Чорны бусел сабраўся ў вырай
07.09.2012
—
Новости Общества
|
У гэтыя дні назіраецца сапраўдны птушыны рух. Аднымі з першых спяшаюцца ў цёплыя мясціны чорныя буслы. Восеньская птушыная міграцыя праз нашу тэрыторыю рэдка калі абыходзіцца без вымушаных пасадак для своеасаблівай "дазапраўкі". І таму вераснёвыя зборышчы чорных буслоў на прыпяцкіх берагах і азярынах — з'ява не рэдкая. Птушкі рыхтуюцца ў далёкі шлях да Афрыкі і на Паўднёвы Усход Азіі. Узмоцненае харчаванне і добры адпачынак дадуць буслу сілы на доўгі пералёт. А лепшага месца, чым прыпяцкія поймы, гэтаму чырванадзюбаму выраю ў Беларусі, бадай, не знайсці. Паплавы і нізіны маюць даволі багаты рацыён для буслінага сталавання, на мелкаводдзі шмат рыбы. Даволі асцярожны ў час гнездавання, чорны бусел гэтай парой не надта спешна кідаецца адлятаць, пабачыўшы небяспеку ў выглядзе чалавека. Алё ўсё роўна птушкі гэтыя надзвычай недаверлівыя і выбіраюць для пастою максімальна адкрытыя пляцоўкі — каб мець добры агляд. Таму зрабіць фотаздымкі з блізкай адлегласці і без добрай маскіроўкі практычна немагчыма. А здымаць чорнага бусла зблізу неверагодна займальна. На сонейку адзенне гэтай птушкі чорным зусім не здаецца, бо яно насамрэч з перламутравымі адлівамі зялёнага і сіняга колераў. Калі фактары непакою адсутнічаюць, бусліная чарада можа знаходзіцца на адным месцы літаральна цэлы светлавы дзень. У такія часіны птушкі занятыя сваім знешнім выглядам, чысцяць пёркі, прыхарошваюцца. Як правіла, буслам з сёлетніх вывадкаў не надта вялікая спакуса застойвацца на адным месцы, і маладняк час ад часу ўзмывае ў неба пад самыя аблокі. Калі ж раптам нешта занепакоіць чараду, а яна можа дасягаць нават 50 асобін, тады яе толькі і бачылі. Магчыма, буслы зробяць яшчэ не адно прызямленне, але хутчэй за ўсё, яны, развітальна пакружыўшыся, роўным шнурам пацягнуцца на поўдзень. Анатоль Кляшчук. Фота аўтара. Жыткавіцкі раён. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У гэтыя дні назіраецца сапраўдны птушыны рух. Аднымі з першых спяшаюцца ў цёплыя мясціны чорныя буслы. Восеньская птушыная міграцыя праз нашу тэрыторыю рэдка калі... |
|