Глыток жывой вады. 21.by

Глыток жывой вады

28.08.2012 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Ён наталяе смагу ў летні дзень лепш, чым розныя напоі з незразумелымі для беларусаў назвамі

Ну што тут сказаць, вельмі ўжо неадольная спакуса ў некаторых нашых маладых людзей да розных там кока-колы, пепсі-колы, фанты і так далей. Я, калі знаходжуся летам у вёсцы, набіраю з вядра, што ўвесь дзень стаіць каля нашай хаты, паўлітровы слоік звычайнай вады і нетаропка п’ю з вялікай асалодай. Гэта не проста вада, а жывая — так хочацца яе называць за тыя сілы, якія дае чалавеку. Мы на сваёй сядзібе бяром ваду з прабуранай свідравiны глыбінёй аж 27 метраў. І калі наліваем у трохлітровы слоік, то немагчыма вызначыць, дзе тая грань, за якой вада такая празрыстая, як бясхмарнае неба ў лагодную ціхую восень, чыстая, як сляза. А калі наведваюцца да нас сябры, мы перш-наперш з дарогі частуем іх гэтай сваёй вадой. Тыя п’юць, здзіўляюцца і жартуюць: «Ну і вада, ну і смачная! Вось бы ў гарачае лета бочку яе ў Мінск, на Камароўскі рынак — адбою не было б. Мелі б вы добры ўласны бізнес…»

Водныя рэсурсы Беларусі такія велізарныя, што нам цяжка сабе нават уявіць такую страшную з’яву, як бязводдзе. Між тым недахоп вады адчуваецца ў многіх краінах свету, асабліва ў Афрыцы, Азіі. Неяк я гутарыў з тагачасным паслом Кітая ў нашай рэспубліцы спадарыняй У Сяоцю пра тое, у якіх умовах працуюць беларускія і кітайскія земляробы. «Нашым, каб дамагчыся добрага ўраджаю, трэба, акрамя ўсяго іншага, прыкласці шмат сіл, клопатаў, цярпення, — сказаў я. — У Беларусі ж няма чарназёму, глеба беднаватая». — «Але ж вы багатыя на іншае, — запярэчыла пасол. — У вас шмат вады. У Кітаі ж яе не хапае ў многіх правінцыях, там штучны паліў. А многія нашы сяляне носяць ваду на свае агароды нават у вёдрах».

Так, наша прырода, дзякуй ёй, вельмі шчодрая на ваду. І мы настолькі прывыклі да гэтага, што такое воднае багацце ўспрымаем як данасць і неаспрэчнасць. Мо такія часам і неашчадныя пры карыстанні вадой…

Але ж вада — не толькі звычайная вада ў нашым штодзённым гаспадарчым, бытавым разуменні. Яна значыць куды больш у самых розных сваіх праявах. Гэта, бадай, самая адметная, жывая і непаўторная, глыбока арганічная з’ява роднай прыроды. І частка нашай гісторыі. Успомнім, колькі геаграфічных назваў і падзей у Беларусі звязана менавіта з вадой. Той жа старажытны шлях «з вараг у грэкі». Тая ж рака Няміга, загадкавая назва якой, быццам хвалюючае рэха, далятае цяпер да нас з легендарнага «Слова аб палку Ігаравым». Тая ж Бярэзіна, якая калісьці так сурова абышлася з чужаземнымі захопнікамі. Той жа бацька-Нёман, апеты ў народных песнях і цудоўнай паэзіі слыннага беларускага песняра Якуба Коласа. Тая ж велічная, заўсёды задуменная Прыпяць, непаўторная палеская прыгажуня. Тое ж возера Нарач, якое мы па праву называем «беларускім морам»…

Але ж трапяткая і прыгожая душа роднай зямлі жыве не толькі ў нашых вялікіх рэках і азёрах. Яе можна пачуць і адчуць, калі захочаш, у ціхім, пяшчотным гомане маленькай лясной крынічкі. Такое шчасце мне аднойчы выпала, калі некалькі сутак правёў сапраўды ў казачным куточку Беларусі — унікальным прыродным комплексе «Блакітныя азёры», што ў Мя-дзельскім раёне. Далібог, гэтая цудоўная, незвычайна маляўнічая мясціна заслугоўвае цэлай паэмы. Мо з цягам часу і з’явіцца ў Беларусі паэт, каб дастойна яе ўславіць, як, скажам, зрабіў Адам Міцкевіч адносна легендарнага возера Свіцязь.

У чароўнай мясціне, пра якую мой аповяд, можна хоць крыху адысці ад шуму і тлуму вірлівага гарадскога жыцця, усёй душой адчуць веліч і мудрасць амаль некранутай роднай прыроды, дзе ў такім арганічным адзінстве, добрай згодзе, непаўторнай прыгажосці жывуць вада і лес. Стомлены ад гарачыні, сядзеў я апоўдні ля невялічкай лясной крынічкі, чэрпаў прыгаршчамі яе сцюдзёную вадзічку і бясконца піў. І хацелася ў зачараванні пра гэты цуд гаварыць вершамі: «Накінула лета ўзоры// На нашы лясы і палі.// А тут вось — такія азёры,// Як сінія вочы зямлі.// Бруіцца жывая крыніца,// Прысядзь ля яе ў цішыні,// Напіся гаючай вадзіцы// І крыху душой адпачні».

Бываюць сітуацыі, што нават некалькі глыткоў свежай вады даюць чалавеку сілы, а часам і вяртаюць да жыцця. Калі вы, шаноўныя чытачы, былі ў Брэсцкай крэпасці-героі, то, безумоўна, звярнулі ўвагу на скульптуру «Смага» на беразе ракі Мухавец. Знясілены чырвонаармеец дапоўз да берага і цягне руку з каскай да вады. У гэтыя хвіліны ён не звяртае ўвагі на небяспеку, уся яго ўвага і сілы скіраваны на адно — зачарпнуць вады, данесці яе туды, у казематы крэпасці, дзе змагаюцца з шалёным ворагам нашы воіны. Вада неабходна і ім, і раненым, і дзецям, якія паміраюць ад смагі і голаду. Асабліва не хапала вады ва Усходнім форце, немцы ж прастрэльвалі ўсе падыходы да ракі ўдзень і ўначы. І ўсё ж нашы байцы, самыя смелыя і спрытныя, прабіраліся да ракі, рызыкуючы жыццём, прыносілі кацялкі з вадой — хоць па некалькі глыткоў тым, каго яны яшчэ маглі выратаваць…

Што такое сапраўдная смага, я адчуў, калі падарожнічаў па Егіпце. Мы прыехалі ў старажытны горад Луксор на беразе Ніла, і нам наладзілі экскурсію ў знакамітую Даліну цароў. Тут шмат грабніц фараонаў, і ты апынаешся ў такіх даўніх часах, што проста губляешся. Якраз поўдзень, тэмпература паветра 40 градусаў у цяні, а мы ідзём па каменнях і пяску, такім гарачым, быццам ступаем на распаленую патэльню. Думкі адны — піць і піць, як мага хутчэй. Ёсць крыху бутыляванай вады, але ж яна цёплая, без ніякага смаку, зусім не наталяе смагу. Ах, як тады я марыў пра сваю вёску і слоік нашай, беларускай вадзіцы…

Пра ваду можна расказваць бясконца, без яе ж няма жыцця. Глыток вады з лясной крынічкі, ці з вясковай студні, ці з чыстага азярца. Як святое і доўгачаканае прычасце для верніка. Як маленькая, але такая неабходная кожнаму з нас часцінка дабрыні, шчодрасці, жывой сілы ад роднай зямлі-карміцелькі…

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Што такое сапраўдная смага, я адчуў, калі падарожнічаў па Егіпце...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика