Ванна для Трыстана. 21.by

Ванна для Трыстана

06.07.2012 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Пакуль у заапарку адны ратуюцца ў вадзе, іншыя — "кайфуюць"

Буры мядзведзь купаецца ў ванне, ваўкі закопваюцца ў пясок, а львы цягнуць лапы да неба... Гэта не псіхадэлічнае кіно з элементамі фантастыкі, а ўсяго толькі дзень у Мінскім заапарку, калі слупок тэрмометра пераадольвае адзнаку ў трыццаць градусаў.

Сапраўдная гарачыня трымаецца яшчэ не так доўга, а людзі ўжо паспелі адчуць, што такое абпаленыя на сонцы насы і плечы, цяплічна гарачыя ўмовы ў гарадскім транспарце і велізарны попыт на квас і марозіва. Сякія-такія сродкі барацьбы са спякотай ёсць у кожнага. Ёсць яны і ў жыхароў Мінскага заапарка. Тут няма жывёл, якія вельмі ўжо балюча перажываюць гарачае надвор'е (як, напрыклад, паўночныя алені ці палярныя мядзведзі). Але ж тыя браты нашы меншыя, што жывуць у сталічным заапарку, у адрозненне ад нас з вамі, вымушаны насіць цёплае футра круглы год. Цікава, а што ім дапамагае ад спёкі?

— Мядзведзю сёння а палове трэцяй заатэхнікі будуць набіраць ванну, — расказвае метадыст аддзела асветы Мінскага заапарка Святлана Курневіч.

Купання мішкі з эпічным імем Трыстан чакаць яшчэ доўга, таму збіраемся пацікавіцца, як іншыя жывёлы ў заапарку пераносяць спёку. Праходзім каля вальера з ваўкамі. Жывёлы носяцца ў ім у прадчуванні хуткай кармёжкі, каля плота відаць выкапаныя ямкі, некаторыя з якіх супрацоўнікі заапарка закідалі каменнем і дошкамі: відаць, каб "не падкапаліся" куды не трэба. Аказваецца, у такіх ямках ваўкі ратуюцца ад гарачыні.

Побач з ваўкамі — в'етнамскія карлікавыя кабаны. Гэтыя малыя чорненькія свінкі таксама хаваюцца ад сонца, рыючыся ў глебе. І, відавочна, пачуваюць сябе выдатна, бо выглядаюць жвавымі і задаволенымі. Тут жа побач — лічы што "медыяперсоны". Пара маладых ласёў, якія некалькі месяцаў таму невядома адкуль забрылі ў сталічны парк Чалюскінцаў і пра якіх тады напісалі многія. Пара — гэта толькі ўмоўнае абазначэнне, бо, як расказваюць супрацоўнікі заапарка, новыя жыхары пакуль яшчэ надта пужлівыя, таму падысці да іх і нарэшце высветліць, "дзяўчаты" гэта ці "хлопцы", пакуль не могуць. Для ласёў нейкага спецыяльнага выратавання ад спёкі не прадугледжана, таму накіроўваемся далей...

...Хто-хто, а вось ільвы пачуваюць сябе ў Беларусі ў пару цёплых тэмпературных рэкордаў амаль як у роднай афрыканскай саванне. Гэтыя вялікія каты, расцягнуўшыся на скалах у сваім вальеры, усім выглядам даюць зразумець, што сонца ім толькі на карысць. Самы вялікі леў з калматай грывай увогуле заснуў, лежачы на спіне з паднятымі дагары лапамі, і воклічы цікаўных дзяцей яго зусім не трывожылі:

— Мама, глядзі, як кайфуе! — здзівіўся нейкі хлопчык.

Нутрыі, чарапахі, а таксама вадаплаўныя птушкі, відавочна, таксама ў выгадным становішчы. Вада — сапраўднае выратаванне ў спёку. Таму нутрыі, у якіх нядаўна нарадзіліся дзеткі, спакойна плёхаюцца ў сваім вальеры, а качкі актыўна адбіраюць адна ў адной ежу і ствараюць гукавое суправаджэнне ў радыусе некалькіх метраў.

Нарэшце надыходзіць час мядзведжага купання. Разам з фатографам спрабуем здагадацца, як гэта адбудзецца. Аказваецца, у вальеры Трыстана — звычайная ванна, як у многіх гарадскіх кватэрах. Пакуль вада набіраецца, мядзведзь ходзіць з кута ў кут і ніякай цікавасці да яе не праяўляе. Хвілін дзесяць чакання — і гэтае вялізнае калматае стварэнне плюхаецца ў ванну ўсёй сваёй вагой, ляніва звесіўшы заднюю лапу, якая не змясцілася.

— У спёку гэтыя ванны мядзведзю надзвычай карысныя, — расказвае рабочы па доглядзе жывёл драпежнай групы Мінскага заапарка Людміла Сцяржанава. — А калі пра харчаванне, то мядзведзь у нас есць кашу, моркву, падчас сезона дадаецца свежая садавіна. Мядзведзь за адзін раз можа з'есці тры-пяць кавуноў. Для драпежнікаў меню спецыяльна на час спёкі мы не змяняем. Хіба што вады трэба болей.

Пакідаем Трыстана купацца і сыходзім з санцапёку. Гэта мішку можна ў вадзе прахалоджвацца, а нам — самы час сесці ў распалены автобус і спяшацца далей па справах.

Ганна ГАРУСТОВІЧ.

Фота Марыны БЕГУНКОВАЙ

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Пакуль у заапарку адны ратуюцца ў вадзе, іншыя — "кайфуюць" Буры мядзведзь купаецца ў ванне, ваўкі закопваюцца ў пясок, а львы цягнуць лапы да неба... Гэта не...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика