Бацька Зміцера ДАШКЕВІЧА: “Не веру, што хутка пабачымся на волі…”
20.07.2012
—
Новости Общества
|
Сёння, 20 ліпеня, лідару зарэгістраванай у Чэхіі міжнароднай арганізацыі «Малады фронт» Зміцеру Дашкевічу споўніўся 31 год. За два дні да свята Следчы камітэт зрабіў Дашкевічу своеасаблівы падарунак -- з самай раніцы ў праграме “Зона Х” мімаходзь аб’явілі: за “злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі” супраць зняволенага ўзбуджана крымінальная справа. Гэта значыць, што на волі Зміцер Дашкевіч цяпер можа апынуцца толькі праз год...
Бацька Зміцера Вячаслаў Уладзіміравіч Дашкевіч пасля смерці жонкі жыве адзін у сваім доме ў Старых Дарогах. Аб новай пагрозе сыну ён даведаўся ад знаёмых -- сам мала глядзіць тэлевізар, а інтэрнэтам не карыстаецца. -- Мы сустракаліся не так даўно ў калоніі, і я тады ўжо сказаў сыну: “Не веру, што хутка пабачымся на волі…” -- уздыхае Вячаслаў Уладзіміравіч. -- Днямі нявеста Зміцера Наста Палажанка напісала адкрыты ліст да апазіцыйных палітыкаў. У звароце яна абвінаваціла іх у бяздзеянні: маўляў, не прадпрымаюць нічога, каб выратаваць Зміцера. Вы падзяляеце меркаванне Насты? -- Самога ліста я не бачыў, але чуў каментарый на Радыё Свабода. І там некаторыя апазіцыянеры казалі, што з паразуменнем ставяцца да слоў Насты і будуць нейкія меры прымаць. -- Да вас прыязджаюць ці хаця б тэлефануюць паплечнікі Зміцера? -- Я не адчуваю патрэбы ў тым, каб мне дапамагалі, напрыклад, па гаспадарцы. А так некалькі разоў была Наста, сяброўка яе, хросная маці Зміцера… Я мала з кім падтрымліваю зносіны... -- Калі Наста Палажанка патрапіла ў СІЗА КДБ, яе бацька напісаў ліст да Лукашэнкі. У вас ніколі не ўзнікала такога памкнення, каб вызваліць Зміцера? -- Гэта была б марная трата часу. Трэба ўпасці ў бруд... Я яшчэ, можа, і змог бы так зрабіць, але Зміцер ніколі б не дазволіў. -- Зміцер заўжды падаваўся інтэлігентным чалавекам. Як па-вашаму, чаму прыўладная прапаганда так апантана хоча зрабіць з яго закаранелага хулігана і дэбашыра? -- Няма чаму здзіўляцца, яны так з усімі сваімі апанентамі паступаюць. Дарэчы, мы на волі такія ж безабаронныя, як яны ў турме. Любога могуць забраць, сказаць, што матам лаяўся ці яшчэ што… -- Ад бацькоў некаторых палітычных вязняў можна пачуць вельмі безнадзейныя словы: маўляў, мы ўжо і не спадзяемся дачакацца сваіх дзяцей. Вось маці Зміцера так і не пабачыла сына на волі… -- Гэта нельга ні забыць, ні прабачыць… Я не проста яе ўзгадваю -- пастаянна з ёю размаўляю, раюся… Штодня кажу, дзе быў, што рабіў… Гэта тэма вельмі цяжкая для мяне. Мой суразмоўца на хвіліну замаўкае. Цяжка нават уявіць, якія пачуцці, які боль зараз варушацца ў сэрцы гэтага чалавека. Але яму трэба быць моцным. -- У Зміцера сёння дзень народзінаў. Распавядзіце, як звычайна святкавалі? -- На жаль, у нас вялікага святкавання не практыкавалася. Так, мімаходзь, віншавалі адзін аднаго. Ні ў сям’і, ні ў родзе ў нас не прыжываліся такія святы... -- А цяпер сыну, можа, нейкі падарунак падрыхтавалі? -- Нічога не рыхтаваў -- паслаў паштоўку і ўсё. На жаль, у нас у Старых Дарогах не знайсці паштоўку на беларускай мове, дык я папрасіў Насту даслаць з Мінска. -- Часта з сынам лістуецеся? -- Я пішу яму куды часцей, чым ён мне. Зміцер заўжды ў штрафным ізалятары, а там жа перапіска забаронена. Кожны раз піша, што ўсё ў яго добра, каб я не хваляваўся, маўляў, усё пад кантролем. А я яму кажу, што пад кантролем ён, а не справы… Турбуецца пра маё здароўе, каб я не перажываў лішняга... -- Ці не ўзнікала ў вас жадання пасля ўсяго перажытага самому заняцца палітыкай, адважыцца на нейкі адчайны ўчынак? -- Папросту кажучы, баюся… Я ў гадах, інвалід другой групы, дый самае галоўнае (я пра гэта і Зміцеру не раз казаў) -- проста не здужаю вытрымаць усё, як ён. Так паводзіць сябе, як ён, я б не змог... Ведаеце, самую першую справу на яго завялі ў сакавіку, а ў ліпені адпусцілі ў Амерыку на месяц. Тады перад ад’ездам я быў у Мінску, мы з ім гутарылі ў скверы насупраць КДБ. Шчыра -- раіў яму не вяртацца, бо пасадзяць. А ён казаў, што свой шлях выбраў самастойна. “Прайду яго да канца, чаго б мне гэта ні каштавала”, -- сказаў сын. І прапанаваў гэтую тэму закрыць назаўсёды. І мы закрылі. Але адбылося так, як казаў я. Ён прыляцеў з Амерыкі ў верасні, збіраўся заехаць дахаты дапамагчы сёе-тое па гаспадарцы. Толькі перад гэтым мусіў да следчага зайсці. Я некуды адлучыўся, а потым прыходжу дадому -- жонка плача. Кажа, што званіў Зміцер і толькі і паспеў сказаць: “Мама, мяне ары…”. Гэта было перад першай адсідкай… Калі Зміцер быў маленькі Вячаслаў Уладзіміравіч і падумаць не мог, што сын калі-небудзь апынецца ў калоніі Наста Палажанка верыць, што рана ці позна яна сустрэне Зміцера з турмы і ў іх нарэшце пачнецца нармальнае жыццё
З ЧУЖОГА ВОПЫТУ “Па гэтым артыкуле атрымліваюць тэрміны без належнага судовага разбору” “Ужыванне артыкула 411 КК Рэспублікі Беларусь -- вельмі распаўсюджаная з’ява ў беларускіх турмах, -- пісаў на сваім сайце прадпрымальнік Валерый Леванеўскі (быў асуджаны ў 2004 годзе за абразу прэзідэнта Рэспублікі Беларусь). -- Часта прымяняецца незаслужана, і да тых асуджаных, хто мае пачуццё ўласнай годнасці, хто патрабуе ад адміністрацыі калоніі захавання законаў, правоў асуджаных. Замест выхаваўчай працы з асуджаным адміністрацыя калоній часта, такім чынам, трымае ў страху іншых асуджаных. Асуджаны ставіцца перад выбарам -- выконваць злачынныя дзеянні па загадзе прадстаўнікоў адміністрацыі (збіваць іншых асуджаных і да т.п.) або быць сумленным «арыштантам». Тых, хто гэтаму пярэчыць, могуць «зрабіць» злосным парушальнікам рэжыму ўтрымання па сфабрыкаваных ці неабгрунтаваных абвінавачваннях, змясціць у СІЗА, ПКТ і потым закрытым выязным судом асудзіць па 411 арт.КК Рэспублікі Беларусь. Зыходзячы з судовай практыкі, усе, каго адміністрацыя калоніі “прадставіла” да дадатковага тэрміну па артыкуле 411 КК Рэспублікі Беларусь, атрымліваюць тэрміны без належнага судовага разбору”. РЭЗАНАНС Павел СЕВЯРЫНЕЦ: "Рэжым пераследуе Дашкевіча па дзвюх прычынах, -- лічыць палітвязень і былы лідар “Маладога фронту” Павел Севярынец. -- Па-першае, ён да гэтага часу ўзначальвае найбольш уплывовы беларускі маладзёжны рух. Па-другое, ён нават у турме паводзіць сябе годна і нязломна. Рэжым баіцца Дашкевіча, і вось гэтая крымінальныя справа паказвае, наколькі моцна баіцца. Беларусы павінны патрабаваць свабоды для Зміцера Дашкевіча. Зваротамі, акцыямі, сцягамі, інтэрнэт-кампаніямі. Іначай рэжым будзе душыць нас паасобку. Свабоду Дашкевічу! Свабоду палітвязням! Свабоду Беларусі!" Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Сёння, 20 ліпеня, лідару зарэгістраванай у Чэхіі міжнароднай арганізацыі «Малады фронт» Зміцеру Дашкевічу споўніўся 31 год. За два дні да свята Следчы камітэт зрабіў...
|
|