Непісьменныя шыльды сталіцу не ўпрыгожаць. 21.by

Непісьменныя шыльды сталіцу не ўпрыгожаць

13.07.2012 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

"Не вер вачам сваім", — перасцерагаў незабыўны Казьма Пруткоў. Гэтае легендарнае выказванне вельмі трапна падыходзіць да... мінскіх шыльдаў. Аказваецца, у сталіцы Беларусі можна назбіраць цэлую калекцыю непісьменных надпісаў на шыльдах. Усяго толькі трэба пракаціцца з кальца ў кальцо на трамвайным маршруце № 5. А на выраб і ўстаноўку таблічак з арфаграфічнымі памылкамі былі затрачаны грошы...

Праз чатыры прыпынкі пасля пасадкі ў Зялёным Лузе ўвагу прыцягнуў разнабой у паказальніках. На адным красаваўся надпіс "вуліца Олешева", на другім — "вул. Алешава". Калі ў першым выпадку арфаграфічную памылку відаць няўзброеным вокам, то ў другім як быццам бы ўсё ў парадку... Узяла цікавасць: а як жа трэба правільна пісаць гэтае прозвішча? Праз сотню метраў шпацыру па ціхай вуліцы ў аб'ектыў фотаапарата трапіў дрэнны тапанімічны анекдот. На адным з будынкаў усталявана мемарыяльная дошка, дзе пазначана, што вуліца названа ў гонар героя Савецкага Саюза генерала Мікалая Мікалаевіча Олешава. А побач з дошкай прымацавана таблічка "вуліца Н.Н. Олешава"!

Тры варыянты напісання — і ніводнага правільнага! А тым часам з аўтобуса дваццаць чацвёртага маршруту прагучала "вуліца Алешава".

Некалькі хвілін — і вось трамвай ужо пад'язджае да прыпынку "Чарнышэўскага". Але стрэлка паказвае, што направа пачнецца вуліца "Чарнышеўскага". Дзякуй Богу, на процілеглым баку вуліцы на такой жа шыльдзе арфаграфія ў парадку.

Прыкладна праз кіламетр — яшчэ адзін ляп. Шыльда аформлена адразу на рускай і беларускай мовах — з яе мы даведваемся, што направа будзе "вуліца Б. Хмельницкого". Ці "Хмельніцкага"? Апошні надпіс знаходзіцца ў пачатку кароценькай вуліцы... Хаця ў першым складзе перад націскам у імёнах, прозвішчах і геаграфічных назвах са славянскай лексічнай асновай пішацца "я". Гэтая норма прапісана ў "Правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі", але, на жаль, на яе забыліся...

Два прыпынкі — і вагон праязджае праз скрыжаванне праспекта Машэрава і Чырвонай. Але калі верыць паказальніку, то вуліцы Чырвонай не існуе, нягледзячы на шматлікія шыльды на дамах! Бо на ім недвухсэнсоўна напісана: "вуліца Красная". Іншаземны госць сталіцы, які не ведае беларускай мовы, можа і заблытацца ў такім тапанімічным рэбусе — павярнуў, напрыклад, згодна з паказальнікам на Красную, а там паўсюль вісяць шыльды з надпісам "вуліца Чырвоная". Больш за тое, у тлумачальным слоўніку беларускай мовы слова "красны" абазначае "прыгожы", але не "чырвоны".

Яшчэ адна хвіліна паездкі пад грукат колаў — і трамвай спыняецца на прыпынку "вул. Куйбышева". У "Правілах" замацавана норма, што літара "э" заўсёды пішацца пасля шыпячых. Пэўна, пры афармленні шыльды, якая вісіць па другі бок пуцей, гэтае правіла ўлічвалі, таму што ў бок метро людзі чакаюць трамвай на прыпынку "Куйбышава".

Неўзабаве за акном шматпавярховыя дамы змяніліся на прыватныя. Трамвай заязджае на канцавы прыпынак "Возера". І пасля непрацяглага вандравання па старых кварталах становіцца зразумела, што арфаграфічныя памылкі на мінскіх паказальніках вуліц існуюць ужо вельмі даўно. Амаль на самым краі гарадской забудовы ў поле зроку трапіла старэнькая шыльда "вул. Новавіленская". Але трэба мець на ўвазе, што слова "Нававіленская" састаўное. Націск у другой частцы падае на першы склад. А таму ў першай частцы, у другім складзе перад націскам, трэба пісаць "а". Прыемнае выключэнне з папярэдняга досведу — новыя шыльды аформлены як мае быць.

Зразумела, што запомніць усе правілы правапісу беларускай мовы цяжка. Але ж ёсць з кім параіцца ў такіх выпадках! Вось што сказаў вучоны сакратар Інстытута мовы і літаратуры імя Якуба Коласа і Янкі Купалы НАН Беларусі Ігар Капылоў:

— Вялікая колькасць памылак на шыльдах зусім не ўпрыгожвае горад. Безумоўна, пажадана, каб перад устаноўкай таблічак з назвамі вуліц адпаведныя службы кансультаваліся з нашым інстытутам. На жаль, на сёння гэта не з'яўляецца абавязковым. Але ў некаторых выпадках да нас тэлефануюць з падобнымі пытаннямі, каб узгадніць правільнае напісанне той ці іншай назвы.

Валяр'ян ШКЛЕННІК

 

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
"Не вер вачам сваім", — перасцерагаў незабыўны Казьма Пруткоў. Гэтае легендарнае выказванне вельмі трапна падыходзіць да... мінскіх шыльдаў. Аказваецца, у...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика