Рэха старых гармат
13.07.2012
—
Новости Общества
|
11 ліпеня каля вёскі Салтанаўка Магілёўскага раёна адбыліся ўрачыстасці, прысвечаныя 200-годдзю падзей вайны 1812 года.
Сёння гэта маляўнічае месца добра вядомае магілёўцам: паводле шматгадовай традыцыі, сюды прыязджаюць з горада картэжы маладых. Але ў сераду тут было асабліва шматлюдна. Сярод народу ў летнім адзенні і сучаснай вайсковай форме вылучаліся "рэтра-салдаты" ў зялёных картузах і ківерах, якія неслі дзяжурства побач са старадаўнімі гарматамі, прыгожыя маладыя людзі ў рускіх і беларускіх народных строях, а таксама маленькія "гусары" — апранутыя ў ярка-чырвоныя з залатымі эпалетамі касцюмы дзяўчынкі, якія трымалі ў руках памінальныя свечкі. Цэнтральнай падзеяй урачыстасцяў стала перапахаванне астанкаў трох рускіх салдат, якія загінулі ў баі пад Салтанаўкай. — У 2007 годзе ў гэтых мясцінах праводзілася пошукавая экспедыцыя, — расказаў старшыня Магілёўскага гісторыка-патрыятычнага пошукавага клуба Мікалай Барысенка. — Тады і былі знойдзены астанкі салдат. Вось менавіта на гэтым месцы, дзе славуты генерал Раеўскі разам са сваімі сынамі ішоў у бой. Гэтая прыгожая легенда кранае людзей ужо 200 гадоў. Пад гукі званоў праваслаўныя вернікі прайшлі да капліцы хрэсным ходам. З удзелам Епіскапа Магілёўскага і Мсціслаўскага Сафронія адбылося богаслужэнне ў памяць тых, хто загінуў на полі бою. Невялікую урну з чорнага мармуру з прахам усталявалі ў капліцы. Вайскоўцы адсалютавалі ў памяць герояў стрэламі. Грымелі і дымілі старыя гарматы. Людзі ўсклалі да капліцы кветкі. Вялікія кошыкі кветак — найперш ад абласных улад і пасольства Расійскай Федэрацыі ў Беларусі. — У гэтым месцы, у Салтанаўцы, здаецца, лунае сам дух гісторыі, — сказаў журналістам саветнік расійскага пасольства Віктар Малашэнка. — Прыемна, што тут, на магілёўскай зямлі, захоўваецца наша агульная гісторыя. Гэтае месца будуць наведваць беларусы і расіяне. У памяць пра бітву пад Салтанаўкай старшыня Магілёўскага аблвыканкама Пётр Руднік уручыў расійскаму госцю падарунак: макет капліцы, выкананы рукамі магілёўскіх рамеснікаў. — Я спадзяюся, што такія ўрачыстасці, як сённяшняя, паслужаць далейшаму ўмацаванню сувязяў паміж беларускім і брацкім расійскім народам, — адзначыў кіраўнік вобласці. — Мы памятаем пра падзеі мінулага. Гісторыю трэба ведаць "на зубок", каб будаваць светлую будучыню суверэннай Рэспублікі Беларусь. Пётр Руднік уручыў узнагароды за захаванне гістарычнай спадчыны. Далей былі літаратурная кампазіцыя і канцэрт, якія сабралі гледачоў. Праўда, у імправізаванай зале пад сонцам засталіся толькі шчаслівыя ўладальнікі парасонаў, астатнія абачліва займалі "глядацкія месцы" ў цені соснаў і бяроз на пагорках вакол капліцы. Дарэчы, сама капліца была абноўлена да юбілею падзей 1812 года: на гэта ўлады выдаткавалі каля 400 мільёнаў рублёў. Лічыцца, што капліца была пабудавана 100 гадоў таму. Аднак у Санкт-Пецярбургу краязнаўца і фотакарэспандэнт Ірына Савосіна знайшла звесткі, што першы камень у падмурак капліцы быў закладзены толькі ў 1914 годзе. — А ў 1912 годзе, з нагоды 100-гадовага юбілею вайны 1812 года, тут было сціплае свята, — расказала Ірына. — У ім браў удзел пяхотны полк, які кватараваў у Магілёве, ды прыйшлі пешшу з горада гімназісты. Як і сёння, адбылася паніхіда па загінулых. І толькі на наступны год Віленскае таварыства прыхільнікаў старажытнасці звярнулася да ўлад з просьбай выдаткаваць грошы на будаўніцтва. Калі капліцу-помнік урэшце пабудавалі — звестак яшчэ не знойдзена, але вядома, што ў наступныя гады Мікалай ІІ наведваў Салтанаўку, каб пакланіцца праху рускіх воінаў. У Магілёўскім абласным краязнаўчым музеі гэтымі днямі таксама адкрылася выстава: "1812: погляд праз два стагоддзі". У экспазіцыі прадстаўлены сапраўдныя дакументы таго часу, ваенная амуніцыя, зброя, узнагароды, гравюры і іншыя цікавыя экспанаты. Ілона Іванова. Магілёўскі раён. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
1812—2012: погляд праз стагоддзі
|
|