Так хацеў Бог. 21.by

Так хацеў Бог

21.07.2012 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Год таму не стала кардынала Казіміра Свёнтка

На зямлі кожнаму з нас адмераны свой час. І вялікая таямніца жыцця ў тым, што чалавек не ведае, калі прыйдзе апошні дзень... У прахалодзе мінскай Катэдры сонечным ліпеньскім днём развітваліся з кардыналам. Яму быў адмераны доўгі жыццёвы шлях у 96 гадоў, з усім наборам страшных выпрабаванняў ХХ стагоддзя. Седзячы на касцёльнай лаве, я ўнутрана разважаў, услухоўваўся ў малітвы, што няспешна шапталі бабулькі. Менавіта пра іх кардынал сказаў пасля ўзнагароджання прэміяй "Сведка веры": "Я ахвярую гэткае высокае прызнанне бабулям маёй краіны, якія змаглі захаваць веру ў гады пераследу, перадаючы яе сваім унукам і праўнукам, тым самым не даўшы замерці Касцёлу". Так, тады ў касцёльным паўзмроку я цалкам усвядоміў, што нас пакінула сапраўдная асоба, але толькі пасля зразумеў — сышла эпоха. І па-новаму адкрываць кардынала, як слушна заўважыла паэтка і журналістка Хрысціна Лялько, мы будзем яшчэ доўга.

Казімір Свёнтэк з'явіўся на свет у Валзе, мястэчку на поўдні Эстоніі, але ўсё сваё жыццё прысвяціў Беларусі. Выпрабаванняў яго жыцця хапіла б на тузін мастацкіх і дакументальных твораў. Хапіла б і для таго, каб якога-небудзь іншага чалавека зло перамагло. Але толькі не Свёнтка. Ён нарадзіўся ў часы першай сусветнай вайны, перанёс ГУЛАГ і канцлагер, жыў у час Курапатаў, Хатыні, Катыні, расстрэлу ў Беразвеччы, у доўгія гады татальнага пераследу рэлігіі, але вытрымаў, выжыў насуперак усяму. Пры гэтым ён ніколі не баяўся заставацца святаром у самыя небяспечныя моманты жыцця. Маліўся, святкаваў Каляды нават на лагерным Усходзе, дзе падобная "правіна" магла каштаваць жыцця...

— У ім я бачыў чалавека, які прайшоў Галгофу ХХ стагоддзя, якому смерць неаднойчы заглядвала ў вочы, які выжыў і выконваў свае святарскія абавязкі. (...) Вера яго загартоўвала. Аднойчы ён распавядаў пра тое, як яго выпусцілі з лагера. Адзін з афіцэраў тады вельмі здзівіўся, як чалавек, якога павінны былі расстраляць, застаўся жывым. А ён на гэта проста казаў: "Гэтага хацеў Бог", — узгадвае архіепіскап Тадэвуш Кандрусевіч, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі.

Цікава, але чалавек такой адданай веры нават не збіраўся паступаць у семінарыю.

— Эмінэнцыя распавядаў, што спачатку наогул збіраўся ехаць у Вільню паступаць ва ўніверсітэт, — распавядае ксёндз Антоні Клімантовіч, пробашч архікафедральнай парафіі імя Найсвяцейшай Панны Марыі, які калісьці атрымаў святарскія пасвячэнні з рук кардынала Свёнтка. — Разам з сябрамі з Баранавіч, дзе жыў, ён прыехаў у Пінск на экскурсію. Былі яны і ў кафедральным касцёле. Казімір Свёнтэк пайшоў у крыпту да труны епіскапа Зыгмунта Лазінскага. І калі дакрануўся да яе, адчуў, што ўсё ў ім перамянілася. "Я ўваходзіў у касцёл і думаў, што паеду ва ўніверсітэт, але вырашыў паступаць у семінарыю Тамаша Аквінскага ў Пінску". Усе тады моцна здзівіліся.

Пасля доўгіх выпрабаванняў ён вярнуўся ў Беларусь толькі ў 1954 годзе. Доўгі час быў пробашчам у Пінску, а ў 1991 годзе яго прызначылі архіепіскапам Мінска-Магілёўскім, а праз тры гады Папа Ян Павел ІІ абвясціў яго кардыналам — першым беларускім кардыналам!

На пачатку 1990-х ён наогул быў асноўнай фігурай у адраджэнні Касцёла ў Беларусі. Наведваў вёскі, спрычыніўся да адбудовы храмаў, правёў сінод...

— Папа Ян Павел ІІ кардынала вельмі паважаў. Было нават бачна, як ён добразычліва ставіцца да Казіміра Свёнтка, — кажа Мітрапаліт. — Бо гэта жывы сведка веры, які не паддаўся сістэме, які да канца захаваў сваю святарскую тоеснасць. На яго долю прыйшлася адбудова Касцёла, мінскай катэдры. Ён — знакавая фігура для католікаў. Божы провід паслаў Беларусі ў адпаведны час адпаведнага чалавека.

— Ксёндз кардынал быў аўтарытэтам для нас і для суседніх дзяржаў, — дадае а. Антоні. — У яго было тры мары: адбудаваць мінскую катэдру, аднавіць семінарыю і беатыфікаваць слугу Божага Зыгмунта Лазінскага. Першыя дзве ён здзейсніў. На жаль, трэцюю пры жыцці не ажыццявіў. Спадзяюся, яго пачынанне працягне епіскап Антоні Дзям'янка, ардынарый Пінскай дыяцэзіі.

Цікава, а якім Казімір Свёнтэк быў ксяндзом? З якімі казанямі звяртаўся да паствы? Што яму было ўласціва? Ён любіў святарства і найбольш цаніў шчырасць. "У кожным бачыў таго, хто можа памыліцца, але з павагай ставіўся да сутаны, — кажа а. Антоні Клімантовіч. — Быў адважны. Заахвочваў да таго, каб хрысціянін цаніў сваю годнасць, быў салдатам Хрыста, абараняў сваю веру". Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч кажа, што казані ў кардынала былі пастарскага напрамку. "Ён вучыў людзей веры. Стараўся браць прыклады з жыцця. Казані былі простыя для разумення людзей".

Больш за паўстагоддзя Свёнтэк пражыў у Пінску, у невялічкім дамку па вуліцы Шаўчэнкі, 12. Вакол шмат раслін. Сярод іх — ружы, магнолія і нават персікавае дрэва, пладамі якога ён так любіў частаваць. Ён вельмі любіў прыгожыя расліны. І часам, калі заўважаў на мінскіх вуліцах яшчэ шэрую зіму, мог сказаць з усмешкай: "Бачыце, у вас яшчэ снег ляжыць, а ў мяне ўжо кветкі растуць". Была каля дома і невялічкая сажалка, у якой ад цікаўнага вока хаваліся карпы і карасі. Кардынал іх, між іншым, падкормліваў сам і быў даволі вопытным рыбаком. Казаў, што ў святарскую маладосць вельмі любіў пасядзець з вудай на берагах Ясельды і Піны. Ведаў усе ямы, дзе чакаў свой кручок чарговы шчупак. Але не толькі рыбалка вабіла ксяндза кардынала. Як распавядае а. Антоні Клімантовіч, ён быў неблагім паляўнічым. І разам са сваім адданым сабачкам Асам неаднойчы хадзіў на цецерука і глушца. Толькі пасля ён расчараваўся ў паляванні. Бачыў меліярацыю Палесся і моцна перажываў за зямлю, якая сапраўды стала для яго родным краем. У выніку ён стварыў шэраг дакументальных фільмаў, насычаных цудоўнымі краявідамі, гісторыямі з жыцця звычайных палешукоў. "...Чалавек, які здатны цэлую ноч нерухома праляжаць у лесе, толькі каб запісаць на магнітафон такаванне глушцоў", — так адазваўся пра кардынала Уладзімір Караткевіч у сваім эсэ "Званы ў прадоннях азёр".

У яго пакоях не было тэлебачання (тэлевізар стаяў у гаспадыні), аднак ён вельмі любіў паглядзець футбол і ў Пінску, і калі прыязджаў у Мінск. Сучасных футбалістаў добра не ведаў, але з цікавасцю глядзеў... Лігу чэмпіёнаў і чэмпіянат свету. І знаўцам у футболе, як сведчыць ксёндз Клімантовіч, ён быў нядрэнным.

Той, хто сустракаўся з ім, адзначае яго надзвычай добрае пачуццё гумару, уменне разрадзіць сітуацыю трапным словам, жаданне жартаваць нават тады, калі знаходзіўся на бальнічным ложку. Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч узгадвае з усмешкай той момант, калі яму трэба было абвясціць Свёнтку, што Папа Ян Павел ІІ прызначыў яго архіепіскапам Мінска-Магілёўскім. На словы аб прызначэнні з Ватыкана ён, усміхаючыся, сказаў: "Што ты кажаш?! Мне ўжо 77 гадоў, а ў 75 у адстаўку трэба пісаць".

— Калі кардынал быў ужо хворы, ён жыў надзеяй, — разважае Тадэвуш Кандрусевіч. — Пасля таго, як ён зламаў шыйку сцягна, я вярнуўся з-за мяжы і прыйшоў да яго ў шпіталь. Ён тады і спытаў у мяне, ці збіраюся ў Польшчу на беатыфікацыю Ежы Папялушкі. Кажу: "Эмінэнцыя, у нас урачыстасці будуць", а ён мне ў адказ: "А я паеду!". Бачыце, ён нават пасля такой аперацыі жыў верай. Апошні год жыцця ён хварэў, але ўвесь час праз боль, праз цярпенне жартаваў, быў вясёлым.

З Хрысцінай Лялько кардынал, напэўна, сустракаўся часцей, чым з іншымі карэспандэнтамі.

— З ім цяжка было дамовіцца наконт інтэрв'ю, але ён заўжды быў не супраць простай і шчырай размовы, — зазначае спадарыня Хрысціна.

Першае, што здзівіла паэтку, калі яна пабывала ў гасцях у кардынала, — вялікая бібліятэка. На палічках стаялі не толькі рэлігійныя трактаты, кнігі па багаслоўі, але і мастацкая літаратура — Адам Міцкевіч, Сяргей Пясецкі, руская і замежная класіка.

— Ведаеце, у кардынала было выключнае адчуванне слова, мовы. Ён у нашым выдавецтве рабіў часам такія слушныя заўвагі, што мы нават здзіўляліся. Ён, дарэчы, перад семінарыяй збіраўся паступаць на філфак універсітэта Стэфана Баторыя. Мне здаецца,пры жаданні ён мог бы стаць добрым пісьменнікам. Кардынал быў выдатным, шчырым апавядальнікам!

Хрысціна Лялько адзначае, што выдавецтва "ПроХрыста" ўжо рыхтуе ладны том, прысвечаны Казіміру Свёнтку. Кнігу складуць яго казані,  успаміны святароў, свецкіх асоб, якія добра ведалі кардынала. Безумоўна, хочацца верыць, што падобная справа не затрымаецца. Казімір Свёнтак адзін з тых, пра чый прыклад адважнасці, вытрымкі і любові да Пінска трэба пісаць, трэба гаварыць, трэба разважаць.

— Пінск — гэта ягонае ўсё, — пра ўлюбёнае месца кардынала кажа Мітрапаліт. — Пасля аперацыі ў Любліне яму прапанавалі застацца ў Польшчы. Аднак ён хацеў толькі ў Пінск.

...Летась, 21 ліпеня, на 97-м годзе перастала біцца сэрца Казіміра Свёнтка. Ён адышоў у іншы свет, але пасяліў у сэрцах людзей веру, вярнуў іх у беларускі касцёл. Ён паспеў зрабіць тое, чым беларусы могуць ганарыцца сёння. Дзякуй, кардынале!

Тарас ШЧЫРЫ.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Год таму не стала кардынала Казіміра Свёнтка На зямлі кожнаму з нас адмераны свой час. І вялікая таямніца жыцця ў тым, што чалавек не ведае, калі прыйдзе апошні...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика