Ці надоўга знік з продажу айчынны карп?
05.07.2012
—
Новости Общества
|
Такім было чарговае пытанне, што паступіла на рэдакцыйную "гарачую" лінію ад мінчанкі. Паводле яе слоў, у іх сям'і заведзена хаця б раз у месяц набываць свежую рыбу, найперш карпа. Зазірнула жанчына ў вядомы сталічны магазін "Акіян", а там — пустыя-сухія акварыумы. У вітрынах толькі адна перамарожаная рыба замежнага паходжання. А дзе ж карпы, што плавалі тут яшчэ нядаўна? Пайшла на Камароўскі рынак, дзе заўсёды традыцыйна гандлююць сваё прадукцыяй адразу некалькі рыбгасаў, — тая ж карціна. Няма ў продажы жывога карпа і ў іншых гандлёвых прадпрыемствах. Па каментарыі мы звярнуліся ў дзяржаўнае вытворчае аб'яднанне "Белмеліявадгас" — структурнае падраздзяленне дэпартамента па меліярацыі і воднай гаспадарцы Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання. У прыватнасці, пагутарылі з намеснікам начальніка аддзела па забеспячэнні і збыце вышэйназванага аб'яднання Валерыем Багданоўскім. — Практычна ўсе рыбгасы краіны нядаўна закончылі рэалізацыю "ўраджаю" мінулага года. Трэба заўважыць, што вытворчасць рыбы ў нашай краіне ў сувязі з кліматычнымі ўмовамі носіць сезонны характар. Доўга трымаць вырашчаных яшчэ летась карпаў нявыгадна: яны пачынаюць худзець. Тэхналогіі вырошчвання ў закрытых памяшканнях, якія выкарыстоўваюцца на Захадзе, дастаткова дарагія і падыходзяць найперш для вытворчасці каштоўных відаў рыбы — фарэлі, асятровых, — расказаў Валерый Яўгенавіч. — Зараз у рыбгасах ідзе актыўны адкорм рыбы сёлетняга "ўраджаю". Адкорм доўжыцца два месяцы — чэрвень і ліпень. Рэалізоўваць рыбу, якая не набрала вагі, немэтазгодна і эканамічна нявыгадна. Масавы яе вылаў традыцыйна распачынаецца з сярэдзіны жніўня. Аднак жывая рыба з'явіцца ў продажы ўжо ў бліжэйшыя дні, калі пройдуць селектыўныя вылавы. Што гэта такое? Пры масавым аблове сажалак вада з іх цалкам спускаецца і вылаўленая рыба змяшчаецца ў спецыяльныя садкі. Цяпер такі спосаб не падыходзіць, таму што працягваецца адкорм карпа. Таму пад кармушкамі ставяцца спецыяльныя пасткі, куды і трапляе рыба. Дробная адпускаецца назад, буйнейшыя экзэмпляры — рыбіны вагой ад 600-800 грамаў — якраз і пойдуць у гандаль. Дарэчы, пры селектыўным вылаве вывучаецца, як ідзе набор вагі рыбай, вызначаюцца сажалкі, дзе ў сярэдзіне жніўня распачнецца масавы аблоў. Карыстаючыся выпадкам, мы пацікавіліся ў Валерыя Багданоўскага, якімі будуць цэны на прадукцыю сёлетняга "ўраджаю", наколькі яны могуць змяніцца. — У сабекошце вытворчасці рыбы каля 60 працэнтаў складае кошт кармоў. У параўнанні з мінулым разам яны падаражэлі ў два-тры разы. Натуральна, па аб'ектыўных прычынах, у тым ліку найперш па вышэйназванай, рыба новага "ўраджаю" некалькі павялічыцца ў кошце, — адказаў Валерый Яўгенавіч. — Вядома, не ў два-тры разы. Мы цудоўна памятаем пра сацыяльную значнасць тавару. Апроч таго, самі зацікаўлены, каб цэны былі даступнымі і прадукцыя знаходзіла свайго пакупніка. Падаражанне складзе, думаецца, каля 20 працэнтаў. Сяргей РАСОЛЬКА. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Такім было чарговае пытанне, што паступіла на рэдакцыйную "гарачую" лінію ад мінчанкі. Паводле яе слоў, у іх сям'і заведзена хаця б раз у месяц набываць...
|
|