"Едзем біцца за медалі!". 21.by

"Едзем біцца за медалі!"

11.07.2012 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Сур'ёзная Наста Новікава, пазітыўная Настасся Мірончык-Іванова, эфектныя Максім Мірны і Кацярына Карстэн, а таксама чырвона-ружовыя гваздзікі на плошчы Перамогі — Мінск сонечным надвор'ем праводзіў у Лондан беларускіх алімпійцаў.

Да адкрыцця Алімпіяды застаецца некалькі тыдняў. Яе подых можна адчуць паўсюль: у шматтыражных газетах, грамадскім транспарце, у рэстаранах і кавярнях, дзе пад келіх піва заўзятары абмяркоўваюць шанцы Андрэя Арамнава і бравых футбалістаў Георгія Кандрацьева. Аднак найбольшая канцэнтрацыя "беларускай Алімпіяды" ўчора была на "круглай плошчы", дзе па традыцыі перад ад'ездам нашы спартсмены ўскладаюць кветкі да Вечнага агню.

Дату провадаў — 10 ліпеня — вызначылі загадзя. Адштурхоўваліся менавіта ад прысутнасці на радзіме найбольшай колькасці алімпійцаў. Не прагадалі.

Спартсмены ва ўрачыстых строях прадстаўлялі амаль усе віды спорту, у якіх Беларусь будзе задзейнічана на лонданскай Алімпіядзе. Сярод іх — і наша алімпійская надзея ў цяжкай атлетыцы Настасся Новікова.

— Настрой у мяне баявы і да Алімпіяды стаўлюся адказна, — дзеліцца прыўзнятым настроем з карэспандэнтам "Звязды" Новікава. — На памост выходжу 30 ліпеня, а вылятаю ў Лондан за два дні да спаборніцтваў. Умовы да падрыхтоўкі? Па папярэдніх Алімпіядах магу сказаць, што яны будуць добрыя. Што нам трэба? Толькі памост і штанга. Безумоўна, трэнер сочыць за вынікамі супернікаў. Аднак галоўнае — тое, колькі трэба падняць у выніку.

Дарэчы, вялікую карзіну з рознакаляровымі хрызантэмамі да помніка паднеслі капітан і сцяганосец нашай алімпійскай зборнай Кацярына Карстэн і Максім Мірны.

— Тры-чатыры тыдні таму я даведалася, што буду капітанам алімпійскай зборнай Беларусі, — прызналася Кацярына Карстэн, двухразовая алімпійская чэмпіёнка па веславанні. — Для мяне гэта вельмі прыемна, але і вельмі хвалююча. Я нават казала, што, можа, не трэба, бо казаць прамовы — гэта не маё. Я лепш гонку прайду. Але ўсё роўна прыемна, што выпаў падобны гонар. У мяне зараз узмоцненыя трэніроўкі. Рыхтавалася ў Брэсце, Германіі, а 15-га накіруюся ў Лондан. З англійскай вадой я знаёмая. У нас там праходзіў чэмпіянат свету. Канал знаходзіцца ў полі, дзе вельмі моцны бакавы вецер, і гэта непакоіць. Але спецыяльна для мяне змайстравалі лодку пад гэтыя старты.

Для Максіма Мірнага Лондан будзе не першай алімпійскай сталіцай. Толькі да чарговай Алімпіяды ён не ставіцца як да шэраговых спаборніцтваў, а рыхтуецца сур'ёзна.

— Гэта апошняя генеральная рэпетыцыя перад выездам у Лондан, — разважае пра мерапрыемства Максім, які ў тэнісных спаборніцтвах выступіць у парным турніры ў дуэце з Аляксандрам Бурым. — І прысутнасць Прэзідэнта на провадах (у Палацы рэспублікі. — аўт.) падкрэслівае тое, што ў нашай краіне вельмі сур'ёзнае стаўленне да спорту, алімпійскай зборнай. Усе атрымалі наказ, зарад энергіі і гатовы прыступіць да справы.

— Вы — сцяганосец беларускай зборнай. Гэта дадаткова стымулюе?

— Так, несці сцяг краіны, алімпійскай каманды — гэта вялікі гонар. І я хачу зрабіць усё дастойна, каб з гонарам прэзентаваць нашу краіну.

— Максім, вам ужо 35, аднак зараз вы дэманструеце даволі добры вынік. Можа, і ў наступнай Алімпіядзе паўдзельнічаеце?

— Для таго, каб гэта адбылося, трэба спачатку і з гэтай справіцца. Гіпатэтычна падобнае магчыма, але гэта будучыня. Усе сілы, эмоцыі, азарт хочацца накіраваць менавіта на бліжэйшы месяц.

Тарас ШЧЫРЫ.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Сур'ёзная Наста Новікава, пазітыўная Настасся Мірончык-Іванова, эфектныя Максім Мірны і Кацярына Карстэн, а таксама чырвона-ружовыя гваздзікі на плошчы Перамогі...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика