Мы ехалі дамоў.... 21.by

Мы ехалі дамоў...

02.08.2012 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Што праўда, тое праўда: быў бы куст, а варона знойдзецца,  — у гэтай краме, прынамсі, ужо гандлявалі абуткам, рознай бытавой тэхнікай, няношаным адзеннем, потым ношаным...

Цяпер там зноўку рамонт: мяняецца праводка, тынкуюцца, фарбуюцца сцены... Трэба, як быццам. Хоць...

Назіранне (адным радком): у крамцы было столькі розных прысмакаў, так часта мяняліся цэны і асартымент, што толькі праз год, застаяўшыся ў чарзе, пакупнікі ўбачылі... інтэр'ер.

Уражанні

Межы адкрытыя: трохі клопату з візамі-пашпартамі і... Хоць да чорта на рогі... Калі грошы ёсць.

Увесну дачка знаёмай у Італію з'ездзіла.

— Рым, Ватыкан, Венецыя, Калізей... Уражанняў, нябось, — тры карабы! — зайздросцім мы.

Кабета насцярожваецца (адкуль вы ведаеце?) і тут жа пачынае тлумачыць, што ў Італіі яе "малой" сапраўды пашчасціла: прыехала ў час распродажаў. Ды што там — сапраўднага цэнападу: гэта значыць, што прыгожыя, дабротныя, модныя рэчы там прадаваліся за капейкі: за два еўра, за пяць, ад сілы за дзесяць... Вось яна і "намяла" — аж тры чамаданы.

Носяць цяпер, прычым — усе. І ва ўсіх уражанні ад паездкі ну самыя лепшыя!

Што аднаму добра...

Люся вышывае (драбнюткім крыжыкам, акуратненька...) абрусы, адзенне, карціны, іконы... Для сябе, для блізкіх.

Далёкім (кшталту мяне) сурвэтачка "абламалася". Прыгожая, твор мастацтва, можна сказаць — для століка ў зале... Калі добра краі апрацаваць...

— Як? — строга пытае швачка ў атэлье.

— Дык вам жа відней: вы ж — майстар.

Званне жанчыне, відаць, імпануе: яна круціць у руках тую вышыўку, потым стужку.

— Добра, — нарэшце згаджаецца. — Паспрабую нешта зрабіць. Пакідайце вашу фігню.

...Люся вышывае — драбнюткім крыжыкам, акуратненька, пераважна — карціны, іконы... Клопат пра "аправу" для іх муж — і даўно ўжо — узяў на сябе.

Яно трэба!

Гадоў да трох гэтае дзіця маўчала. Дакладней, гаварыла, але ж вельмі няшмат: "мама", "тата", "цыца", "дай"... Звычныя слоўкі.

І адно нязвыклае: калі малому штось дужа падабалася, пляскаючы ў ладкі, ён казаў: "Ай-ай! "Ай-ай!".

"Ай-ай!" — на новую цацку, на любімую адзежынку ці малюнак у кніжцы, на ўпрыгожаную кашку...

Вырас цяпер. Ажаніўся. Мае дзяцей.

А вось бацькі яго — наадварот — развяліся, паасобку жывуць: маці ў горадзе, бацька — на дачы.

...Надоечы ён дамок свой падладзіў: франтон пафарбаваў, памяняў там акенца.

Надвячоркам доўга паводдаль стаяў: курыў, глядзеў, як файна атрымалася!

Але ж "ай-ай!" не сказаў ніхто.

Хоць яно і трэба!

Знаходка

Праверана: калі дзяўчыне, што стаіць да вас спінай, крыкнуць: "Эй, прыгожая!", абернуцца нават бабулі.

І галоўнае тады — не маўчаць...

То...

— Эй, прыгожыя! — гучыць аднекуль ззаду (мы з сяброўкай ідзём па рынку). Абарочваемся. Што надзвычай прыемна, крычаць гэта нам. Мужчына... Праўда, з гандляроў, але ж вельмі сімпатычны. З прыязнай усмешкай. І... з ультыматумам:

— Вы павінны нешта купіць...

Спытаць "а чаму гэта мы і раптам павінны?", не паспяваем, ды і не можам, бо для гэтага проста "месца" няма — мужчыну ўжо панесла:

— Вось, рэкамендую, — кажа ён, зняўшы з паліцы нейкую бутэлечку, — незаменнейшы сродак для мыцця пліты! У вас якая?... Гэта — для любой: газавай, электрычнай, варачнай паверхні. Вось так, — бойка расказвае і нават паказвае гандляр (вакол яго ўжо маленькі натоўп): адкрываеце бутэлечку, губкай ці анучкай наносіце і ўсё — можаце гуляць. Праз пяць хвілін увесь бруд адыдзе — вам застанецца хіба зняць яго, змыць. Паверце: ніякіх намаганняў! Больш за тое — вы адзін разок паспрабуеце і ўсё, што для пліт куплялі раней, выкінеце вон. Я вам гарантую!

Гучыць усё вельмі заманліва. Да таго ж той "незаменнейшы" сродак, як той казаў, з розумам разліты: у два віды посуду — велікаваты па памерах (трэба разумець, для тых, хто ўжо "выкінуў усё, што купляў") і зусім невялічкі, а значыць, па кошце вельмі даступны. І можна браць.

...Што цікава — паралельна з намі да гэтай жа высновы прыходзіць яшчэ некалькі жанчын, што спыніліся побач.

А значыць, гаварун — гэта па-ранейшаму знаходка. Прычым цяпер — не толькі для шпіёнаў. Для ўсіх, хто штось прадае.

Кот і кат

Бяда ў гэту сям'ю прыйшла з хваробай — у большасці выпадкаў невылечнай. Але ж яны пазмагаліся. І нават выйгралі — больш за тысячу дзён жыцця, цягам якіх жанчына хадзіла па зямлі, дыхала, мела шчасце бачыць сваіх сямейнічкаў і свой дом.

Цяпер гэткіх жаданняў няма. Ёсць іншае і толькі адно — сысці як мага хутчэй... Каб не пакутаваць болей самой... І не бачыць, як пакутуюць з ёй — дзеці, а найболей — муж...

Надоечы, каб хоць трохі развеяцца, адпачыць, ён узяў "адгул", у спецыяльную сумку пасадзіў ката, сеў у электрычку, паехаў на лецішча. Паглядзеў там на лес, пагаварыў з суседзямі, сабраў ягад, хутчэй па прывычцы — нарэзаў жонцы кветак... Кот — як заўсёды і ўвесь гэты час — хадзіў за ім следам, ці, звесіўшы хвост, сядзеў на слупку. Гаспадар гэта бачыў!

А сабраўся з'язджаць — няма. Паклікаў — не адзываецца, стаў шукаць, пытацца ў сваіх суседзяў (а тыя — у сваіх)... Разам і неяк міжволі на пошук паднялі дзяцей.

У выніку — яго, агульнага любімчыка, такі ж знайшлі (дзякаваць Богу, не дзеці!) — у недалёкай канаве, з праламаным чэрапам, з вырваным вонкі сэрцам...

Што было далей, мужчына амаль не помніў.

Адзінае, чаму рады быў (і тады і цяпер), дык гэта таму, што... хварэе жонка: што яе не было з ім поруч, што яна не бачыла гэтай жуды.

Больш за тое, у цяперашнім стане яна не спытае ўжо пра ката́. А значыць, яму не прыйдзецца ні хлусіць, ні расказваць пра ка́та ці ка́таў. Што аднекуль бяруцца! Што — у абліччы людзей — ходзяць па іх жа сцежках. І зямля іх носіць!

Рэдкае здароўе

Навіну пра тое, што ў дзясяты клас дачка не збіраецца, бацька прыняў спакойна, бо яно ж і сапраўды, мусіць, не варта ў туфлях саракавога памеру хадзіць у школу. Вырасла дзіця. То хай паступае ў нейкую вучэльню, хай атрымлівае прафесію — хоць на памаду сабе заробіць.

