Дом Гарэцкага ў Горках не ўстаіць?
20.07.2012
—
Новости Общества
|
Будынак, дзе некалькі гадоў жыў знакаміты беларускі пісьменнік, так і не атрымаў статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці. Пра спрэчны дом у Горках "Звязда" пісала ў самым пачатку гэтага года. Сціплая двухпавярховая жылая будыніна на тэрыторыі Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі стала прадметам грамадскай дыскусіі. Справа ў тым, што дом № 3 на вуліцы Агранамічнай, дзе з 1926 па 1928 года жыў Максім Гарэцкі, быў прызнаны аварыйным і ў межах добраўпарадкавання раённага цэнтра да "Дажынак-2012" яго запланавалі ліквідаваць, цяперашніх жыхароў перасяліць у новыя кватэры, а на месцы дома з цягам часу ўсталяваць памятны знак. Не ўсе пагадзіліся з такім рашэннем улад: жыхары Горак (56 чалавек) звярнуліся ў райвыканкам з просьбай знайсці магчымасць захаваць дом, дзе жыў класік беларускай літаратуры. Ратаваць ці руйнаваць? У пошуках адказу на гэтае няпростае пытанне абласныя ўлады аб'явілі аб дэталёвым даследаванні будынка, а грамадскія актывісты звярнуліся ў Міністэрства культуры з просьбай надаць дому Гарэцкага статус гісторыка-культурнай каштоўнасці. Гэтымі днямі ў Горацкім райвыканкаме атрымалі выпіску з пратакола Беларускай рэспубліканскай навукова-практычнай рады па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры, якая расстаўляе, напэўна, усе кропкі над "і" у гэтай гісторыі. Карэспандэнту "Звязды" прадаставілі копію гэтага дакумента. Цытуем: "Улічваючы дакументальнае абгрунтаванне, прадастаўленае Горацкім райвыканкамам (...) і паведамленне галоўнага архітэктара Магілёўскай вобласці Дуднічэнкі Д.В. адносна таго, што ў выніку праведзенай у пачатку 90-х гадоў ХХ стагоддзя цеплавой рэабілітацыі будынка з выкарыстаннем сілікатнай цэглы, выкананых работ у памяшканнях страчаны адметныя духоўныя, мастацкія і дакументальныя вартасці, вызначаныя артыкулам 20 Закона Рэспублікі Беларусь "Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь", вырашылі: Устрымацца ад надання статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці будынку па вул. Агранамічнай, 3 у г. Горкі Магілёўскай вобласці". Далей ёсць яшчэ некалькі пунктаў пратакола, якія датычацца дома Гарэцкага. Рада прыняла да ведама інфармацыю Горацкага райвыканкама адносна праведзеных мерапрыемстваў па ўшанаванні памяці Максіма Гарэцкага (гэта кабінет-музей у сельскагаспадарчай акадэміі, мемарыяльная дошка ў гонар пісьменніка, прысваенне імені Гарэцкага бібліятэцы і адной з вуліц горада, правядзенне Гарэцкіх чытанняў на базе музея), а таксама падтрымала прапанову раённых улад па ўсталяванні на месцы дома памятнага знака да 120-годдзя з дня нараджэння Гарэцкага (гэта будзе ў 2013 годзе). І яшчэ адзін пункт: "Прапанаваць Горацкаму райвыканкаму сумесна з Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміяй правесці адбор ацалелых аўтэнтычных элементаў і матэрыялаў будынка для іх выкарыстання ў экспазіцыі кватэры, у якой жыў Максім Гарэцкі, стварэнне якой прадугледзіць у Музеі гісторыі акадэміі". Што гэта ўсё азначае? Намеснік старшыні Горацкага райвыканкама Наталля Карнеева паведаміла, што цяпер, калі дом не атрымаў статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці, ён, як стары аварыйны будынак, будзе ўсё ж такі разбураны, а месца добраўпарадкавана. Усё гэта мяркуецца зрабіць да фестывалю "Дажынкі", які адбудзецца ўвосень. Між тым, у доме № 3 на вуліцы Агранамічнай усё яшчэ жывуць людзі: яны чакаюць перасялення ў новы дом. Як паведаміў кіраўнік горацкага "Камунальніка" Міхаіл Нікіценка, гэта адбудзецца ў жніўні. Адмоўнае рашэнне Рады і імкненне ўлад усё ж такі разбурыць дом засмуціла Аляксандра Каданчыка, кандыдата гістарычных навук, былога загадчыка кафедры гісторыі і культуралогіі Горацкай акадэміі, цяпер пенсіянера і аднаго з грамадскіх актывістаў, якія выступаюць за захаванне дома Гарэцкага. — Мне падаецца, што многія людзі мяркуюць гэтак жа, як я: трэба найперш захоўваць, а не руйнаваць, — сказаў па тэлефоне Аляксандр Ісакавіч, які таксама атрымаў копію выпіскі з пратакола. — Што ж, я зрабіў усё, што мог. Хто можа больш — няхай зробіць. Каданчык і яго аднадумцы ўсё яшчэ спадзяюцца на нейкі магчымы перагляд рашэння Рады, аднак надзеі гэтыя, відаць, не вельмі моцныя. — Мне ўсё ж падаецца, што Горкі больш згубяць, чым набудуць разбурэннем гэтага старога будынка, — дадаў Каданчык. — Дом Гарэцкага мог бы стаць адметным, адноўленым культурна-турыстычным аб'ектам. Разбурыць — хуткае рашэнне, але, лічу, не самае разумнае. Між тым, у Горках поўным ходам працягваецца вялікае будаўніцтва і навядзенне парадку ў сувязі з правядзеннем рэспубліканскага фестывалю-кірмашу "Дажынкі-2012". Ілона Іванова Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Будынак, дзе некалькі гадоў жыў знакаміты беларускі пісьменнік, так і не атрымаў статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці. Пра спрэчны дом у Горках "Звязда"... |
|