Ты толькі цырыкні
11.07.2012
—
Новости Общества
|
Аляксандр Брыт — з пісьменнікаў, якія друкуюцца нячаста. Калі даследаваць, як кажуць, гісторыю пытання, то можна і пералічыць, відаць, усе яго публікацыі за апошнія два дзесяцігоддзі. У сярэдзіне 1990-х гг. у "Літаратуры і мастацтве" — апавяданні "Трывіяльнае пытанне (Урокі Дастаеўскага)", "Вошы", "Мроі". У 1991-м у "Нёмане" — нізка апавяданняў, якія, дарэчы, былі адзначаны па выніках года прэміяй часопіса. У лістападзе 2011-га "Маладосць" друкуе апавяданне "Апошні джэб", прысвечанае Алесі Граф — беларускай дзяўчынцы, якая некалькі гадоў адстойвала гонар беларускага сцяга на баксёрскім рынгу. У сакавіку 2012 года "ЛіМ" надрукаваў перакладзеныя Аляксандрам Брытам з польскай мовы афарызмы Станіслава Ежы Леца. Падборка была названа "Гадзіннік ідзе. Для ўсіх". Вядома, кожны з нас пражывае сваю асабістую гісторыю, бо лёс чалавека — гэта заўсёды воля і абставіны. Так што няхай не пакрыўдзіцца пісьменнік, але такой мне асабіста падаецца і яго проза — для ўсіх. Але ж добрая проза — для ўсіх... Ці такога, скажаце, не бывае? На крайні выпадак мяркуйце самі. І па ўрыўку з апавядання "Ты толькі цырыкні", і па ўсім апавяданні, якое друкуецца ў шостым нумары часопіса "Нёман". Кастусь Лешніца. Гэта быў закон. Як выпіты кубак моцнай кавы раніцай, як выкураная цыгарэта пасля сухпайка ў Афганістане. Кожную раніцу ён адціскаўся 51 раз, рабіў зарадку і расцяжку. Глебаву было 53, свайго закону ён прытрымліваўся 35 гадоў, і здрадзіў яму толькі адзін раз: 19 гадоў таму, калі яго разам з трохгадовай дачкой кінула жонка. 7 дзён яму спатрэбілася на тое, каб зразумець, што жонка больш не вернецца, і перабудаваць сваё жыццё. Пасля ён зноў няўхільна працягваў прытрымлівацца свайго закону. Жонка пайшла да іншага, і паўтараць яшчэ адзін раз эксперымент пад назвай "шлюб" ён не жадаў. Таму ўвесь свой час, увагу і клопат Глебаў прысвяціў дачцэ. Замяніць маму было амаль немагчыма. Сябры жартавалі, называлі яго "маці Тэрэза", але ж ён не згаджаўся і падкрэсліваў: "Не, я не маці. Я — бацька". Тры гады Глебаў тузаўся з маленькім дзіцем па сябрах, чужых кватэрах і інтэрнатах. Калі пайшоў чацвёрты год, пачаў будаваць платнае, кааператыўнае жыллё. Глебаў зарабляў грошы на дзвюх працах, адводзіў дачку ў дзіцячы садок, прыбіраў у кватэры, мыў бялізну, купляў прадукты, гатаваў ежу і два разы на тыдзень не больш як на дзве гадзіны заходзіў у госці да адной жанчыны, каб застацца мужчынам. Але ж, нягледзячы на ўсе свае абавязкі, на дачку ён знаходзіў час заўсёды, кожны дзень, і ўсе яе дзіцячыя праблемы і клопаты станавіліся яго дарослымі праблемамі і клопатамі. Калі разам бавілі час, яны размаўлялі. Маленькая дзяўчынка абдымала яго за шыю і пыталася: "А ты сапраўды купіш мне плюшавае медзведзяня?" — "Сапраўды. Ты толькі цырыкні". — "А што гэта — цырыкні?" — "Цырыкні — гэта скажы". — "А хто так гаворыць: цырыкні?" — "Мы разам з табою". — "А мы з табою хіба вераб'і?" Глебаў смяяўся: "Так, асабліва ты". Волі споўнілася 10, калі Глебаў прадаў кааператыў, узяў крэдыт і набыў добрую трохпакаёвую кватэру ў цэнтры Мінска, на плошчы Перамогі. У кватэры ён зрабіў рэканструкцыю: паміж двума пакоямі знёс цагляную перагародку і аб'яднаў іх у адзін прасторны пакой. У гэтым пакоі было шмат сонца, і Глебаў вырашыў аддаць яго дачцэ, а сабе пакінуў пакой меншы. Пасля рамонту і пераезду ў новую кватэру ён узяў для дачкі рэпетытара па англійскай мове і перавёў яе ў 24-ы лінгвістычны ліцэй. Яшчэ да моманту заканчэння ліцэя яго дзяўчынка "спявала" па-англійску: бегла гаварыла, з паўфразы разумела і адказвала. Тым не менш, у большай ступені для таго, каб псіхалагічна падтрымаць яе перад паступленнем у лінгвістычны ўніверсітэт, Глебаў зноў на месяц узяў ёй рэпетытара і плаціў яму 18 долараў за акадэмічную гадзіну пяць разоў на тыдзень. Яго страхі былі марныя, таму што Вольга бліскуча здала іспыты і паступіла бясплатна. І вось тут ён зменшыў сваю дбайнасць і трохі прытушыў дзейны клопат. Дачка яго вырасла, ператварылася ў прыгожую мэтанакіраваную дзяўчыну, і Глебаў не хацеў, каб яго пытанні і залішні спрыт сутыкаліся з трафарэтнымі адказамі: "Ну што ты кажаш глупства, тата". Ён вельмі любіў слухаць, як смяецца дачка, і не ўяўляў свайго жыцця без яе смеху, таму што гэты сонечны смех быў яго паветрам, яго крывёю, яго сэнсам. Больш за ўсё ён баяўся хлопчыка, які аднойчы ўварвецца ў свет яго дачкі, забярэ яе сэрца і зробіць з яе жанчыну. Безумоўна ж, Глебаў ведаў, што гэты хлопчык калі-небудзь з'явіцца, але ён не быў упэўнены, што гэты хлопчык насамрэч зразумее і ацэніць тое, што значыць для яго дачка. Глебаў не быў упэўнены, ці зможа гэты хлопчык стаць яе абаронай, апорай і сябрам у той хаця бы прыблізнай меры, у якой 20 апошніх гадоў быў для яе ён сам. На другім курсе ў Вольгі з'явіўся першы кандыдат на яе ўвагу і час, але ж яна забракавала яго літаральна праз два тыдні. "Я не буду выціраць яму соплі, — зусім не мякка сказала яна сваёй сяброўцы па тэлефоне. — Няхай сам адказвае за тое, што робіць". З другім кандыдатам было складаней: ён прэтэндаваў на сур'ёзныя адносіны і прапаноўваў Вользе стаць яе мужам за год да заканчэння ўніверсітэта. Тут ужо ўсталёўвалася перспектыва, вызначалася далейшае жыццё, і не ў звычках Глебава было займаць пазіцыю пасіўнага назіральніка. Ён знайшоў магчымасць падзяліцца са студэнтам сваімі поглядамі на жыццё. Малады чалавек быў настолькі ласкавы, што сам прыйшоў да іх у госці, сеў у крэсла ў самым вялікім пакоі і дэманстраваў свой катастрафічна шырокі кругагляд, у той час як Вольга на кухні мыла посуд. Глебаў не перапыняў маладога чалавека максімум секунд пяцьдзясят, а потым, схапіўшы яго ўчэпістым позіркам, ціха загаварыў: — Я хачу паведаміць, што цябе чакае, родны, калі мая дачка пагодзіцца ўзяць з табой шлюб. Усё жыццё я для яе быў і тата, і мама. Для мяне няма сонца, акрамя яе, і дзень без яе — не дзень. Таму я хацеў бы, каб вяселле адбылося не раней, чым праз два гады. За гэтыя два гады ты павінен знайсці добрую працу, унесці першапачатковыя ўзносы на жыллё і падрыхтаваць усё неабходнае для нявесты. Да жаніцьбы ў цябе павінна быць як мінімум дзве пары туфляў, сем новых кашуль, пяць гальштукаў і тры касцюмы. Пра аўтамабіль я, зразумела, маўчу. Ты павінен быць заўсёды першым. І яшчэ. Калі ты калі-небудзь зробіш маёй дачцэ балюча, калі ты калі-небудзь яе хоць ледзь-ледзь пакрыўдзіш, у цябе, родны, будуць непрыемнасці. Я табе абяцаю. Падумай пра гэта. І калі вырашыш, што гэта табе не патрэбна, не тэлефануй ёй больш ніколі. Другі кандыдат быў не па гадах разумным і таму адразу прыслухаўся да парады Глебава. Вольга зусім не сумавала, і Глебаў з палёгкай зразумеў, што па-сапраўднаму яна не кахала. Бяда здарылася з трэцім прэтэндэнтам на сэрца яго дачкі. Па-першае, відавочна, гэта было каханне, і не без узаемнасці. Па-другое, ён быў старэйшы за яго дачку на 18 гадоў і трапляў, хутчэй, у катэгорыю мужчын, чым хлопчыкаў. І, па-трэцяе, ён быў жанаты. Для Глебава гэта была вельмі вялікая праблема, і, шчыра кажучы, ён не ведаў, ці зможа дапамагчы дачцэ ў яе вырашэнні. Глебаў меў нюх вопытнага мужчыны і, нібыта сталы воўк, чуў, што жаночае сэрца не паддаецца ніякаму рацыянальнаму тлумачэнню, не вымяраецца ніякай логікай, і калі ў яго ўліваецца каханне, то яно можа знесці любыя плаціны, увайсці ў іншыя рэчышчы і ўтварыць іншыя берагі... Глебаў доўга пакутаваў, таму што не ведаў, як паступіць. Ён не меў права нічога дыктаваць сваёй дзяўчынцы: яна вырасла, і, калі б ён рушыў самым простым шляхам забарон і дыктату, гэта толькі зруйнавала б іх адносіны. І яшчэ ён бачыў, што каханне змяніла яго дачку, зрабіла яе яшчэ больш чароўнай, лёгкай, запоўніла яе вочы і твар улагоджаным ціхім святлом, і Глебаў баяўся загасіць гэты нябачны ачаг, спалохаць матылька, які прыляцеў да вясновай кветкі... Адціскаючыся ад падлогі па раніцах нязменных 51 раз, Глебаў абдумваў кожную дэталь сваіх паводзін у новых абставінах. Ён не прыдумаў нічога іншага, акрамя як быць побач са сваёй дачкой. Быць побач, для таго, каб у любы момант дапамагчы ёй, засцерагчы яе, падстрахаваць, даць найбольш зручную параду. Яму здавалася, гэта была самая дакладная пазіцыя. Ва ўсякім выпадку нічога іншага выдумаць ён не змог. Выдумала яго дачка, і таму "быць побач" не атрымалася. — Я хачу з'ехаць, тата, — сказала яна, уздыхнуўшы. Гэта была нядзеля, вераснёвая раніца, за акном віднеўся Купалаўскі сквер, раннюю жаўцізну лістоты залівала бледнае сонца. Яго дзяўчынка глядзела ў акно: на сквер, на Свіслач, а потым павольна павярнулася да бацькі, і ён убачыў, якая яна прыгожая. Замацаваныя шпількамі прамыя валасы, вялікія аленевыя вочы, тонкая рука, якая паволі паправіла пасму і пацягнулася да кубачка з кавай. Глебаў ведаў іх размову да дробязяў. Памяць яго, як кінакамера, пастаянна брала поўны перыметр, набліжалася і выхоплівала ўсе дэталі таго дня, усе адценні іх дыялога. Ён памятаў, што, калі яна вымавіла гэтую фразу, ён у першае імгненне не надаў ёй аніякага значэння, таму што не зразумеў яе поўнага сэнсу. — З'ехаць? — Так, я хачу