"Дзіця", што ўсцешыла, паступіла і адвучылася. Нават папрацавала... Праўда, крыху: сказала, што ёй не падабаецца, што дужа цяжка, і звольнілася. А паколькі іншай, больш лёгкай работы ёй ніхто не знайшоў, два гады без малога сядзіць дома — спіць, штось гатуе і есць, глядзіць серыялы...

Маці маўчыць, ёй нічога не кажа, бо шкода ж: адно дзіця...

Ды і бацька "ўзрываецца" хіба па п'янцы. Але ж тады — крылатым: "Гэта ж якое здароўе трэба мець, каб нічога не рабіць і жыць!".

Хоць стой, хоць падай

"Мы любім бываць у Надзі", — гучала калісь у рэкламе. І ўжо, напэўна, забылася б, калі б мы не бывалі. І не любілі... Яшчэ і таму, што Надзіны дзеці вучаць беларускую.

— Разувацца не трэба, — аднекуль з кухні загадвае, прынамсі, дачка. — Праходзьце ў залу і сядайце там... На дыван.

— ? (Згадзіцеся, досыць нечакана... Але ж добраму чалавечку добра і ў запечку: на дыван дык на дыван, нам не прывыкаць:

— Пакуль мэблі не было, мы таксама гасцей на падлозе прымалі.

— Прычым тут падлога? — з'явіўшыся ў вітальні, акругляе вочы дзяўчынка.

— А што — дыван ваш на сценцы вісіць?..

— Не... Ён стаіць.

За размовай мы заходзім у залу і бачым, што пасадзіць нас хацелі, вядома ж, не на дыван (у сэнсе — не на ковер), а на диван, гэта значыць, на канапу. Ля яе ўжо і столік накрыты — з кубкамі для кавы...

— Во, — смяецца дзяўчынка, — а я ж думала, што диван — у абедзвюх мовах дыван. Ну хіба ж не дурніца?!

Ужо, мусіць, не? Калі прызнае...

А шмат хто — не хоча. Для прыкладу — рэкламнае: "Тот, кто утром кофе пьет, // Целый день не устает", нехта са "знаўцаў" беларускай пераклаў як: "Той, хто ранкам каву п'е,// Цэлы дзень не ўстае".

І потым яшчэ доўга даказваў, што гэта — правільна, бо ёсць жа ў беларускай слова ўставаць?!

...Як і па́даць.

Мы ехалі дамоў...

Той дзень забыўся б, кануў у Лету і "з канцамі", як тысячы іншых... Але...

Мы ехалі дамоў — з мамай.

Аўтобус, калі верыць раскладу, адпраўляўся хвілін праз 30. Не раней. Значыць, у нас заставаўся час — на тое, прынамсі, каб няспешна прайсці па вуліцы — апынуцца ў невялічкай прам- таварнай краме, пахадзіць там паміж паліц.

— Ручнічок во прыгожы, — паказала мама.

І мела рацыю, бо ён — кухонны, звычайны — быў з нейкай незвычайнай тканіны: баваўнянай, але вельмі тонкай, мяккай. Да таго ж размалёўваў яе як быццам не мастак, а бацюхна-мароз, пераблытаўшы з шыбай...

— Бяром? — прапанавала я.

— А колькі ж каштуе? Не дорага? — заклапацілася мама.

Ды хоць бы і вельмі! Я ж зарабляла і, смелая, магла штось дазволіць — сабе. А тым болей — маме...

Тыя два ручнічкі, як і належала, нейкі час новымі паляжалі ў шафе, потым — паслужылі пры гасцях ды на святы, і толькі праз гады яны сталі падручнымі — на кожны дзень.

Састарэлі ўжо, знасіліся — можна б выкінуць...

Але ж тады... знікне з памяці дзень, калі мы ехалі дамоў... З ужо нябожчыцай мамай.

Валянціна Доўнар.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Назіранне (адным радком): у крамцы было столькі розных прысмакаў, так часта мяняліся цэны і асартымент, што толькі праз год, застаяўшыся ў чарзе, пакупнікі ўбачылі......
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика