Віцебск да "базару" гатовы!. 21.by

Віцебск да "базару" гатовы!

11.07.2012 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Заўтра распачнецца 21 Міжнародны фестываль мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску", у якім возьмуць удзел каля 5 тысяч прадстаўнікоў з 28 краін свету.

"Ліра" вялікая і маленькая

Прызы песенных конкурсаў "Славянскага базару ў Віцебску" ўжо дастаўлены ў дырэкцыю Міжнароднага фестывалю мастацтваў з Мінска, дзе іх адлівалі па спецыяльным заказе.

Статуэткі зроблены з бронзы. Для пераможцаў Міжнароднага конкурсу выканаўцаў эстраднай песні "Віцебск-2012" яны параўнальна большага памеру, чым для пераможцаў Міжнароднага дзіцячага музычнага конкурсу. Гран-пры адрозніваецца, бадай, толькі гранітнай падстаўкай.

Распрацаваў прыз "Ліра", які ўручаюць на "Славянскім базары", пачынаючы з 2002 года, вядомы віцебскі скульптар Валерый Магучы. У прызе аб'яднаны сімвалы форуму мастацтваў: жанчына, якая спявае на фоне аркі Летняга амфітэатра і трымае ў руках залатую ліру. Вянчае кампазіцыю фестывальны васілёк.

"Горад майстроў" пераязджае

11 ліпеня ўпершыню ў новым віцебскім парку — Пераможцаў — адкрыецца традыцыйны "базарны" "Горад майстроў". Сёлета ён аб'ядноўвае каля 200 стваральнікаў шэдэўраў дэкаратыўна-прыкладнага мастацтва, захавальнікаў традыцый народнай творчасці, умельцаў з усіх дамоў рамёстваў і клубаў раёнаў і гарадоў Віцебшчыны, а таксама прадстаўнікоў Беларускага саюза майстроў народнай творчасці.

"Задзвінскі кірмаш", дзе будуць прадстаўлены народныя рамёствы, пройдзе на ўсіх пляцоўках культурна-гістарычнага комплексу "Залатое кальцо г. Віцебска "Дзвіна" (з 11 па 18 ліпеня). Шпацыр тут у гэтыя дні наўрад ці пакіне кагосьці абыякавым. У комплексе адбудзецца пленэр для разьбяроў па дрэве, у якім возьмуць удзел майстры з Польшчы, Расіі, Беларусі. Драўляныя скульптуры па выніках пленэру будуць устаноўлены на падворак "Дзвіны". Потым кавалі з усёй Беларусі збяруцца на кавальскі майстар-клас.

Тэатральныя сустрэчы

— Усе фестывальныя службы гатовыя да прыёму гасцей, а фестывальныя пляцоўкі чакаюць артыстаў і гледачоў! Я ўпэўнены, што гэтыя дзесяць ліпеньскіх дзён застануцца яркімі старонкамі ў гісторыі міжнароднага форуму, — кажа Радзівон Бас, нязменны дырэктар фестывалю, заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь. — Чакаецца, што па добрай традыцыі ва ўрачыстым адкрыцці фестывалю прыме ўдзел Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь. У дні фестывалю на 11 пляцоўках пройдзе больш за 75 мерапрыемстваў. Тэатралаў арганізатары парадуюць сустрэчамі з любімымі артыстамі: Галінай Польскіх, Таццянай Краўчанка, Аляксеем Паніным, Расціславам Янкоўскім, Валянцінай Талызінай, Уладзімірам Кораневым і іншымі. Усяго ў праекце "Тэатральныя сустрэчы—2012" будзе прадстаўлена 9 спектакляў расійскіх, беларускага і латвійскага тэатраў.

Пяць мастацкіх фільмаў заяўлены ў фестывальнай кінапраграме. І асабіста прэзентаваць кожную карціну будуць яе стваральнікі — рэжысёры альбо акцёры.

Асвятляць мерапрыемствы прыедуць 460 прадстаўнікоў друкаваных і электронных СМІ, якія прадстаўляюць 15 краін свету. Дарэчы, дзякуючы журналістам "Славянскі базар у Віцебску" ведаюць ва ўсім свеце, высока цэняць і імкнуцца сюды патрапіць.   Форум для будучых "акул"

На ХХІ Міжнародным фестывалі мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску" у Дзень Саюзнай дзяржавы (15 ліпеня) адбудзецца дзіцячае свята пад дэвізам "Саюзная дзяржава — наш агульны дом".

— У праграме свята, якое арганізуюць у скверы ля будынка дырэкцыі фестывалю, заяўлены навучальныя майстар-класы педагогаў і выхаванцаў Віцебскай дзіцячай мастацкай школы № 1. Потым адбудзецца інтэрактыўны майстар-клас для юных журналістаў з удзелам супрацоўнікаў газет "Друзья-Сябры" (Расійская Федэрацыя) і "Переходный возраст" (Рэспубліка Беларусь), — паведамілі ва ўпраўленні па ідэалагічнай рабоце Віцебскага аблвыканкама. — Будучым "акулам" журналістыкі прапануюць паўдзельнічаць у дзелавой гульні "Творчая камандзіроўка", а таксама ў конкурсна-гульнявой праграме "Давай сябраваць!", "Журналісцкай лятучцы", "Майстэрні сяброў" па вырабе цацак.

Партрэты і рарытэты

Работнікі Дома прэсы і выдавецтва "Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі", якія бяруць самы актыўны ўдзел у правядзенні фестывальных акцый, прапануюць гараджанам і гасцям фестывалю абавязкова пабываць у Віцебскай абласной бібліятэцы імя У.І. Леніна.  Менавіта там адбудзецца прэзентацыя фотаальбома "Полацк. 1150" і серыі кніг "Энцыклапедыя рарытэтаў" выдавецтва "Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі". Будуць прэзентаваны альбомы "Радзівілы. Альбом партрэтаў ХVІІІ-ХІХ стагоддзяў", "Зміцер Струкаў. Альбом малюнкаў. 1864-1867", "Жывая вера. Ветка".

А лепшым бягунням — залатыя і сярэбраныя туфлікі!

У дзень афіцыйнага адкрыцця ХХІ міжнароднага фестывалю мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску" ў сталіцы "базару" ўпершыню пройдзе забег на абцасах. Вельмі сімвалічна, што гэта акцыя адбудзецца ля віцебскай "піраміды" — новага гандлёвага цэнтра, які ўяўляе сабой цэлы комплекс пірамід. Гандлёва-забаўляльны комплекс "Марка-сіці", ля якога правядуць забег, знаходзіцца якраз насупраць ад "сэрца" "базару" — Летняга амфітэатра. Паводле ўмоў конкурсу, удзельніцы спаборніцтва (выключна паўналетнія!) павінны бегчы ў абутку на абцасах не ніжэй за сем сантыметраў. Суддзі будуць дадаткова ацэньваць фантазію "спартсменак": вельмі вітаюцца ўдзельніцы ў стыльным і яркім вобразе. Усім бягунням арганізатары — Цэнтр моды і прыгажосці "Хрустальная німфа" і прадпрыемства "Марка" паабяцалі прызы. А ў якасці гран-пры, не паверыце, — эксклюзіўныя залатыя і сярэбраныя туфлікі ад гомельскага "Крышталя". Старт бягунням будзе дадзены ў дзве гадзіны дня.

Аляксандр ПУКШАНСКІ.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Заўтра распачнецца 21 Міжнародны фестываль мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску", у якім возьмуць удзел каля 5 тысяч прадстаўнікоў з 28 краін свету.
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика