некалькі месяцаў таму паказваўся на ўкраінскім тэлеканале "Інтэр" і надта вялікага рэзанансу, паводле звестак у інтэрнэце, не выклікаў. Ды і ў гэтым выпадку — з паказам на НТБ наўрад ці стварылася б скандальная сітуацыя, калі б не дата — менавіта 22 чэрвеня. А можа, гэта быў піяр-ход, які загадзя прадугледжваў адмоўную рэакцыю часткі грамадства, а тым самым і прыцягненне ўвагі да кінапрадукту, які многімі ацэньваецца як даволі пасрэдны? Да прыкладу, прадзюсар фільма публічна выказала ўдзячнасць міністру Уладзіміру Мядзінскаму за "бліскучую рэкламную кампанію карціне" — так ацэньвае яна вышэйзгаданы зварот міністра. Зрэшты, піяр, рэклама любога фільма — справа важная, але ўсё ж другасная. Гэтая кампанія праходзіць, і потым толькі гледачу вырашаць, добры твор ці дрэнны. Кожнаму асабіста, незалежна ад якіх-небудзь зваротаў і змен у тэлепраграмах. На тое ж і галава, каб думала. Барыс ПРАКОПЧЫК Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Прадуманы "піяр" ці плявок у ветэранаў? Пра тое, што ў сетцы тэлеканала НТБ на 22 чэрвеня запланаваны паказ фільма "Служу Савецкаму Саюзу", а таксама пра...
|
|