НА "ПАРОЗЕ" КОСМАСУ
11.07.2012
—
Новости Общества
|
Экіпаж беларускага касманаўта Алега Навіцкага набыў статус асноўнага Дні, што мінаюць-мільгаюць зараз адзін за адным, набліжаюць кожнага з нас да якойсьці значнай падзеі, вяхі ў жыцці. У кагосьці гэта — дзень народзінаў, у іншага — доўгачаканы адпачынак. А мой аднакласнік, ураджэнец Чэрвеня, касманаўт-выпрабавальнік Алег Навіцкі з кожным днём усё бліжэй падыходзіць да старту карабля "САЮЗ-ТМА-06", у якім ён, камандзір экіпажа, калега з Раскосмасу Яўген Тарэлкін і астранаўт НАСА Кевін Форд паляцяць да зор. Засталося прычакаць усяго адзін старт іншага экіпажа (МКС-32/33) — і яны выходзяць на фінішную прамую.
Колькі ўсяго зроблена-выпрабавана-перажыта за перыяд падрыхтоўкі — не злічыць! Але самае значнае — гэта дубліраванне асноўнага экіпажа МКС-31/32 у складзе Генадзя Падалкі, Сяргея Рэвіна і Джазэфа Акабы, старт якога адбыўся 15 мая. Значнае не толькі таму, што Алег Навіцкі з калегамі выконвалі ўсе тыя ж дзеянні, нібы і самі ляцелі... А яшчэ і таму, што яны з моманту старту Генадзя Падалкі з калегамі набылі статус асноўнага экіпажа. І ўжо ў іх ёсць свае дублёры. Зрэшты, расслабляцца пасля ім не выпадала. Амаль адразу ж Алег Навіцкі і Яўген Тарэлкін накіраваліся ў двухтыднёвую камандзіроўку ў Амерыку, да Кевіна Форда. А затым надарылася-такі некалькі выхадных запар перад Днём Расіі, і Алег накіраваўся ў Чэрвень, каб сустрэцца з роднымі, знаёмымі, сябрамі і дапамагчы маме, Валянціне Эдуардаўне, па гаспадарцы. Прыемна, што ў сваім шчыльным графіку мой аднакласнік знайшоў час і на чарговае інтэрв'ю. — Алег, я чытала, што ў вас было многа традыцыйных мерапрыемстваў. Раскажы, калі ласка, пра іх падрабязней. Што запомнілася, найбольш уразіла? — Ведаеш, усё было дзіўна і прыемна. Асабліва — усведамляць, што ты сам дайшоў ужо і да гэтых момантаў. І зараз след у след ідзеш за тымі людзьмі, якія заклалі традыцыі, — за Юрыем Гагарыным, яго сябрамі, калегамі...
Затым мы наведалі працоўны кабінет Юрыя Гагарына, які знаходзіцца ў музеі Цэнтра падрыхтоўкі касманаўтаў. Там ёсць памятная кніга, дзе кожны член экіпажа перад палётам у космас пакідае свой запіс. Хаця мы былі яшчэ толькі дублёрамі, але ўслед за асноўным экіпажам таксама гэта зрабілі. Потым усе разам усклалі кветкі да помніка першаму касманаўту ў Зорным гарадку, а другога мая вылецелі на Байканур, дзе размясціліся ў вучэбна-трэніровачным цэнтры. — На фотаздымках з сайта Цэнтра падрыхтоўкі касманаўтаў імя Ю.Гагарына я назірала, што ад тых жа журналістаў вас аддзяляла шкло. Захоўвалі стэрыльнасць? — Так. За шкло для стасункаў з журналістамі мы выходзілі некалькі разоў. Зразумела, і тут у першую чаргу яны цікавіліся асноўным экіпажам. А мы пераважна назіралі, як праходзяць такія мерапрыемствы, вучыліся, занатоўвалі... Асабіста я для сябе зрабіў шмат запісаў па дробязях, скажам так. Калі што робіцца, як... — А ў касмічным караблі, які паляцеў, ты ж таксама быў? — Безумоўна! Гэта частка нашай падрыхтоўкі. Экіпаж дублёраў павінен пасядзець, папрацаваць рукамі ў "баявым" караблі, як яго там называюць. Хаця для мяне, лётчыка, паняцце "баявы" крыху іншае... Нам там мяняюць лажаменты. Для кожнага ж вырабляюць свой. Гэта вельмі глыбокае крэсла, у якім ты фактычна прымаеш позу зародка. У такой позе трэба знаходзіцца пры вывядзенні 528 секунд. І яшчэ 2 віткі па 90 хвілін. А потым ты ўжо выходзіш і пачынаеш працаваць ва ўсім караблі. Адчыняецца люк у бытавы адсек — там крыху больш месца. Дык вось падчас перадстартавай падрыхтоўкі наземная каманда замест лажаментаў асноўнага экіпажа ставіць нашы. Гэта займае да трох гадзін. Экіпаж дублёраў, як я ўжо казаў, павінен пасядзець і, так бы мовіць, "павадзіць" рукамі. Дзе што дастаеш, не дастаеш у гэтым караблі... Бо, у прынцыпе, усякае можа здарыцца... Таму трэба хаця б візуальна і мануальна быць гатовым да працы. Потым мы ад'язджаем, а наземная каманда зноў мяняе лажаменты — пад асноўны экіпаж. — А як скафандр пашылі — не цісне? <І>(Смяёмся.) У ім нармальна можна рухацца? — Не, пашыты добра. І гэта пры тым, што звычайна два разы ездзяць на "Звязду" — прадпрыемства, якое іх шые. А мы з Жэнькам Тарэлкіным ездзілі тры ці чатыры. Спецыялісты глядзяць, правяраюць, выцягваюць, абразаюць, падганяюць. Па вазе ён, па-мойму, ад 9 да 10 кілаграмаў. Ведаеш, скафандр пашыты пад гэтую позу ў лажаменце — зародка. Калі ты ў ім ідзеш, вельмі цяжка выпраміцца ў поўны рост. Таму касманаўты і ідуць вось так (паказвае) — з сагнутымі плячыма, з чамаданчыкамі ў руках. Можна, вядома, выпраміцца, але там ужо кальцо металічнае пачынае ціснуць на патыліцу... Непрыемна... — Алег, наколькі насычанымі былі дні на Байкануры ў перадстартавы перыяд, калі параўнаць іх са звычайнымі працоўнымі ў Зорным? — На Байкануры было намнога лягчэй. Там шмат вольнага часу. Можна было займацца фізпадрыхтоўкай... Па тэрыторыі можна пагуляць — яна ж абгароджана. Але ўсе нашы спецыялісты, нават тыя, хто быў з табою ў Цэнтры падрыхтоўкі касманаўтаў у Зорным, стараюцца не падыходзіць, не мець стасункаў. Гэта як правіла. Калі займаешся фізпадрыхтоўкай, побач з табою абавязкова павінен знаходзіцца інструктар па фізпадрыхтоўцы. Але нас шэсць чалавек, а ён — адзін. І калі ўсе захочуць займацца ў розны час, дык яму цяжка, вядома. Таму стараліся збірацца разам. — Мне спадабаўся здымак, дзе вы — на фоне ракеты-носьбіта, якая павінна была вывесці на арбіту касмічны карабель асноўнага экіпажа. Упершыню бачылі яе прыбыццё? — Ды не. Да гэтага мы ж былі ўжо на Байкануры, дзе нам паказвалі ўвесь працэс падрыхтоўкі. У прынцыпе, без розніцы, якая ракета — грузавая ці пілатуемая. Мяняецца толькі верхняя частка — ставіцца грузавік ці пілатуемы варыянт. Як кажуць, усе ракеты, у прынцыпе, аднолькавыя. Але той, хто ляціць, зазначае: "Мая — самая прыгожая!" (Смяёмся.) — Алег, раскажы, калі ласка, пра ноч перад стартам. — Спалі мала, бо па мясцовым часе пад'ём быў у дзве гадзіны ночы. Рана ўсталі. Потым для асноўнага экіпажа ідуць усялякія медыцынскія працэдуры. А мы проста ходзім побач, глядзім. Затым, па традыцыі, касманаўты распісваюцца на дзвярах нумара. Прыязджае бацюшка, бласлаўляе. Далей уключаюць песню "Трава у дома"... — Ой, ты што?! Праўда? — Так. Выходзіць асноўны экіпаж. За ім — мы, дублёры. Па баках — урачы, як сек'юрыці (усміхаецца). На ганку крыху папазіравалі фатографам — і хуценька ў аўтобус. Ніякіх стасункаў ні з кім. І вось экіпаж едзе на стартавы комплекс. У асобным кабінеце касманаўтам мяняюць ніжнюю бялізну, апранаюць скафандры, правяраюць герметычнасць. Кароткая гутарка з кіраўніцтвам, развітанне з сем'ямі — і экіпаж ідзе праз асобны выхад. Там такая лінія намалявана... А мы ўжо адыходзім убок і выконваем ролю гледачоў. Экіпаж падыходзіць да кіраўніка Раскосмасу і кіраўніка комплексу, дакладвае. Іх садзяць у аўтобус і вязуць да ракеты. А мы едзем на наступным аўтобусе і знаходзімся побач да моманту падняцця на стартавую пляцоўку. — Алег, а якія ўражанні ад гэтага старту? — Ну, неяк... Не тое каб мурашкі пабеглі... Але штосьці такое... — А зайздрасць? — (Эмацыйна.) Не, зайздрасці ніякай! Калі б ва ўсіх яна была, атрад касманаўтаў разваліўся б даўно! Ты цудоўна разумееш, што твая чарга — вось яна, на падыходзе. І трэба ісці дастойна, не спяшаючыся, не па галовах... — Добра сказаў! А то ў гэтым жыцці такое назіраеш... — (Пераканаўча-цвёрда.) Сказаў праўду. Толькі так! — А як атрымалася суаднесці, што вось толькі што яны стаялі побач — і ўжо дзесьці ТАМ? — Сапраўды, няпроста. Ты з імі доўга працаваў разам, ішоў паралельна. Інструктар асноўнага экіпажа казаў нам (імітуе голас): "Ну што, "канкурыруючая фірма", гатовы?" Мы: "Гатовы!" (смяёмся). Усё гэта жартам, вядома... І вось — раз! — і паляцелі... І ты думаеш: "Гэта быў твой асноўны экіпаж..." А затым усе падыходзяць і кажуць: "Ну, віншуем! Цяпер вы — асноўны экіпаж!" І за намі ўжо свая "канкурыруючая фірма" стаіць (смяёмся). — Але ж усяго некалькі гадоў таму, мабыць, не было столькі палётаў? — Так. Было два старты ў год, а цяпер — чатыры. Вельмі добра, што працэс пайшоў хутчэй, чарга прасунулася. Дарэчы, наш старт крыху перанеслі. Цяпер мяркуемая дата — 15 кастрычніка. — І што наперадзе? — Яшчэ адна камандзіроўка ў Амерыку. Для нас і таго экіпажа, з якім пэўны час будзем разам на МКС. Здадзім экзамен па амерыканскім сегменце. А потым да сярэдзіны верасня будзе толькі карабель і наш сегмент МКС. Больш часу зоймуць эксперыменты, фізкультура, медыцына, тэставыя замеры... Пойдуць тыя ж экзамены, якія мы здавалі як дублёры... У чарговы раз шчыра і сардэчна зычу Алегу Навіцкаму поспехаў і ўдачы. Ён прыязна ўсміхаецца і адыходзіць, каб праз якія паўгадзіны накіравацца ў Зорны. А я застаюся сам-насам з думкамі, уражаннямі... І не губляю надзеі, што мы яшчэ ўбачымся да старту. Мне ж так многа трэба ў яго спытацца... Гутарыла Святлана АДАМОВІЧ. Фота з сайта Цэнтра падрыхтоўкі касманаўтаў імя Ю. Гагарына. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Экіпаж беларускага касманаўта Алега Навіцкага набыў статус асноўнага Дні, што мінаюць-мільгаюць зараз адзін за адным, набліжаюць кожнага з нас да якойсьці... |
|