Несалодкія справы... мёду. 21.by

Несалодкія справы... мёду

20.07.2012 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Шмат стагоддзяў таму мексіканскія індзейцы ацтэкі дакладна не памыліліся, калі вынайшлі "ежу багоў" — шакалад. Сёння ад гэтага ласунку адмовяцца, напэўна, нямногія. Шакалад любяць за яго незвычайны "эндарфінны" эфект, яго ўвекавечваюць у помніках і ўсім светам ушаноўваюць 11 ліпеня. Але ж на Беларусі з даўніх часоў галоўным ласункам заўсёды быў мёд. Натуральны, духмяны, прыемны... Чаму ж сёння айчынная пчалярская справа набывае гаркаватае адценне?

Мёд, пропаліс, воск, забрус; апыленне сельскагаспадарчых культур, павелічэнне іх ураджайнасці. Карысць пчол нельга недаацэньваць, бо ад гэтых паласатых насякомых сапраўды залежыць існаванне людзей на планеце. Калісьці знакамітая на ўвесь свет Ванга напрарочыла: "Спачатку знікнуць пчолы..." Дзякуй Богу, "жоўта-чорныя" ў Беларусі пакуль ёсць. Але з кожным дзесяцігоддзем іх становіцца менш. І гэта не проста лакальная сітуацыя, а сусветная тэндэнцыя. На пачатку 1990-х гадоў у Беларусі налічвалася звыш 800 тысяч пчаліных сямей, цяпер гэтая колькасць ледзь пераадольвае дзве сотні тысяч. А той факт, што на кожнага беларуса прыпадае толькі 230-250 г мёду, прымушае ўсур'ёз задумацца над "несаладосцю" мядовай справы.

Праблемы, што датычацца пчалярства Беларусі, шчыра хвалююць Аляксандра Крамянка з вёскі Лазаўцы Івацэвіцкага раёна. Маёр міліцыі, эксперт-крыміналіст восем гадоў таму, сёння ён дасведчаны пчаляр з 33-гадовым стажам. За такі працяглы тэрмін Аляксандр Іванавіч са звыклай прафесіянальнай уніклівасцю спасцігнуў усе падрабязнасці пчалярскай справы. І, вядома, сутыкнуўся з немалымі клопатамі і няпростымі сітуацыямі, якія лёгка можна спраецыраваць на пасеку любога гаспадара.

— У нашай краіне адсутнічае грунтоўная прававая база, якая б дапамагала пчалярам развіваць іх справу. За некалькі дзясяткаў гадоў праблем назапасілася шмат, — расказвае Аляксандр Крамянка. — Пчолы прыносяць дзяржаве немалую карысць, але могуць — яшчэ большую. Мы хочам атрымоўваць высокія ўраджаі рапсу, але чамусьці сеем яго за 2-3 кіламетры ад пасекі. Вядома, лепш побач пасеяць буракі, якія часта трэба апрацоўваць ад шкоднікаў. А заадно і патруціць пчол.

Патрава сельскагаспадарчых культур без папярэджання — такая сітуацыя нярэдкасць. Не абмінула яна і пчалінае сямейства Крамянкі. У мінулым годзе мясцовы СВК апрацоўваў пестыцыдамі палі буракоў. Пчаляроў не папярэдзіў. У выніку — некалькі дзясяткаў вулляў увечары не дачакаліся сваіх жыхароў.

— Экспертыза ў Мінску дала заключэнне, што пчолы загінулі ад фосфараарганічных злучэнняў. Але ў СВК кажуць: такіх пестыцыдаў яны не прымянялі. Ужо потым сам высветліў, што я меў рацыю і пчолы загінулі "дзякуючы" кааператыўнай аграноміі: запісалі адзін яд, другі "не дапісалі"...

У Беларусі ёсць прававыя дакументы, якія рэгламентуюць пчалярскую справу. На сайце Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання можна знайсці "Інструкцыю аб мерапрыемствах па папярэджанні і ліквідацыі хвароб, атручванняў і асноўных шкоднікаў пчол на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь". Прынятая ў 2003 годзе, яна ў агульным плане зацвярджае асноўныя прынцыпы існавання пасек з іх насельнікамі. Але нарматыўнага дакумента, які б рэгламентаваў дзейнасць пчаляроў і вызначаў іх правы, няма.

Адзіная "дапамога" з боку лясніцтваў — платнае размяшчэнне вулляў у лесе. За кожны трэба адлічыць са свайго кашалька 4750 рублёў. Здаецца, сума невялікая. Але калі пчоласямей не адна сотня... Во сітуацыя!.. Зусім побач, у суседняй Польшчы, усё адбываецца наадварот: пчалярам плацяць за тое, каб яны вывезлі сваю пасеку ў лес ці на фермерскія ўладанні. Прычым даход ад гэтага часам пераўзыходзіць выручку ад продажу мёду. Нашы ж пчаляры часцей самі становяцца фермерамі, арандуюць ці купляюць зямлю, дзе высяваюць меданосныя травы, тым самым павышаючы збор мёду.

Шматлікія грамадскія арганізацыі (кшталту "Беларускія пчолы", "Бортнік", "Дубровенскія пчаляры", "Беларускія пчаляры", "Пчаляры Палесся" і г.д.) таксама не прыносяць асаблівай карысці. Кожны цягне коўдру на сябе, адстойваючы свае інтарэсы ў рэалізацыі мёду. Пагібель пчол, іх захворванні, стан пасек адыходзяць на другі план, калі справа датычыцца клопатаў, як лепш збыць мёд.

— Сёння рэалізаваць мёд дастаткова праблематычна. Цэны трымаюцца высокія (прыкладна 50 тысяч рублёў за паўлітра), а пакупнікоў няшмат. Тым не менш у кастрычніку беларускага мёду ўжо будзе не хапаць, а да новага года ён практычна знікне. І пацякуць тады рэкі "цудатворнага" расійскага і ўкраінскага. Асабіста мяне забаўляе рэклама такога прадукту: "Мёд з падбелу". Дык ён жа цвіце задоўга да таго моманту, калі на ім з'явіцца пчала! — не ўтойвае сваёй заклапочанасці Аляксандр Іванавіч.

Што ж, пчолы не зніклі і, па меркаванні старшыні Саюза беларускіх пчаляроў Міхаіла Халадзінскага, выміранне ім не пагражае. Бо ў Беларусі нізкая шчыльнасць пчоласямей на квадратны кіламетр: менш за адну сям'ю. Па яго словах, панікаваць трэба ў тых краінах, дзе колькасць пчоласямей складае 5-7 на 1 кв.км. Пры такой перанаселенасці пчолы пачынаюць хварэць і ў выніку гінуць.

...Сёння пчаляр застаўся сам-насам са сваімі праблемамі. У асноўным пчалярствам займаюцца ці пенсіянеры, ці тыя, хто атрымаў гэтую справу па спадчыне ад бацькоў-дзядоў. Замест таго, каб стаць самастойнай галіной гаспадаркі, пчалярства паступова ператвараецца ў рамяство. І будзе зусім не дзіўна, калі праз некаторы час пчалярская справа стане адным з гістарычных абрадаў, на які з задавальненнем будуць глядзець цікаўныя турысты...

Што рабіць? Найперш пачынаць з малога, а лепш — з жадання і магчымасці мясцовых СВК і пчаляроў супрацоўнічаць. Дэтальна прадумаць севазварот культур, своечасова папярэдзіць, зацікавіць датацыямі, ды проста дамовіцца — няўжо гэта так цяжка? Сельская гаспадарка, як і ўсё астатняе, — цэльны механізм, выкінуць з якога ніводнае звяно немагчыма. Зрэшты, усе хочуць жыць "у шакаладзе". Такое амаль немагчыма? Ёсць альтэрнатыва — жыць у "мёдзе". Ці хаця б ва ўзаемапаразуменні і супрацоўніцтве з ім.

Любоў Каспяровіч.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Шмат стагоддзяў таму мексіканскія індзейцы ацтэкі дакладна не памыліліся, калі вынайшлі "ежу багоў" — шакалад. Сёння ад гэтага ласунку адмовяцца, напэўна,...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика