Па гамбургскім рахунку
20.07.2012
—
Новости Общества
|
Выбранае. "Мастацкая літаратура", 2011. Для каго робіцца выбранае? Чамусьці хочацца спадзявацца, што гэта не проста абавязковы элемент юбілейнай рэвізіі літаратуры: чакалася, што 2011 год будзе юбілейным для Янкі Сіпакова, але ён, на жаль, стаў і годам смерці. Перавыданне выбраных твораў пісьменніка, ужо прачытаных пакаленнем яго равеснікаў і трохі маладзейшымі чытачамі, выглядае абсалютнай навінкай у вачах новай генерацыі чытачоў. Вядома, ніхто не забароніць даўнім прыхільнікам творчасці Я. Сіпакова перачытаць тэксты і параўнаць уражанні, але вельмі цікавым выпрабаваннем выглядае першае чытанне праз 30-40 гадоў пасля напісання твораў. Вядома, у тэкстах ёсць пазнакі часу, і гэта найперш стыль. У 1970-я гг. пісьменнікі ўмелі (зрэшты, ад іх гэта негалосна патрабавалася) выяўляць майстэрства ў апісаннях прыроды. Гэта было тое пакаленне літаратараў, якое правяло дзяцінства ў вёсцы, а рэалізоўвала свае таленты ў горадзе. І, магчыма, таму апісанне вёскі мае яшчэ і настальгічнае адценне: вёскі той ужо няма, засталіся толькі ўспаміны ("Сады"). А вось псіхалагічная дакладнасць вобразаў, неадназначнасць і шматмернасць у адносінах герояў чапляюць і сёння ("Госць падчас сенакосу", "Маўклівыя людзі", "Знаёмыя жнівеньскія сны"). Магчыма, не вельмі дарэчна звяртаць на гэта ўвагу, але колькі твораў і аўтараў не перажылі выпрабавання часам! І вось яна, вёска. Паваенная, параненая, але жывая ("- Як жывеш? — Лепш за ўсіх і горш за многіх"). Пісьменнік нарадзіўся ў 1936 годзе і належаў да пакалення "дзяцей вайны", таму падзеі аповесці "Крыло цішыні", некаторых апавяданняў, напрыклад, з раздзела "Сёння і назаўсёды" бачацца вачыма падлетка, але ўзбагачаны рэфлексіяй дарослага чалавека: "Тады ж я нічога не баяўся, бо нічога не ведаў. А самыя смелыя бываюць якраз тыя, якія нічога не ведаюць". Героямі кнігі сталі альбо "другое я" аўтара (хлопец-падлетак, абітурыент журфака, малады журналіст), альбо досыць пажылыя людзі. І гэты мікс поглядаў, думак і перажыванняў людзей розных узростаў і рознага полу стварыў своеасаблівую светапоглядную панараму: няпэўнасць жыцця маладых і вызначанасць, нетаропкасць жыцця пажылых, якія ўжо зрабілі ці не зрабілі галоўнае, але ў любым выпадку далей могуць не спяшацца. Пісьменнік з кранальнай паблажлівасцю апісаў герояў, у якіх маецца сваё разуменне сусвету, сваё — часта наіўнае — вытлумачэнне ўсім падзеям і з'явам. А той сусвет, які паўстаў са старонак кнігі Янкі Сіпакова "Двое на вуліцы", таксама вытлумачаны, зграбны і пераканаўчы, але галоўнае, што гэта сапраўды — сусвет. Амаль у кожным тэксце пісьменніку для ўвасаблення сваіх ідэй патрабуюцца дзесяцігоддзі жыццяў яго герояў: мала апісаць сустрэчу з жанчынай ва ўсходнім адзенні, але цікава скарыстаць гэтую сустрэчу як нагоду для аповеду пра лёс шасці сясцёр ("Трэцяя жонка Юлдаша"). Нават у невялікае апавяданне Я. Сіпакоў змяшчае сагу, сямейную гісторыю. Гэтае імкненне да максімальнага ахопу падзей напоўніцу выявілася ў 2010 годзе, калі ў серыі "Лімаўскі фальварак" выйшла яго кніга "Зубрэвіцкая сага". Пільная ўвага да гісторыі роду — тое, што глядзіцца сёння як творчы прыём, тое, што стала падставай для літаратурных містыфікацый Я. Сіпакова, магчыма, натхнёна спецыфікай вясковага жыцця, дзе ўсе ўсё ведаюць адно пра аднаго: і хто дапаможа, і хто скраў, і хто бацька байстручка, і хто прачытае ліст непісьменнаму дзеду. Інтанацыі, выбраныя Янкам Сіпаковым, выглядаюць будзённа, аўтар спрабуе ўсяму незвычайнаму, нават катастрафічнаму знайсці рацыянальнае вытлумачэнне, каб зжыцца, звыкнуць да таго, што немагчыма змяніць: і здаецца, што неяк пераадолее гора старшыня калгаса, які пасля здрады жонкі руйнаваў усё вакол ("...часам, а можа, і заўсёды, чалавечая рашучасць і слабаволле — адно і тое ж. А калі і не, то чалавеку ўсё роўна цяжка ўбачыць, заўважыць, дзе і як адно пераходзіць у другое"); Уладзіслава Францаўна, жонка Купалы, адначасова выступае і ўвасабленнем добразычлівасці і гасціннасці, і чэрствай асобай, калі, уцякаючы ад бамбёжкі з Мінска, "набіла паўнюткую машыну розным барахлом — сукенкамі, футрамі, а матку [Купалы — А.Б.] не дазволіла ўзяць з сабой" (з успамінаў Паўліны Мядзёлкі). Літаратурны працэс падаецца Я. Сіпаковым натуральна, як частка ўласнага жыцця: ёсць згадкі пра дэпутацтва І. Шамякіна, пра смерць Б. Сачанкі, пра святкаванне юбілею Купалы ў Ляўках. Захапіла Я. Сіпакова гісторыя Максіма Багдановіча — і паўстала рэканструкцыя падзей, зафіксаваных у дзённіку класіка: "У наступны дзень сядзелі з Клаваю ў гамаку і вялі неасцярожныя размовы". Неадназначнасць вабіла Я. Сіпакова і ў прыпавесцях, дзе ў розных тэкстах ён прыходзіў да высноў, якія маглі супярэчыць адна адной: "Можна перамагчы аднаго камара. Можна сотню, тысячу, мільён... Але ўсіх камароў, увесь народ камарыны не пераможаш. Хоць чалавек і мацнейшы за камара" і "Калі ёсць тупік, трэба, каб і сцежка ад яго нарадзілася". Я. Сіпакоў адметна асэнсоўваў нацыянальнае пытанне: "Балюча ведаць, які ты багаты, калі ўсе толькі і пераконваюць цябе, што ты самы бедны на зямлі!". З эсэ "Коні", "Мужчыны", "Язычнікі" паўстае сусвет селяніна, мужчыны, праваслаўнага верніка. Здаецца, што пісьменнік глядзеў на жыццё праз гэтыя тры прызмы і выбіраў цытаты і думкі, якія ўражвалі то акцэнтамі і адценнямі ("Мужчына — уладар жанчыны, раб яе кахання"), то мудрасцю ("Бедны, ён пакладзе ў Яе рукі адну ружу, і багаты — таксама адну, разумеючы з маленства, што калі кветак многа — гэта ўжо сена"). Выданне выбранага — гэта заўсёды праверка, гэта дужанне па гамбургскім рахунку: застанецца аўтару ягонае месца ў сімвалічнай літаратурнай іерархіі ці яго пасунуць ўгору або ўніз? І, можа быць, новае пакаленне чытачоў ацэніць Янку Сіпакова вышэй за ранейшае. Аксана Бязлепкіна Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Для каго робіцца выбранае? Чамусьці хочацца спадзявацца, што гэта не проста абавязковы элемент юбілейнай рэвізіі літаратуры: чакалася, што 2011 год будзе юбілейным... |
|