з'ехаць, — яна ўсміхнулася адкрытай усмешкай, доўгія вейкі яе ўздрыгнулі, і ён з болем у сэрцы ўбачыў, як моцна яна нагадвае сваю маці. — Я хачу з'ехаць на Кіпр, тат. Папрацаваць у гасцінічным бізнэсе — там патрабуюцца спецыялісты з веданнем англійскай. Я ўжо запоўніла анкету і адаслала. Мне ўчора адтуль ператэлефанавалі, мая кандыдатура прайшла. Толькі пасля гэтага да яго, нарэшце, дайшоў поўны сэнс яе фразы. — Ты ўпэўнена? — Так. — І ты ўсё роўна зробіш па-свойму, калі я стану пярэчыць? — Ты ж ведаеш... — А твая праца? — Я вазьму засведчаны ліст з працы, каб не губляць стажу. Глебаў усміхнуўся. — Разумнічаеш? — Бяру прыклад з цябе. — Не здзіўлюся, калі пазнаю, што ты ўжо купіла білет на самалёт. — Не, але я планую зрабіць гэта паслязаўтра, а паляцець у суботу. Глебаў памятаў, як ён устаў тады з-за кухоннага стала, падышоў да акна, паглядзеў на асляпляльна яркую вераснёвую восень. Шкада было развітвацца з такой прыгажосцю... ...Білет ён набыў ёй сам. Сам перавёў ёй пяцьсот кіпрскіх фунтаў 1 у дарожныя чэкі і чатырыста даў чыстымі, сам дапамагаў адкрываць ёй роўмінг, сам падвозіў да аэрапорта. За рулём смяшыў яе, размаўляў, але ў той жа час думаў: хто ведае, можа, і нядрэнна, што яна прыняла такое рашэнне. Каханне — так, гэта кайф, казачны кайф, страшны кайф, але навошта руйнаваць чужую сям'ю? Навошта ствараць праблемы? Не, яна ўсё разумее, тонкая дзяўчынка, разумніца. Менавіта таму змяняе становішча, хоча быць самастойнай, падзарабіць, а там відаць будзе... На развітанне ён пацалаваў яе тройчы. — Будзь на сувязі. Я ўсё зраблю. Толькі цырыкні. Яна ўсміхнулася: — Люблю цябе, — і, цмокнуўшы яго ў шчаку, пайшла ў глыб аэрапорта, да рэгістрацыйных стоек. Глебаў праводзіў яе сумным поглядам, і гэты погляд, здавалася яму пазней, паўтараўся, як адзін і той жа чорна-белы слайд, які яго памяць перыядычна ўстаўляла ў мозг. Яна патэлефанавала праз дзень: не з мабільнага — па звычайнай сувязі, смяялася, спяшалася казаць. — У мяне ўсё нармальна, тат. Усё выдатна. Я ўладкавалася, не хвалюйся. Толькі сотавы трошкі глючыць. — Ты ў парадку? — Так, усё нармальна. — Заўсёды памятай: ты толькі цырыкні. — Я заўсёды памятаю, дзякуй. Паслухай... — Так. — На маім стале — ліст. Адпраў яго, калі ласка, на адрас — я забылася. Добра? — Як скажаш. — Абавязкова! — Вядома. Я ўсё зраблю. А як з працай? — Што? — Як з працай? — Ды ўсё нармальна. Сёння я павінна падпісаць кантракт. Тут такая мітусня. Я ператэлефаную табе праз тыдзень. Уладкую справы і абавязкова ператэлефаную. Добра? — Добра. Тым жа днём ён кінуў яе ліст у паштовую скрыню. Роўна тыдзень ліст ляжаў на краі яе пісьмовага стала, Глебаў здагадваўся, каму адрасаваны гэты ліст, ён думаў, што ліст пойдзе па прызначэнні яшчэ да яе ад'езду, але гэтага не здарылася. Адрас, імя, імя па бацьку, прозвішча таго, каму прызначаўся ліст, ён ведаў ужо на памяць... Праз тыдзень яна не ператэлефанавала. <І>(Заканчэнне будзе.) Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Аляксандр Брыт - урывак з апавядання |
|