"Запуск спадарожніка — акупны праект". 21.by

"Запуск спадарожніка — акупны праект"

25.07.2012 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Як паведамлялася, 22 ліпеня ў 9 гадзін 41 хвіліну па мінскім часе быў здзейснены запуск беларускага касмічнага апарата. Пра тое, як сёння сябе "паводзіць" першы беларускі спадарожнік і якія планы маюцца на яго выкарыстанне, расказалі прадстаўнікі Нацыянальнай акадэміі навук і ААТ "Пеленг".

Па словах Анатоля РУСЕЦКАГА, старшыні Прэзідыума НАН Беларусі, апарат паспяхова выведзены на зададзеную арбіту і прайшоў усе неабходныя стадыі — раскрыліся сонечныя батарэі, пачалі функцыянаваць усе сістэмы і г. д. У тым ліку на 94 хвіліне беларускім цэнтрам кіравання палётамі была ўсталявана сувязь з нашым касмічным апаратам. Такім чынам, нейкіх надзвычайных сітуацый пакуль няма: у бліжэйшыя 3-6 месяцаў спадарожнік будзе знаходзіцца на стадыі лётных выпрабаванняў. Плануецца, што касмічнымі здымкамі беларускі апарат ахопіць тэрыторыю Беларусі ўжо недзе праз 80 сутак пасля пачатку эксплуатацыі. Ну а першыя здымкі з беларускага спадарожніка будуць гатовы на другім тыдні лётных выпрабаванняў, калі вызначацца наладкі і рэжымы працы. Як паведаміў Анатоль Русецкі, гарантыйны тэрмін працы спадарожніка — 5 гадоў, а запас паліва на апараце для арыентацыі арбіты і іншых мэтаў разлічаны на 7 гадоў.

— Запуск свайго касмічнага апарата — вельмі важная для нас падзея па розных прычынах, — перакананы Анатоль Русецкі. — Па-першае, Беларусь увайшла ў кола касмічных дзяржаў. Маючы ўласны апарат, мы можам займацца даследаваннямі, зандзіраваць нашы землі, вырашаць шматлікія задачы для розных галін народнай гаспадаркі. Па-другое, стварэнне такога апарата, па сутнасці, дазволіла нам адкрыць новую галіну для нашай краіны — касмічную. Хоць яна для нас і не зусім новая, бо і раней той жа "Пеленг" займаўся сістэмамі дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі, але сёння, дзякуючы стварэнню спадарожніка, мы набылі пэўны вопыт і аднавілі сувязі.

Што тычыцца здымачнай апаратуры, якая размешчана на нашым касмічным апараце, то яна беларускай вытворчасці — зроблена на ААТ "Пеленг".  Як расказаў Уладзімір БЕЛЯКОЎСКІ, начальнік навукова-касмічнага ўпраўлення "Космас" ААТ "Пеленг" яна не горшая за аналагі:

— Па сваіх тэхнічных характарыстыках апаратура, скажам так, не перавышае іншыя аналагі свайго класа. Але, тым не менш, у тыя ўнікальныя тэрміны (2 гады), якія перад намі ставіліся, калектыў выканаў працу на добрым узроўні. Праўда, канчатковую ацэнку нам можна будзе даваць толькі пасля завяршэння лётных выпрабаванняў.

Колькі каштуе беларускі спадарожнік і калі акупіцца?

Анатоль Русецкі перакананы, што запуск беларускага касмічнага апарату — гэта акупны праект і што сродкі, укладзеныя ў яго, абавязкова вернуцца, прычым з дастаткова добрым прыбыткам. Ён расказаў, што выдаткі на стварэнне касмічнага апарата параўнальна невялікія: як прапісана ва ўказе Прэзідэнта — каля 600 млн расійскіх рублёў, або каля 16-17 млн долараў:

— Гэта лічба невялікая, і мы ўдзячны расійскім партнёрам, што запуск нашага касмічнага апарата зроблены па вельмі выгадных расцэнках. Бо калі рабіць камерцыйны запуск, то цана за вывад аднаго кілаграма на арбіту складае каля 10 тысяч долараў. Значыць, толькі вывад нашага апарата каштаваў бы каля 5 млн долараў. А фактычна нам гэта абышлося на парадкі танней.

Уладзімір Белякоўскі дадаў, што акупнасць заўсёды складаецца з некалькіх складнікаў і разлічваць на тое, што гэта адбудзецца толькі дзякуючы продажу здымкаў, нельга:

— Ні ў адной краіны свету няма акупнага спадарожніка дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі. Наш можа быць акупным толькі з улікам таго, што мы яго за бясцэнак запусцілі. Бо ў прынцыпе, калі такі праект рабіць цалкам камерцыйным, то ён бы каштаваў пад 100 мільёнаў долараў. А тут, дзякуючы супрацоўніцтву з Расіяй, ён атрымаўся танным. Дзякуючы гэтаму праекту на "Пеленг" ужо ідуць заказы. Гэта можна лічыць за акупнасць. Далей пойдзе продаж здымкаў — цалкам ён, вядома, не акупіць, але гэта яшчэ нейкая частка. І плюс іншыя аспекты: скажам, заказаць аператыўную інфармацыю для розных галін — складана і дорага. А маючы сваю крыніцу інфармацыі, гэта можна зрабіць у любы час.

Пра тое ж кажа і Алег СЯМЁНАЎ, намеснік галоўнага канструктара Беларускай касмічнай сістэмы дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі:

— Ёсць прамыя дывідэнды ад праекта, а ёсць ускосныя. І ўскосныя дывідэнды ўжо пайшлі: дзякуючы ўдзелу ў гэтым праекце мы атрымалі навуковы і тэхналагічны прагрэс, былі створаны новыя вытворчасці, падрыхтаваны кадры. Гэта ўсё дазволіла нам стаць на касмічным рынку гульцамі, якія ўсур'ёз успрымаюцца сусветнай супольнасцю.

Павел БЕРАСНЕЎ.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Як паведамлялася, 22 ліпеня ў 9 гадзін 41 хвіліну па мінскім часе быў здзейснены запуск беларускага касмічнага апарата. Пра тое, як сёння сябе "паводзіць" першы...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика